Гервяцкая РАПСодыя, Ці чым займаюцца ў цэху па перапрацоўцы насення крыжакветкавага

17:45 / 24.04.2024


Памяшканне для захоўвання рапсу

Не сакрэт, што да 65-70% прыбытку прыносіць жывёлагадоўля. У тым ліку ад яе патрэбаў залежыць структура пасяўных плошчаў. На працягу апошніх гадоў у КСУП «Гервяты» сеюць крыжакветкавы на тысячы гектарах, а гэта ажно 34% ад раённых плошчаў. Такія аб’ёмы вырошчвання гэтай культуры цалкам апраўданы: з красавіка 2022 года ў гаспадарцы працуе цэх па перапрацоўцы насення рапсу.

Некалькі гадоў назад КСУП не стаў траціць грошы на будаўніцтва з нуля будынка пад гэтую лінію. На тэрыторыі цэха па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы адрамантавалі вялікае памяшканне, дзе і «прапісалася» ўстаноўка па перапрацоўцы рапсавага насення.

– Я тут з пачатку адкрыцця лініі. Да гэтага працаваў на зернесушылцы, быў токарам, трактарыстам. З калегамі прайшлі спецыяльнае навучанне. Сістэма кіравання камп’ютарная аўтаномная, яна ж адразу паведаміць пра паломку, якую давядзецца выпраўляць уручную. Таму аператарамі на лініі працуюць выключна мужчыны, акрамя мяне гэта Юрый Баравік, Януш Навашынскі і Аляксандр Смольскі, – патлумачыў прэсоўшчык-адціскальшчык Генадзь Лабачэўскі. – Напачатку былі праблемы: не да канца апрацоўваліся зярняты. Прадстаўнікі фірмы, дзе набывалі лінію, наладжвалі яе. Цяпер сістэма працуе, нібыта гадзіннік, кругласутачна. Гэта абумоўлена тым, што, калі спыніць лінію, потым будзе складана ізноў яе запусціць у эксплуатацыю. Таму з напарнікамі працуем па чарзе: суткі праз трое. 


Прэсоўшчык-адціскальшчык Генадзь Лабачэўскі


На маніторы камп’ютара бачны ўвесь працэс работы лініі

Лінія па перапрацоўцы рапсу дзейнічае ў аўтама­тыч­ным рэжыме. Задача аператара – сачыць за камп’ю­тарам і кантраляваць працэс. Да слова, за змену праз здрабняльную ўстаноўку праходзіць каля 15 тон рапсу, які механізавана загружаецца двойчы ў спецыяльныя рэзервуары. 

– Зазначу, што наша вытворчасць амаль безадходная. На выхадзе атрымліваем каля 60% жмыху, 39% алею і 1% вадкіх і сухіх адходаў, якія выкарыстоўваюцца для кармлення быкоў і падсцілкі, – патлумачыла інжынер-тэхнолаг Дар’я Часнойць. 


Інжынер-тэхнолаг Дар’я Часнойць

Але перш чым стаць спажыўнымі грануламі і духмяным алеем, рапсавае насенне праходзіць некалькі тэхналагічных этапаў апрацоўкі. 

Спачатку чорныя бубкі трапляюць у прыёмны пункт, потым ачышчаюцца ад розных прымесей і трапляюць у накапляльнік. Дзякуючы маніпуляцыям першага прэса алей адціскаецца халодны, другога – гарачы. Масу, якая засталася, экструдар здрабняе і награвае да 96 градусаў. На выхадзе атрымліваецца жмых, а алей праходзіць фільтрацыю і трапляе ў спецыяльныя ёмістасці-накапляльнікі. Усяго ўсталявана чатыры такія рэзервуары рознага аб’ёму, пачынаючы ад 3-х тон і заканчваючы 8-мю. 

– За змену вырабляем каля 5 тон алею, які раз у тры-чатыры дні сваім транспартам забірае пакупнік, з якім заключаны дагавор, – працягвае інжынер-тэхнолаг. – У сістэме фіксуюцца ўсе дадзеныя. Напрыклад, за час работы лініі мы атрымалі звыш 2 208 літраў адфільтраванага рапсавага алею. 


Лінія апрацоўкі рапсавага насення

Жмых уласнай вытворчасці – адзін з кампанентаў камбі­кормавай сумесі, якая трапляе на кармавыя сталы буйной рагатай жывёлы. Гэта дазваляе гаспадарцы эканоміць срод­кі на набыцці бялковай сыравіны. 

Як сцвярджаюць спецыялісты, неаспрэчнай перавагай рапсавага жмыху ў рацыёне пагалоўя з’яўляецца яго высокая спажыўная каштоўнасць і дастаткова нізкі кошт атрымання бялку з гэтага корму. Што ў сваю чаргу дазваляе замяніць у рацыёнах розных груп больш дарагі пакупны шрот. 


Так выглядае рапсавы жмых 

– Мне падабаецца мая работа, сачыць за працэсам работы рапсавай устаноўкі, рабіць справаздачы і ўвогуле весці ўсю дакументацыю па аб’екце, – расказвае Дар’я Часнойць. – Акрамя гэтага, вясной адказваю за бульбасховішча. Летам – за зернесушылку. Хоць сёлета тэрмін маёй адпрацоўкі заканчваецца, планую застацца ў КСУП «Гервяты». Добраўпарадкаваную кватэру далі, зарплату атрымліваю добрую. Ды і куды я без цэха? За гэты час прывыкла да гуку працуючых механізмаў, як і да прыемнага водару свежа адціснутага рапсавага масла… 



Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич