На июльском заседании клуба "Активное долголетие" состоялся бенефис Капитолины Петровской

18:00 / 18.07.2014

Бенефіцыянтку цёпла і сардэчна прадставіла прысутным кіраўнік клуба Данута Францаўна Чарнушэвіч. Зрэшты, асаблівага прадстаўлення і не спатрэбілася: Капіталіну Пятроўскую – паэтку, аўтара і выканаўцу трапных, агністых прыпевак, спявачку – добра ведаюць і ў горадзе, і ў раёне. Яе зорка запалілася і ярка зазіхацела ў 70-80-я гады мінулага стагоддзя, калі самадзейны харавы калектыў Астравецкага завода агульнапрымяняльных дэталяў і вузлоў (цяперашняя “Радыёдэталь”) славіўся далёка за межамі Астравеччыны, перамагаў у аглядах ды конкурсах рознага ўзроўню, дэманстраваў сваё мастацтва на святах песні ў Беларусі і краінах Прыбалтыкі. А Капіталіна Цімафееўна ў ім саліравала. Прыгожы, моцны голас, багаты песенны рэпертуар, прыродны артыстызм стварылі ёй папулярнасць у гледачоў.
І пазней, калі харавыя калектывы прадпрыемстваў параспадаліся, сапраўдныя аматары сцэны засталіся вернымі свайму захапленню. Капіталіна Цімафееўна таксама не пакінула сцэну раённага Дома культуры. Выступала ў канцэртах на розных урачыстасцях, на святах вёсак і вуліц, на фестывалях народнай творчасці. Пакуль дазваляла здароўе, спявала ў хоры ветэранаў працы “Вясёлка”. Ды і цяпер не адмаўляецца паўдзельнічаць ў канцэртах, калі запросяць.
Капіталіна Цімафееўна – актыўная ўдзельніца паэтычных конкурсаў “Астравецкай праўды”, у прыватнасці, “Што б гэта значыла?”, і неаднойчы станавілася яго прызёрам. Ды і лірычныя вершы не раз друкаваліся на “Літаратурнай старонцы”, і трапныя допісы пад фотаздымкамі…
А яшчэ яна выгадавала дачку Вольгу і сына Яраслава, якія вывучыліся, здабылі жаданыя прафесіі і ўпэўнена ідуць па абраных жыццёвых шляхах. Дачка з мужам падарылі ёй дзвюх цудоўных унучак.
І гаспадыня Капіталіна Цімафееўна выдатная – з тых, у каго ў агародзе ўраджайныя градкі, вакол дома – ад ранняй вясны да позняй восені дагледжаныя кветнікі, а ў хаце пахне смакатой. І заўсёды рада гасцям.
Вось такія шматлікія таленты гераіні дня. Усім хацелася даведацца, дзе бяруць пачатак вытокі яе творчасці. І Капіталіна Цімафееўна ахвотна падзялілася ўспамінамі пра вясковае дзяцінства ў вялікай сям’і, юнацтва і маладосць, што прайшлі ва ўральскім горадзе Златавусце… А потым гучалі песні і вершы, і любімыя прыпеўкі. І – шчырыя дружныя апладысменты.
Куды б ні збіралася Капіталіна Цімафееўна па нейкай справе, абавязкова зрэжа ў гародчыку некалькі кветак або квітнеючых галінак – проста для таго, каб зрабіць прыемнае людзям, да якіх ідзе. Чытальную залу раённай біблітэкі ў гэты дзень кветкі літаральна запаланілі, пахі кружылі галовы. Іх прынеслі ўдзячныя прыхільнікі талентаў бенефіцыянткі.


---------------------------------------------
Таіса СЯМЁНАВА, фота аўтара.