На Астравеччыне стартавала акцыя “Тыдзень лесу”
Сотні нераўнаўнадушных людзей адгукнуліся на прапанову Астравецкага лясгаса паўдзельнічаць у традыцыйнай добраахвотнай рэспубліканскай акцыі “Тыдзень лесу”. Сёлета астравецкія лесаводы прысвяцілі яе 75-годдзю вызвалення Беларусі і Астраўца ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75-годдзю з дня ўтварэння Гродзенскай вобласці.
Садзіць лес у гэтым годзе пачалі значна раней, чым летась у сувязі з сухой вясной. Больш за два тыдні вясковыя і гарадскія школьнікі ўжо дапамагаюць лесаводам аднаўляць галоўнае багацце нашай краіны – лясы. Учора на пасадку леса выйшлі дэпутаты, а сёння, першы дзень Тыдня лесу, стаў самым масавым. Па аператыўных даных Астравецкага лясгаса, больш за 200 чалавек з самай раніцы далучыліся да акцыі – гэта і кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй Астравецкага раённага выканаўчага камітэта Ігарам Шалудзіным, працоўныя калектывы, валанцёры, актывісты грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь”, “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, “Беларускі саюз жанчын”…
Пасля кароткага інструктажу па тэхніцы бяспекі ўдзельнікі разбіваліся на пары і з ахвотай браліся за справу.
Сімвалічна, што многія на пасадку леса прыехалі разам з дзецьмі. Начальніку раённага аддзела ўнутраных спраў Дзмітрыю Місюку дапамагалі садзіць лес дзеці – Варвара і Данііл: яны беражліва апускалі ў зробленыя з дапамогай мяча Колесава лункі сеянцы елкі, прыгортвалі зямлёй і абтопвалі.
– На жаль, жонка сёння на рабоце, таму садзім лес разам з дзецьмі, – расказаў Дзмітрый Аляксандравіч. – Удзельнічаць у добрых справах і жыцці грамадства, можна сказаць, –наша сямейная традыцыя, і гэта тычыцца не толькі пасадкі лесу.
– Я вельмі люблю прыроду! І з задавальненнем сёння прыехаў садзіць лес, – пацвердзіў татавы словы Данііл.
Бадай што самую адчувальную дапамогу ў пасадцы лесу сёлета атрымала Варнянскае лясніцтва, якое летась найбольш на Астравеччыне пацярпела ад ураганнага ветру: стыхіяй было знішчана 170 гектараў лесу, да слова, 110 з якіх агульнымі намаганнямі лесаводаў, школьнікаў і нераўнадушных людзей ўжо адноўлена.
У ройсце, як клікалі знішчаны стыхіяй лес мясцовыя жыхары, сёння з самай раніцы кіпела работа: на расчышчаных дзялянках актывісты грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, прадстаўнікі працоўных калектываў разам з лесаводамі садзілі сеянцы сасны і елкі з закрытай каранёвай сістэмай. Вырошчваць расліны на скандынаўскі манер у лесагадавальніку Астравецкага лясгаса пачалі некалькі гадоў назад – і дастаткова паспяхова. Па словах спецыялістаў, прыжываемасць такіх раслін значна лепшая, чым вырашчаных у адкрытым грунце…
…Лес ужо пасаджаны на плошчы больш за 300 гектараў з 360 запланаваных. Тыдзень лесу працягваецца – і ў вас яшчэ ёсць час пасадзіць сваё дрэва.