"Репортёр выходит в свет". О какой машине вы мечтаете?

16:00 / 27.10.2014
1
Учора ўсё братэрства аўтааматараў нашай краіны будзе адзначала сваё прафесійнае свята – Дзень аўтамабіліста і дарожніка. За апошні час аўтамабіляў стала так шмат, што для іх не хапае месца на стаянцы каля дома, а два-тры аўто на сям’ю – таты, мамы і дарослага сына ці дачкі – ужо нікога не здзіўляе. І на машыны, як на паліто і боты, таксама існуе мода…

Дык на чым жа “перамяшчаюцца” па раёне і краіне астраўчане і на чым хацелі б – з гэтым пытаннем і выйшаў на вуліцы райцэнтра карэспандэнт “АП”.


Мікалай Рак, пенсіянер:

– Я аўтамабіль ваджу з 1962 года, сёлета “націкала” ўжо 42 гады. Яшчэ падчас службы ў арміі тры гады ў ваеннай аўтаінспекцыі “адмахаў”, ды і потым шмат на чым ездзіў, нават на аўтакране давялося ў нас, у Астраўцы, папрацаваць.

Зараз маю “Фальксваген Гольф ” і, шчыра скажу вам, цаны гэтай машыне няма. Калі і прапанавалі б памяняць на іншую, навейшую, то зноў “Гальфа” выбраў бы. У новыя напіхаюць электронікі, індыкатараў, засцерагальнікаў – чорт галаву зломіць. А тут – чыстая механіка, адразу зразумела, у чым праблема, калі яна ўзнікае.


Ангеліна Жамойць, вучаніца 9 класа гімназіі №1 г.Астраўца:

– Мне яшчэ рана марыць пра асабісты аўтамабіль – правоў у мяне няма, ды і васямнаццаць яшчэ не  споўнілася. Але мне бацька ўжо даваў пасядзець на вадзіцельскім месцы і патрымацца за “баранку”. Мне вельмі спадабалася,  але пакуль я кірую толькі веласіпедам (смяецца).

З машын мне найбольш падабаюцца “Ламбарджыні” і “Інфініці”, асабліва чырвоная ці чорная. Хачу сабе калі-небудзь адно з такіх аўто займець, бо, па-першае, яны магутныя, а па-другое – прыгожыя. Канешне, машына – гэта найперш сродак перамяшчэння, але перамяшчацца таксама трэба прыгожа (смяецца).


Ігар Прусакоў, пенсіянер (без фота):

– Калі я набыў сваё першае асабістае аўто, то гэта была значная падзея: на той момант у Астраўцы ўвогуле машын, можа, пяцьдзясят якіх было. А купляў я тады “ВАЗ-21013”. Ён і зараз стаіць у гаражы, час ад часу я на ім выбіраюся ў лес па грыбы ці па ягады.

А марай маёй была “Аўдзі-80”. І яна спраўдзілася: зрабіў сабе падарунак – купіў нядаўна. Лічу, што шмат ёсць добрых машын: “Субару”, напрыклад, – той яшчэ ўсюдыход, ды і джыпаў моцных хапае. Але, на мой погляд, самыя “прадуманыя” ўсё ж германскія машыны. Спадзяюся, што і наш аўтапрам калі-небудзь дасягне такога ж узроўню.


Дзмітрый Вінікаў, вадзіцель, Рэспубліканскі цэнтр радыяцыйнага кантролю і маніторынгу навакольнага асяроддзя:

– Я за рулём з 1980 года – з таго часу, як у армію пайшоў і за “баранку” сеў. Якіх толькі аўтамабіляў ні пабачыў і якімі толькі ні кіраваў: “ГАЗ-69а”, “УАЗ-452”, “УАЗ-469”, “ЗІЛ-5545”, “Масквіч-2715”, “ГАЗ-2410”, “ЛАЗ-695”… Зараз на “Мэрсэдэсе-208Д” езджу.

А ў асабістым карыстанні ў мяне “Фальксваген” універсал 2011 года. Ну, а калі крыху памарыць, то сабе хацеў бы хіба больш новы “Фальксваген” або “Мэрсэдэс”, бо лічу нямецкі аўтапрам адным з лепшых у свеце. Амерыканскі таксама надзейны, але да амерыканскіх машын у нас складана запчасткі знайсці, а заказваць “з-за акіяна” – дорага і доўга.


-------------------------------------------------

Гутарыў Антон ЧЫК, фота аўтара.