"Мама" пятидесяти малышей

13:28 / 16.01.2013

І зусім не збіралася Тарэса Нарцызаўна Сянюць у цялятніцы – як большасць дзяўчат-аднагодак яна марыла пра “гарадскую” спецыяльнасць. Уладкавалася ў падсобны цэх калгаса імя Карла Маркса: праца нескладаная, зарплата нядрэнная – пра пошукі іншай яна і не думала. А падумаць прыйшлося – у перабудовачныя часы прадукцыя калгасных падсобных цэхаў аказалася цалкам незапатрабаванай.


А тут якраз на ферме “Трокенікі” з’явілася вакансія – адна з работніц, якая займалася перакачкай малака і мыццём малочнага посуду, пайшла на пенсію. Да новых абавязкаў Тарэса Нарцызаўна прывыкла даволі хутка – праца спорылася ў яе руках. Праз некаторы час, заўважыўшы стараннасць і адказнасць жанчыны, кіраўніцтва гаспадаркі прапанавала ёй пасаду загадчыцы фермы. Тарэса Нарцызаўна доўга і катэгарычна адмаўлялася, але потым “увайшла ў становішча” і згадзілася на часовую замену.
– Гэтая часовасць расцягнулася на два гады, – расказвае жанчына. – І каштавала мне процьмы спаленых нерваў. Трэба мець адмысловы характар, каб кіраваць людзьмі – для мяне гэта было сапраўдным выпрабаваннем. Таму калі на ферму вярнулася былая загадчыца і мяне перавялі ў цялятніцы, я ўздыхнула з палёгкай – знайсці ўзаемаразуменне з жывёлай нашмат лягчэй. Дастаткова яе своечасова карміць-паіць ды вычышчаць клеткі. А калі ты паставішся да сваіх абавязкаў яшчэ і з душой – цяляты будуць бегаць за табой, як за маці.
За Тарэсай Нарцызаўнай бегаюць – дастаткова жанчыне прыадкрыць варотцы клеткі, як маленькія пыскі ў пошуках пяшчотнага пагладжвання цягнуцца да яе рук. Каму не ўдаецца прапіхнуцца да рук, стараюцца ўхапіць цялятніцу хоць бы за падол халата – кожнаму хочацца быць бліжэй да “мамы”. Іншай яны і не ведаюць – нованароджаных цялят на ферме амаль адразу пераводзяць у “яслі”. І піць малозіва яны пачынаюць з соскі, якую ім падае цялятніца. А праз 12 дзён, калі малышы памацнеюць, Тарэса Нарцызаўна вучыць іх піць з вядра – і гэта таксама няпростая рэч. Прынамсі, пальцы ў цялятніцы заўсёды ў драпінах.
– Нічога страшнага, – усміхаецца яна. – Тым больш што малышы хапаюцца за пальцы без злосці – проста яшчэ не могуць разлічыць уласныя сілы. Галоўнае, каб былі здаровымі і прыбаўлялі ў вазе.
А з гэтым у секцыі Тарэсы Нарцызаўны ўсё нармальна – на прывагі, якія яна атрымлівае, арыентуюцца ўсе астатнія даглядчыкі гаспадаркі. Зрэшты, не толькі гаспадаркі…


--------------------------------------
Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.