В следующую пятницу в Островце выступит Валерий Дюмин. В преддверии концерта "полковник, который поёт", дал интервью "АП"

11:18 / 24.09.2016
1
%d0%b4%d1%8e%d0%bc%d0%b8%d0%bdУ наступную пятніцу на свой канцэрт астраўчан запрашае Валерый Дзюмін – “палкоўнік, які спявае”. Наш зямляк – ураджэнец Ашмян, інжынер, кадравы ваенны, памочнік дэпутата расійскай Дзяржаўнай Думы, старшыня праўлення кааператыва індывідуальных забудоўшчыкаў, які пры ўсім гэтым час ад часу бярэ ў рукі гітару і спявае песні, якія кранаюць душу.

Напярэдадні канцэрта мы сустрэліся з Валерыем Міхайлавічам, папрасілі яго адказаць яго на некалькі пытанняў і даць аўтограф для чытачоў “Астравецкай праўды”.

– Ураджэнцы Ашмян – многія з іх ужо сталі астраўчанамі – напэўна, ведаюць вас. А для тых, хто не хадзіў з Валеркам Дзюміным у адзін клас і не жыў з ім на адной вуліцы, раскажыце крыху пра сябе.

– Так, сапраўды, я нарадзіўся і вырас у Ашмянах. Хадзіў спачатку ў СШ №1, а калі пабудавалі другую школу – яна была бліжэй да нашага дома, перавёўся туды. Вучыўся нядрэнна – праблем бацькам не дастаўляў. Актыўна займаўся спортам – у Ашмянах прадстаўнікі старэйшага пакалення, напэўна, больш ведаюць мяне як футбольнага варатара: ужо ў 7-м класе я гуляў за зборную горада на першынстве вобласці. Акрамя таго, быў актыўным удзельнікам мастацкай самадзейнасці, з канцэртамі і падчас спартыўных спаборніцтваў часта бываў у Астраўцы. Тут у мяне таксама шмат даўніх знаёмых і сяброў. І ўвогуле, Ашмяны, Астравец – для мяне гэта месцы родныя, свае. Магчыма, нехта памятае: у 2008 годзе я выступаў у Астраўцы з канцэртам на Дзень Незалежнасці – прама на вуліцы, на пляцоўцы каля пошты. Мне здаецца, людзям тады спадабалася – і мне таксама запомнілася гэтая сустрэча з землякамі.

– Наколькі я ведаю, вы – кадравы ваенны і займалі даволі высокія пасты…

– Так, пасля школы я паступіў у ваенную акадэмію на інжынерны факультэт – прадметам нашага вывучэння былі станцыі навядзення ракет. Дарэчы, акадэмію я заканчваў двойчы: у другі раз – факультэт кіруючага саставу.

Па службовай лесвіцы прасоўваўся даволі хутка: званне маёра атрымаў у 30 гадоў, палкоўніка – у 37. Да выхаду ў адстаўку служыў у Генаральным штабе. Але пасля падзей 1993 года падаў рапарт аб адстаўцы. Гэта было свядомае рашэнне. Вы, напэўна, памятаеце той момант, калі танкі прамой наводкай білі па вокнах Белага дома? Для многіх ваенных гэта было крушэннем усяго, у што яны верылі, чаму прысягалі: армія страляе ў свой урад! Гэта нонсенс! Многія тады зламаліся – я ж проста пакінуў службу.

Без працы не сядзеў ні дня – той, хто хоча, заўсёды знойдзе работу. Апошнія 22 гады з’яўляюся старшынёй праўлення кааператыва індывідуальных забудоўшчыкаў – які, уласна кажучы, і ствараўся пры маім непасрэдным удзеле і, можна сказаць, пад маім кіраўніцтвам. Гэта цэлы пасёлак у Адзінцоўскім раёне Падмаскоўя: 300 гектараў зямлі, 2 тысячы катэджаў, больш чым 8 тысяч жыхароў, 38 кіламетраў унутраных дарог, усе камунікацыі, паўсотні чалавек адміністрацыі – словам, гаспадарка даволі клопатная.

Акрамя таго, апошнія дванаццаць гадоў я з’яўляюся памочнікам дэпутата Дзяржаўнай Думы і напрамую ўдзельнічаю ў працэсе законатворчасці.

– Прабачце, але ўсё гэта неяк мала спалучаецца з творчасцю, музыкай, песняй. Гэта ў вас адкуль?

– Ад мамы – у яе быў цудоўны голас. І калі я перайшоў у другую школу, яна падышла да настаўніка музыкі і папрасіла пазаймацца са мной асабіста – я яму ўсё жыццё ўдзячны за тыя першыя ўрокі вакальнай граматнасці.

