Знакомьтесь: участковый инспектор Михалишковского сельсовета Евгений Орловский

15:00 / 22.11.2014
Ён абвергнуў меркаванне, што моладзь імкнецца выехаць у буйныя гарады – і са сталіцы вярнуўся на радзіму, у Астравец. У сваёй працы лічыць галоўным не кар’ерны рост, а магчымасць дапамагаць людзям. А яшчэ – не баяцца работы, спрабаваць нешта новае, развівацца і ўдасканальвацца.

Знаёмцеся: малады ўчастковы інспектар Міхалішкаўскага сельскага савета Яўген Арлоўскі.


– Ведаю, што да гэтага вы працавалі ў Мінску. Што прымусіла змяніць работу ў сталіцы з яе перспектывамі і магчымасцямі на пасаду ўчастковага ў Астравецкім раёне?

– Ды ніхто не прымушаў. Гэта самастойнае рашэнне. На якое, праўда, паўплывалі і пэўныя абставіны.

Я адпрацаваў у інспекцыі па справах непаўналетніх Першамайскага аддзела ўнутраных спраў горада Мінска паўтара гады. Працаваць падабалася – работа цікавая, яна патрабавала розных метадаў і падыходаў да людзей, у асаблівасці – да дзяцей, з якімі даводзілася кантактаваць найбольш. Канешне, было і цяжкавата часам, але праблемы ёсць на кожнай рабоце.

Аднак у нас з жонкай нарадзілася дачушка Жэня, жыллё мы здымалі, а хацелася свайго гняздзечка. Ды і, шчыра кажучы, пацягнула на радзіму...

– Не пашкадавалі, што змянілі імклівую сталіцу на спакойныя Міхалішкі?

– Наадварот – упэўніўся, што не гарадскі я ўсё ж чалавек. Вучыўся ў Мінску пяць гадоў, пасля там працаваў. І аднойчы зразумеў: хопіць з мяне сталічнага жыцця! Я больш маленькія гарады люблю, кшталту нашага Астраўца. І ў Міхалішках адчуваю сябе ўтульна і камфортна. І хто сказаў, што тут спакойна? У нас таксама жыццё віруе.

Чаму пайшлі працаваць у праваахоўныя органы: традыцыя, мара, абставіны?

– На самой справе з дзяцінства я хацеў стаць настаўнікам геаграфіі. Мне вельмі падабаўся гэты прадмет – цікавы, пазнавальны, рознабаковы. У нас геаграфію выкладала Хрысціна Браніславаўна Гіруць – цудоўны педагог і чалавек. Вось і вырашыў, што таксама буду географам. Пасля заканчэння школы паступіў у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка на факультэт геаграфіі і біялогіі. А падчас вучобы, дзесьці на трэцім курсе, пачаў задумвацца, што праца настаўніка хоць і цікавая, але не заўсёды ўдзячная і ёсць больш высокааплачваемая работа. На той час я ўжо кахаў Алёну і на пятым курсе мы з ёй пажаніліся – трэба было думаць пра будучыню. Вучыўся я на бюджэце, таму мяне чакала размеркаванне. Да гэтага часу даведаўся, што з маёй адукацыяй можна ўладкавацца ў міліцыю ў інспекцыю па справах непаўналетніх – так і зрабіў. І не пашкадаваў. Праца ў інспекцыі – гэта тая ж работа з дзецьмі, тут таксама прымяняюцца ў першую чаргу педагагічныя веды і вопыт. Такім чынам, я не здрадзіў сваёй мары і ў некаторай ступені ўсё ж рэалізаваўся як настаўнік.

– У інспекцыю па справах непаўналетніх падлеткі трапляюць не за добрыя паводзіны. Як знаходзілі агульную мову з “цяжкімі” дзецьмі?

– Педагагічныя методыкі прыйшліся якраз дарэчы. (Усміхаецца) Увогуле, лічу, нельга дзяліць людзей на добрых і дрэнных. Да таго ж, да кожнага дзіцяці я стараўся знайсці індывідуальны падыход. Падлеткі – яны ж розныя. І праблемныя дзеці сустракаюцца не толькі ў сацыяльна небяспечных сем’ях. Аднойчы на ўлік за крадзеж паставілі хлопчыка, які тады вучыўся ў 4 класе. Нармальная забяспечаная сям’я, інтэлігентныя бацькі. Праз некаторы час прыходзіць маці і просіць зняць яго з уліку. Я ёй кажу: “Я ўсё разумею, але паверце, што пакуль гэтага рабіць не трэба”. Канешне, пайшла яна, мякка кажучы, не ў добрым настроі. А праз паўгадзіны мы атрымалі паведамленне аб крадзяжы ў магазіне. Здагадайцеся: хто быў злодзеем? Я магу прыводзіць самыя розныя прыклады. Псіхалогія дзяцей, матывацыя іх учынкаў, спосабы самавыражэння – усё гэта складаная сістэма, якая патрабуе стараннага падыходу і разбіральніцтва.

– Вы не толькі змянілі Мінск на Астравеччыну, але і пасаду ў інспекцыі па справах непаўналетніх на ўчастковага інспектара. Не цяжка было пачынаць усё з нуля?

– Я не пачынаю з нуля – быў і застаўся міліцыянерам. Ёсць вопыт, загартоўка, асноўныя прынцыпы. Я ведаю сваю работу, ведаю, чаго чакаць. І што мне падабаецца – гэта стасункі з людзьмі, магчымасць іх выслухаць і дапамагчы. У гэтым жа і заключаецца асноўная задача ўчастковага. Участак у мяне вялікі, людзі розныя, але перш за ўсе яны – людзі. З розным кантынгентам стараюся размаўляць на іх жа мове. Прыслухоўваюцца, ідуць на кантакт. Ёсць і цяжкасці: Міхалішкаўскі сельсавет вялікі, складана ўсюды дабрацца. Мне выдзелілі службовы аўтамабіль, СВК “Міхалішкі” дапамагае крыху з палівам – будзем працаваць.

– Але ж не працай адзінай...

– Нам нядаўна выдзелілі дом, і зараз увесь вольны час мы займаемся рамонтам. Дапамагаем і нашым бацькам. А ў будучым? Міхалішкаўскія мясціны – вельмі прыгожыя. Пра гэта я чуў неаднойчы, ды ўжо і сам паспеў упэўніцца. Таму будзем спрабаваць тое, што ў горадзе было немагчыма – напрыклад, ролю рыбака!


------------------------------

Марына МАЦКЕВІЧ.