Виктор Бразевич - ответственный и эмоциональный

10:00 / 22.11.2012

Ну не дадзена яму (Богам? бацькамі? уласнай прыродай?) умення быць абыякавым – усё, што дзеецца навокал – усход сонца, пераворванне поля, артыкул у газеце і г. д. – тычыцца яго асабіста, “прабівае” на эмоцыі і “апранаецца” ў словы. Побач з ім заўсёды шумна, непрадказальна, клопатна – і вельмі цікава.


З Віктарам Леанардавічам Бразевічам мы пазнаёміліся ў далёкім юнацтве – ён і тады быў такім жа неабыякавым і шумным. І гэтак жа, як сёння, вельмі ўважліва ставіўся да свайго знешняга выгляду – нават правяраючы свежае ворыва на глыбіню і раўнамернасць, ён, тады аграном Ізабялінскага вытворчага ўчастка калгаса “Чырвоны Кастрычнік”, нейкім цудам умудраўся не запэцкаць свае вастраносыя звышмодныя туфлі. І джынсы насіў выключна фірмы “Вранглер”…
…У сярэдзіне сямідзясятых гадоў мінулага стагоддзя хлопчыкі марылі аб палётах у космас, пакарэнні нязведаных акіянаў, адкрыцці новых зямель... Ці, у крайнім выпадку, аб генеральскіх пагонах. Вось і Віктар пасля школы падаў дакументы ў Маскоўскае вышэйшае вучылішча чэкістаў імя Дзяржынскага. Паступіў, павучыўся – і праз пару месяцаў кінуў. З гэткай жа лёгкасцю потым паступіў у Мінскі тэхналагічны, каб у выніку не вучыцца і там.
І не сказаць жа, каб “перакаці-поле”… Проста, відаць, не мог адразу намацаць сваю жыццёвую сцежку, вось і кідаўся ў розныя бакі: спрабаваў, шукаў. Каб, адшукаўшы нарэшце, не саступіць з яе ніколі…
Пасля заканчэння Беларускага сельскагаспадарчага тэхнікума кіруючых кадраў Віктар прыбыў у Ізабяліна – у персанальную “школу” загадчыцы трэцяга вытворчага ўчастка Людмілы Сафронаўны Гутовіч. І пачалося… Ад поля да сенажаці, ад склада мінеральных угнаенняў да мехдвара, ад сенакосу да сянажнай ямы – выдзелены праўленнем гаспадаркі “ІЖ” захлёбваўся ад стомы, а маладому аграному – дзень занадта кароткі…
Гадоў праз пятнаццаць тагачасны старшыня калгаса Часлаў Іосіфавіч Рынкевіч прызначыў яго галоўным аграномам гаспадаркі, яшчэ праз год – намеснікам па раслінаводстве. А потым Рынкевіч пайшоў на заслужаны адпачынак, і агульны сход гаспадаркі абраў новым кіраўніком Віктара Бразевіча.
Пачэсны пост? Увогуле – так, але не ў самым пачатку новага стагоддзя, калі навокал панавала эканамічная разруха.
Спадчына дасталася Віктару не з салодкіх: разгар зімоўкі, а кармы ўжо закончыліся. І ў раёне не густа – купіць няма ў каго. Знайшоў варыянты, дамовіўся – вазіць кармы сталі з Гродзенскага раёна, з Нарачы, з іншых мясцін.
–Нічога, – супакойваў ён сваіх спецыялістаў, – галоўнае, што ёсць косці – мяса нарасце. А вось калі мы цяпер скінем пагалоўе, на яго аднаўленне спатрэбяцца гады.
Працавалася цяжка – паспрабуй навядзі дысцыпліну на ферме або мехдвары, калі зарплата людзям выплачваецца са спазненнем на чатыры месяцы!.. Ты ім пра парадак, а яны табе: чым дзяцей карміць? І крыць не было чым – хіба што матам: жыццё, парадкі дурных палітыкаў, якія развалілі магутную краіну…
