Дэпутаты садзілі лес
Традыцыйна дэпутаты раённага і сельскіх Саветаў дэпутатаў становяцца актыўнымі ўдзельнікамі акцыі па пасадцы лесу. Сёлетні год не стаў выключэннем.
Выяздное пасяджэнне прэзідыума і пастаянных камісій раённага Савета дэпутатаў прайшло на базе Астравецкага лясгаса.
– Вясна – час навядзення парадку на зямлі. Мы паглядзелі, у якім стане знаходзяцца аб’екты лясгаса і далучыліся да акцыі па пасадцы дрэў, прымеркаваўшы яе да Года малой радзімы, 75-годдзя з дня ўтварэння Гродзенскай вобласці і 75-годдзя з дня вызвалення нашай краіны і Астраўца ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, – расказала старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук.
Асабістым прыкладам дэпутаты заклікалі ўсіх пасадзіць сваё дрэва.
– Кожны з нас мае свае прафесійныя абавязкі, але знайшлі некалькі гадзін, каб далучыцца да добрай справы, – гаворыць дэпутат раённага Савета Юрый Грыневіч. – Магчыма, праз сотню гадоў хтосьці пабудуе з нашага леса дом і будзе жыць у ім у шчасці і радасці!
ЛІЧБА
Як расказаў дырэктар Астравецкага лясгаса Рыгор Долгі, на Астравеччыне сёлета плануецца пасадзіць 360 гектараў. Працаўнікі многіх арганізацый, прадпрыемстваў і устаноў, школьнікі і работнікі лясніцтваў і лясгаса ўжо пасадзілі 280 гектараў. Засталося не так і шмат – пасадзіць сваё дрэва можа і павінен кожны з нас!