Знакомьтесь: искренний и весёлый Иван Рогач!

15:07 / 24.10.2016
%d1%80%d0%be%d0%b3%d0%b0%d1%87Кожная юбілейная дата – нагода для таго, каб яшчэ раз, як кінастужку, пракруціць у памяці  асноўныя падзеі жыцця, падвесці вынікі адной дзесяцігодкі і распланаваць наступную.   

Менавіта так адносіцца да свайго 60-годдзя, якое ў адзін з апошніх дзён верасня  напаткала  яго на парозе дома пры выхадзе на работу,  астраўчанін Іван Іванавіч Рогач.

Эх, дарогі...


Супраненцкі хлопец Ваня Рогач закончыў Нястанішскую школу, што знаходзілася ў суседнім Смаргонскім раёне, – туды  дзецям з Супранентаў было бліжэй дабірацца, і вырашыў паступаць у Вільнюс, дзе вучылася на той час сястра. Здаў экзамены ў СПТВ №34 – і, здавалася, “злавіў за хвост” сваю мару стаць машыністам: у вучылішчы запэўнілі, што юнак паступіў і нават месца ў інтэрнаце выдзелілі. Але 29 жніўня па пошце прыйшлі дакументы, у якіх значылася “не прайшоў па конкурсу”.

Куды было дзявацца, калі навучальны год на носе? “Выручыла” Камароўскае вучылішча, якое Ваня закончыў па скарочаным тэрміне – за год, і выйшаў адтуль трактарыстам. “Дыплом” з адзнакай даваў магчымасць вывучыцца на майстра вытворчага навучання, але Іван вырашыў не працягваць вучобу – яму, як і многім іншым яго аднагодкам, хацелася рамантыкі.

Хто шукае, той знаходзіць: Іван Рогач разам з камароўскімі аднагрупнікамі паехаў на цаліну ў далёкі Паўночны Казахстан – дапамагчы збожжа ўбраць і сябе выпрабаваць. Там кожны з іх не толькі, як марыў, на трактары і камбайне “пакатаўся”, але і працаваў да дзясятага поту.

Рогачу даверылі камбайн з прыгожым і магутным “імем”  “Сібірак”.

– Слёз шмат было, – успамінае мужчына. – Мы ж зусім яшчэ дзеці, а праца цяжкая, тэхніка дабітая. Кругом стэп, і на дваццаць кіламетраў вакол – ні душы, толькі наш стан, майстар і яго жонка, якая працавала  поварам… Ці зарабілі грошай? На дарогу дадому хапіла.

У лістападзе, вярнуўшыся ў родныя мясціны, Ваня ўладкаваўся на працу ў Ашмянскае будаўніча-мантажнае ўпраўленне, дзе яго пасадзілі на трактар Т-40. А калі цэнтр занятасці прапанаваў атрымаць правы шафёра, ён згадзіўся – і ўжо ў жніўні здаў усе “вадзіцельскія” экзамены – толькі правоў не атрымаў: на той момант хлопцу не хапіла аднаго месяца да 18 гадоў. Прыйшлося вярнуцца на папярэдняе месца працы – толькі цяпер юнак сеў на трактар ДТ-75.

– Трактар вялікі,  дрэвы карчаваць цяжка, – расказвае Іван Іванавіч. – А мне і дваццаці гадоў не было… Бацька прыходзіў дапамагаць.

Але тут армія “падаспела”. Служыў Рогач у Барысаве: быў вадзіцелем на “Урале”, затым – асабістым вадзіцелем камандзіра роты. Менавіта армія, па словах Івана Іванавіча, дала яму не толькі дысцыпліну, але і навыкі ваджэння велікагрузных машын і другі клас (катэгорыі B, C, СE або  B, C, D (аўтобус), ці D, СE. – Заўв.аўт.), што, як спадзяваўся хлопец, дапаможа яму ўладкавацца на фуру.

Працоўнае месца “фуршчыка” Іван Рогач адправіўся шукаць у Астравец – дакладней, у аўтапарк №4. Не атрымалася. Але работа вадзіцеля аўтобуса трымала яго сэрца і душу ажно 18 гадоў.

– Я “аўтобуснік” – і ім застануся, – прызнаецца Іван Іванавіч. – Не на трактары і не на “грузавіку”, а менавіта за рулём аўтобуса я адчуў сябе на сваім месцы. І менавіта ў аўтапарку №4 прайшлі мае лепшыя працоўныя гады.

%d1%80%d0%be%d0%b3%d0%b0%d1%871

%d1%80%d0%be%d0%b3%d0%b0%d1%872Мужчына і цяпер, нібы гэта было  ўчора, памятае, як у 1978 годзе яму даручылі прыгнаць у Астравец  новы аўтобус, які адрозніваўся ад іншых  якасцю зборкі, камфортам і нават колерам – яны прызначаліся для алімпіяды ў Маскве.

Але любімыя “ЛАЗы” і “ПАЗікі”, як і брыгаду вадзіцеляў, якія за шмат гадоў працы сталі адной дружнай сям'ёй,  прыйшлося пакінуць: разруха дайшла і да далёкага Астраўца – у аўтабазе насталі цяжкія часы.

…Марыя Нікадзімаўна Ігнатовіч, дырэктар райгаза, ведала Івана Рогача. І прапанавала яму працу на “аварыйцы”, дзе ён і застаўся да той самай ўзроставай мяжы,  якая чамусьці палохае многіх. Толькі не такіх, як Іван Іванавіч Рогач!

