Адам Осипович Мальдис отметил 60-летие своей литературной деятельности

11:00 / 08.09.2014
Імя Адама Восіпавіча Мальдзіса сёння ведае кожны жыхар Астравеччыны, які цікавіцца гісторыяй і культурай сваёй Радзімы, і амаль кожны беспамылкова зможа назваць асноўны накірунак яго дзейнасці – гісторыя развіцця беларускай культуры.

Журналіст па адукацыі, Адам Восіпавіч усё жыццё прысвяціў даследванню розных перыядаў развіцця беларускай культуры, літаратурнай крытыцы, публіцыстыцы, рэдагаванню чужых напрацовак. І зусім мала часу заставалася ў яго на рэалізацыю асабістага, Богам дадзенага пісьменніцкага таленту. Таму сярод напісанага ім можна знайсці толькі адзін мастацкі твор – гістарычную аповесць з лірычнай назвай “Восень сярод вясны”.
Усіх жа публікацый у прафесара Мальдзіса – каля 900, у тым ліку кнігі “Творчае пабрацімства”(1966), “Падарожжа ў ХІХ стагоддзе” (1969), “Традыцыі польскай асветы ў беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя” (1972), “Таямніцы старажытных сховішчаў” (1974), “Шляхі вялі праз Беларусь” (1980, у сааўт. з В.П. Грыцкевічам), “На скрыжаванні славянскіх традыцый”, “Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры ХVІІІ стагоддзя”, “Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча”. А яшчэ – добра вядомы ў нашым раёне краязнаўчы нарыс “Астравеччына, край дарагі...” (1977).
Але нямногія ведаюць, што пачынаў свой шлях у вялікую культуру звычайны вясковы хлопчык Адась з публікацыі вершаў і невялікіх допісаў у розных перыядычных выданнях. Стала ж увайшоў у літаратуру ён ужо будучы студэнтам факультэта журналістыкі БДУ, калі такое важкае выданне як газета “Літаратура і мастацтва” апублікавала рэцэнзію на раман П. Пестрака “Сустрэнемся на барыкадах”. Было гэта 4 верасня 1954 года – значыць, сёлета наш знакаміты зямляк, доктар гістарычных навук, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Адам Восіпавіч Мальдзіс адзначае 60-годдзе пачатку літаратурнай дзейнасці.
Упэўнена і мэтанакіравана ішоў і ідзе Адам Восіпавіч абранай дарогай. Часта яго працу называюць тытанічнай. Адаму Восіпавічу ўдалося зрабіць многае для адраджэння нацыянальнай культуры, вярнуць з небыцця столькі гістарычных старонак, што гэта немагчыма пераацаніць.
Астравеччына ганарыцца сваім знакамітым земляком, які вельмі шмат зрабіў для адкрыцця культурна-гістарычнай спадчыны сваёй малой радзімы. І ў музеі Гудагайскай школы адведзена прафесару Мальдзісу пачэснае месца – ён нядоўгі час быў вучнем нашай школы. Заўсёды радуемся доўгачаканым сустрэчам з ім.
Віншуем шаноўнага Адама Восіпавіча з 60-годдзем пачатку літаратурнай дзейнасці, і ў хуткім часе чакаем яго ў госці.


------------------------------------------
Марыя ВАСІЛЁНАК, кіраўнік музея “Зямля гудагайская”.