Затым, калі вучыўся ў акадэміі, на мой голас звярнула ўвагу Валянціна Аляксееўна Кітаева – і таксама займалася са мной усе пяць гадоў, пакуль я вучыўся.

І ўсё жыццё, дзе б я ні служыў, з песняй не развітваўся: па меры магчымасці спяваў, выступаў – хоць напачатку, падчас баявых дзяжурстваў рабіць гэта было даволі складана.

– Тады яшчэ адно пытанне з прыстаўкай “прабачце”: навошта вам гэта трэба?

– Для мяне гэта своеасаблівы рэлакс. Калі ўвесь час знаходзішся ў клопатах, напружанне нарастае – і ўзнікае патрэба адпачыць. Тады еду куды-небудзь з канцэртам – і калі адчуваю залу, гледача, бачу, як людзі адгукаюцца на мае песні, адчуваю, што змог данесці да іх свае перажыванні і ў адказ атрымаць тыя ж эмоцыі – тады адбываецца нейкае ўнутранае абнаўленне. І зноў можна жыць і працаваць!

– У такім разе – ці не хацелася кардынальна змяніць род дзейнасці і заняцца выключна творчасцю, музыкай?

– Не. Хоць я збіраю даволі вялікія залы, неаднойчы выступаў на плошчах з такімі вядомымі калектывамі, як групы “Рукі ўверх”, “Дзюна”, усё ж даволі самакрытычна адношуся да сваёй творчасці. І хоць музыка іграе ў маім жыцці вельмі вялікую і важную ролю, усё ж яна – не на першым месцы.

– Як вы падбіраеце рэпертуар? Якой павінна быць песня, каб захацелася яе праспяваць?

– У першую чаргу ў ёй павінен быць глыбокі сэнс – а ўжо мая задача, як выканаўцы, – данесці гэты сэнс да гледача, прымусіць яго адчуць тое, што адчуваў аўтар, калі пісаў песню, тое, што адчуваю я, калі спяваю яе – усе нюансы, перажыванні, сумненні, радасць.

У маім рэпертуары 67 песень. На канцэрце гучыць звычайна 20-25 – і я сам непасрэдна перад канцэртам вызначаю, што буду сёння спяваць, кіруючыся пры гэтым найперш сваім настроем і ўнутраным пачуццём. Часам мой выбар не разумеюць мае памочнікі – але гэтае адчуванне таго, што сёння патрэбна гледачу, ніколі не падводзіла: як правіла, песні знаходзяць водгук ў зале.

– На свае канцэрты білеты вы не прадаяце. А чаму? Для вас жа яны зусім не бясплатныя: апаратура, аранжыроўкі песень, паездкі – усё  патрабуе грошай.

– Мне падабаецца рабіць для людзей нешта прыемнае, дастаўляць ім радасць. І гэта тычыцца не толькі музыкі. Увогуле, калі дапамагаеш людзям, адчуваеш ні з чым непараўнальнае задавальненне – гэтае адчуванне не купіш ні за якія грошы.

– Вы сын дзвюх краін– Беларусі і Расіі, двух народаў. Дзе вы лепш, больш камфортна сябе адчуваеце?

– Памятаеце бессмяротныя словы Грыбаедава – “і дым Айчыны салодкі і прыемны…”. Тут, на радзіме, усё іншае – і паветра чысцейшае, і сонца ярчэйшае. Як жартуюць у такім разе, тут і вада макрэйшая, і цукар саладзейшы… І чым больш праходзіць часу, тым больш мяне цягне на радзіму. Таму я бываю тут даволі часта – з канцэртамі і проста так. Тым больш, што тут жывуць дарагія мне, блізкія і родныя людзі – сястра, пляменнікі…

%d0%b4%d1%8e%d0%bc%d0%b8%d0%bd001– Што б вы хацелі сказаць людзям, якія разважаюць: варта 30 верасня пайсці на канцэрт Валерыя Дзюміна – ці лепш паляжаць на канапе і паглядзець серыял?

– Канешне, кожны сам вызначае, як яму лепш правесці свой вольны час. Але тыя, хто прыйдзе на мой канцэрт, я думаю, не пашкадуюць і не палічаць гэты час страчаным: мы разам зможам перажыць шмат прыемных момантаў – часам павесяліцца, а ў пэўныя моманты – задумацца над нейкімі лёсавызначальнымі момантамі жыцця…

– Ну што ж, тады – да сустрэчы!

Гутарыла Ніна РЫБІК.