%d1%80%d0%be%d0%b3%d0%b0%d1%873

У горы і ў радасці


Вяселле калегі Анатоля Ігнатовіча аказалася для Івана лёсавызначальным. Асістэнтку, з якой павінен быў “гуляць” вяселле, ён не ведаў, таму вельмі хваляваўся. Убачыўшы Ядзю, Ваня выдыхнуў: “З ёй – буду”.

І быў – не два дні, а амаль два дзесяцігоддзі, пакуль яго суджаная не згасла ад пакутлівай і на той час малавядомай хваробы…

Ваня і Ядзя пажаніліся ў 1979 годзе – на Новы год. Трыццаць тры градусы марозу не спалохалі маладых і  іх гасцей – на “канцы” жаніха гулялі з суботы ажно да аўторка. Запомнілі гэтае вяселле і дзяўчаты-асістэнткі: адна каленкі адмарозіла, другая шчокі…

Іван Іванавіч і сёння жыве ў Астраўцы, у тым доме, які яны з Ядзяй купілі недабудаваным і ў які шмат улажылі, каб зрабіць яго сапраўдным сямейным гняздзечкам, дзе нарадзіліся і выраслі іх дочкі – Алена і Ганна.

%d1%80%d0%be%d0%b3%d0%b0%d1%874– Мая Ядзя пайшла з жыцця, калі дзяўчаткі яшчэ вучыліся ў школе, – расказвае Іван Іванавіч, і зараз, праз шмат гадоў, яго голас дрыжыць ад глыбока схаванага болю.

Урачы паставілі дыягназ “тром-бафлебіт” і ўсяляк спрабавалі “прагнаць” тромб, які, на іх думку, утварыўся ў  назе: спачатку яна апухла толькі да “костачкі”, а потым – усё вышэй. І толькі прафесар у Вільнюсе вызначыў, што гэта “простае запаленне лімфавузла” ў пахвіне.

– Простае, ды не простае, – з камяком у горле тлумачыць Іван Іванавіч. – Лячыць “правільна” ўжо было позна – пайшлі метастазы…

Яны змагаліся – разам, бо перажыць такое ў адзіноце было б немагчыма.

– На суботу і нядзелю я прывозіў Ядзю з Бараўлян дахаты, бо доўга на бальнічным ложку не вытрымаеш, – працягвае мужчына. – “Хіміі”, абпраменьванне, некалькі разоў выпадалі валасы… Пяць гадоў мы трымаліся. А затым урачы прапанавалі “далечвацца” дома… Ну як было растлумачыць ёй, што ўжо – усё?..

Была апошняя надзея – “на-родная дакторка” з Гродна. Яна запэўніла жанчыну, што тая спра-віцца з хваробай. Дамоў Ядзя вярнулася супакоеная і  шчаслівая.

Гэта было ў сакавіку, а ў лістападзе  яе не стала…

Разам


Тры гады Іван Іванавіч, як мог і ўмеў, спраўляўся па гаспадарцы, заплятаў коскі дочкам, вучыў з імі ўрокі, гатаваў і прыбіраў…

– А аднойчы зразумеў, што ўсё гэта мне апастылела, –  прызнаецца ён. – І хутка на адным юбілеі сустрэў  Галю.

Яны прасядзелі за размовай усю ноч – выслухалі і зразумелі адзін аднаго. Нейкі час сустракаліся – употайкі, каб дочкі, якіх Іван Іванавіч любіць больш за ўсё ў свеце, не сказалі: “Бацька, ты што – з глузду з'ехаў?”

Але аднойчы ён рашыўся перад імі раскрыцца, а Галі  пра-панаваў пераехаць да яго жыць. Яна, мудрая і разважлівая жанчына, хоць пераезд са Смаргоні з дачкой-школьніцай даўся нялёгка, змагла знайсці падыход да дзяўчат і нават стала іх сяброўкай.

– З Рэнатай, дачкой Галі, спачатку было складана,– дзеліцца Іван Іванавіч. – Яна адносілася да нас вельмі насцярожана. Але сёння ў мяне тры дачкі, я – шчаслівы дзед. І з Галяй мы жывём добра, хоць я на 12 гадоў старэйшы.

*Спыняцца на дасягнутым не хочацца – ёсць яшчэ порах  у маіх парахаўніцах.

*Я “ідэйны” чалавек: шмат у маёй галаве розных цікавых ідэй.

*Крэпкі я мужык – фізічна, па натуры – мяккі.

*Калі пайду на пенсію, мабыць, буду пісаць мемуары: шмат цікавага можна расказаць людзям.

Шчыры, надзейны, вясёлы і добразычлівы чалавек, руплівы гаспадар, Іван Іванавіч усё жыццё кіруецца прынцыпам: галоўнае ў чалавеку – дабрыня. І гэтай дабрыні, па словах яго родных, у яго самаго аж занадта. Толькі не ўмее ён жыць па-іншаму, ды і не хоча. Можа, таму дзверы яго дома, дзе раз-пораз падае голас чайнік, заўсёды адчынены для сяброў і знаёмых. Ды і на юбілей  Івана Іванавіча Рогача сабралася больш за паўсотні чалавек – гэта без уліку тых, у каго не атрымалася. Але яны абяцалі абавязкова прыехаць, каб адзначыць – не мяжу, а пачатак новага, не менш цікавага і “ідэйнага” жыцця свайго родзіча, калегі, сябра.

Вольга ХАЦЯНОВІЧ.