І ўсё роўна Віктар дабіваўся свайго – дзе жартам, дзе просьбай, а дзе і моцным слоўцам. І былы парадак у “Чырвоным Кастрычніку” пачаў аднаўляцца.
–У нашай гаспадарцы заўсёды вельмі адказна ставіліся да пераворвання глебы, – гаворыць Віктар Леанардавіч. – Гэта заслуга Часлава Іосіфавіча – ён прывучыў. Казаў: “Калі заарэш поле крыва, потым сукаватай ёлкай (так наш старшыня называў культыватар) яго не выраўняеш”. Якасць ворыва ў нас заўсёды была выдатнай. І гэта тагачаснымі трохкорпуснымі плугамі, ды з развальнай баразной, якую трэба было задзелваць… А тут гляджу: аратыя сталі адносіцца да работы з прахалодай. Адзін раз убачыў агрэх, другі… Сабраў механізатараў. “Хлопцы, – кажу, – гэта ж зямля нашых продкаў. Нельга з ёй у паўсілы і ў паўжадання – не па-людску гэта…” Пачулі – прэтэнзій да якасці ворыва больш не ўзнікала.
Не спаў, ад цямна да цямна круціўся, як вавёрка ў коле, і справы гаспадаркі нарэшце скрануліся з мёртвай кропкі. Палепшылася кармавая база, падраслі надоі, з’явіліся прывагі на адкорме. Людзі пачалі атрымліваць зарплату своечасова. Ну вось яно! Закруцілася! Можна крыху аслабіць цеціву, перадыхнуць. І тут да калгаса “Чырвоны Кастрычнік” далучылі палову былога саўгаса імя Мічурына. Запушчаныя фермы, незасеяныя палі, зруйнаваная эканоміка…
І зноў давялося сашчаміць зубы і праз сілу – ад цямна да цямна…
Можа, калі б Віктар Леанардавіч не быў такім эмацыянальным чалавекам… Калі б навучыўся не прасвечвацца навылёт, нібы рэнтгенам, вытворчымі бедамі…
Ён не навучыўся, і здароўе пачало даваць збоі. А калі з сардэчным прыступам патрапіў у рэанімацыю, Віктар Леанардавіч зразумеў: час мяняць жыццё…
…Ён загадзя ведаў і быў гатовы, што са старшынёўствам давядзецца развітацца. І ўсё ж, калі пасля агульнага сходу, рашэннем якога ён быў вызвалены ад займаемай пасады, Віктар Леанардавіч выйшаў з канторы…
–Вечар. Абсалютная цішыня. І гэткая ж – адзінота, – ён і сёння успамінае тыя часы з пэўнай доляй скрухі. – Проста паталагічная адзінота. Ні бык за мной не пайшоў, ні камбайн не паехаў… І толькі адна думка круцілася ў галаве: “Навошта былі ўсе гэтыя бяссонныя ночы? Гэтыя хваляванні і памкненні знайсці найлепшае рашэнне?..” Ішоў і зайздросціў жанчынам – яны ўмеюць плакаць…
З 2006 года Віктар Леанардавіч узначальвае раённую насенную інспекцыю, якая ўвабрала ў сябе яшчэ станцыю аховы раслін і каранцінную інспекцыю. А гэта значыць – адказвае за парадак на палях і ў насенных засеках. Апрабацыя насенных палёў, адбор проб насення і іх аналіз, адвод насеннікаў шматгадовых траў… Адным словам, клопатаў хапае. Жадання працаваць і адказнасці за даручаную справу – таксама.
І ўжо на насенным полі дзейнасці ён шукае лепшыя шляхі рашэння ўзнікаючых праблем, хвалюецца, горача даказвае сваю правату…
Ну, не дадзена яму ўмення быць абыякавым. Такім ужо эмацыянальным ён нарадзіўся – не ўмеее свяціць у палову напалу.


-------------------
Ганна ЧАКУР.