Дмитрий Кулина: "Мы можем гордиться состоянием наших дорог"

16:00 / 25.10.2014
Надзейная інфраструктура – адзін з паказчыкаў дабрабыту краіны. А тое, што ў Беларусі дарогі знаходзяцца ў добрым стане, адзначаюць многія аўтамабілісты. Ехаць па добрай дарозе настолькі прывычна, што мы часам не задумваемся, якой працай нашы дарожнікі ствараюць і падтрымліваюць іх.

Пра тое, як працуе дарожнае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне №159, мы пагаварылі з яго начальнікам Дзмітрыем Пятровічам Кулінам.

– Дзмітрый Пятровіч, чым займаецца падначаленая вам арганізацыя?

– Утрыманне, капітальны рамонт аўтамабільных дарог, а таксама добраўпарадкаванне тэрыторый. Сёння на абслугоўванні нашага ўпраўлення знаходзіцца каля 650 кіламетраў аўтамабільных дарог раённага ўзроўню. Трэцяя частка іх – асфальтавана, астатнія – гравійныя.

На прадпрыемстве працуе 115 чалавек. Касцяк яго склаўся даўно. Але прыходзяць і маладыя супрацоўнікі, якія хутка ўліваюцца ў наш калектыў. Працуем са станоўчай дынамікай – так, за мінулы год агульная выручка склала 64 мільярды рублёў, што на 170 працэнтаў больш у параўнанні з папярэднім годам.

Каб забяспечыць сябе прафесіянальнымі кадрамі, вырашылі рэканструіраваць інтэрнат па вуліцы Фізкультурнай. Думаю, будзе жыллё – з’явяцца і новыя работнікі.

– І што, арганізацыя працуе без праблем?

– Канешне, не ўсё так проста. Да прыкладу, на ўтрыманне дарог у гэтым годзе было выдзелена 5,5 мільярда рублёў. Але гэта мізэрная сума. Таму мы самі стараемся зарабляць грошы. У мінулыя гады, да прыкладу, працавалі на добраўпарадкаванні Ваўкавыска, Ліды, Маладзечна.

Вялікім падспор’ем для нас з’яўляецца моцная вытворчая база. У нас распрацаваны тры кар’еры – у Смілгах, Запольскім і Трокеніках. Тут здабываюць матэрыял, з якога затым вырабляюць пясчанна-гравійныя сумесі і шчэбень. У Запольным мыем пясок – за гэты год змаглі рэалізаваць яго 150 тысяч кубаметраў, і не абыякога, а першакласнага, які выкарыстоўваецца для вырабу бетону на Беларускай АЭС.

На балансе нашага ўпраўлення – імпартны асфальта-бетонны завод, прадукцыя якога запатрабавана не толькі ў нашым раёне, але і за яго межамі.

У цэлым прадпрыемства поўнасцю забяспечана абсталяваннем і тэхнікай для выканання пастаўленых перад намі задач.

Тым не менш, мы шукаем і дадатковы заробак. Так, нядаўна на адным з падраздзяленняў ДРБУ №159 – дарожна-рамонтным пункце “Міхалішкі” – устанавілі шынамантажнае абсталяванне для рамонту буйнагабарытных шын. Карыстаемся гэтым абсталяваннем самі і аказваем паслугі для арганізацый і прыватных асоб па мантажу, барціроўцы і балансіроўцы шын.

– На якіх аб’ектах працуюць сёння дарожнікі?

– Акрамя выканання сваіх асноўных задач, шукаем заказы па прамых дагаворах. Сёння дарожнікі працуюць на добраўпарадкаванні фермы “Беразоўка” СВК “Варняны”, на аб’ектах будаўніцтва Беларускай АЭС, займаемся добраўпарадкаваннем тэрыторый новабудоўляў.

– Кажуць, у прыроды няма дрэннага надвор’я. І ўсё ж: у якую пару года дарожнікам працаваць больш складана?

– Зімой асноўная праблема – утрыманне дарог у належным стане. Але зімы ў апошнія гады маласнежныя, таму асаблівых цяжкасцей не ўзнікае.

Самая напружаная пара для дарожнікаў – лета, на якое прыпадае пік работ па добраўпарадкаванні дарожнага палатна. Да прыкладу, сёлета былі капітальна адрамантаваны тры кіламетры аўтамабільнай дарогі “Падольцы – Кямелішкі”.

Сёння мы можам ганарыцца станам нашых дарог – у любую пару года можна трапіць у любы куточак раёна.

– Давайце напярэдадні свята ўзгадаем лепшых працаўнікоў вашага ўпраўлення.

– Усе, хто працуе ў ДРБУ-159, заслугоўваюць удзячнасці. Адзначу тых, хто прысвяціў працы ва ўпраўленні больш за 20 гадоў. Гэта інжынер-лабарант Таццяна Мікалаеўна Калыхан, дыспетчар Яніна Зянонаўна Авен, экскаватаршчык Мечыслаў Станіслававіч Базюк, машыніст аўтагрэйдара Валянцін Іосіфавіч Кумішча і іншыя.

Усяму калектыву, ветэранам-дарожнікам і іх сем’ям хачу пажадаць здароўя і дабрабыту. І каб іх жыццёвая дарога была роўнай і чыстай.

– Дзякуй за гутарку і з прафесійным святам вас.

Дарогі можна ўспрымаць па-рознаму. Для вадзіцеляў і пасажыраў гэта ў першую чаргу – узровень камфорту і бяспекі, з якім яны перамяшчаюцца з пункта “А” ў пункт “Б”. А для работнікаў ДРБУ – гэта своеасаблівы экзамен на прафесіяналізм, які яны здаюць кожны дзень.

------------------------------

Алена ЯРАШЭВІЧ.