Ирина Рогова. О чем мечтают питерские белорусы?

12:00 / 22.11.2012

Падчас правядзення ў Астраўцы рэгіянальнай выстаўкі-кірмашу “Паўночны вектар Гродзеншчыны” быў падпісаны шэраг міжнародных пагадненняў. У прыватнасці, старшыня Астравецкага раённага выканаўчага камітэта Адам Дзмітрыевіч Кавалька падпісаў пагадненні аб супрацоўніцтве з кіраўніком Сасноваборскага муніцыпальнага ўтварэння Ленінградскай вобласці Дзмітрыем Вітальевічам Пуляеўскім і з прэзідэнтам Санкт-Пецярбургскага спецыялізаванага фонду “Белыя Росы” Ірынай Ігараўнай РОГАВАЙ.
Якім быў шлях да гэтага пагаднення, чаго мы можам чакаць ад яго і хто такая ўвогуле Ірына Ігараўна Рогава, якая стала адным з самых актыўных “рухавікоў прагрэсу” ў развіцці адносін паміж Беларуссю і Санкт-Пецярбургам увогуле і Астраўцом і Сасновым Борам Ленінградскай вобласці ў прыватнасці, мы пастараемся сёння расказаць.


Пачнём з асобы самой Ірыны Ігараўны, бо даўно вядома, што любую справу робяць людзі, і поспех яе залежыць найперш ад іх зацікаўленасці, прафесійнасці, энтузіязму.
Дык вось, Ірына Ігараўна Рогава – з тых, хто гарыць і запальвае іншых. Яна – наша, беларуска. Прычым не толькі па нараджэнні – родам яна з Мазырскага раёна Гомельскай вобласці, але і па сутнасці, па існасці сваёй. Колькі сёння за межамі краіны жыве беларусаў, якія даўно сталі “большымі каталікамі, чым Папа Рымскі”, забыўшыя і краіну сваю, і мову, і культуру, і карані, паглядваючы на землякоў звысоку. А для гэтай жанчыны Беларусь, не палічыце гэта гучнымі словамі, – не толькі часцінка душы, а справа жыцця, яе сутнасць. Якой, дарэчы сказаць, Ірына Ігараўна не кідала ніколі, дзе б ні працавала – адрывала час ад родных, ад сям’і, бо лічыла, што Беларусь – найперш. А зараз яна шчаслівая, што і асноўная яе дзейнасць у фондзе “Белыя Росы” супадае з памкненнямі душы, і таму гатовая працаваць на карысць радзімы 24 гадзіны ў суткі.
Такая адданасць у яе, любоў да свайго, роднага – ад “родных ніў, ад роднай хаты”. Маці і бабуля, як расказвае жанчына, вельмі любілі беларускую песню, якая заўсёды жыла ў іх хаце. Па-народнаму, з беларускімі традыцыямі адзначаліся дома ўсе святы. А як пявуча і дасціпна гучала беларукае слоўца – ці са сцэны, ці на бяседзе, ці ў народных прыказках ды прымаўках! І тая любоў да роднага, свайго засталася ў яе сэрцы назаўжды.
А любоў да роднай зямлі, да беларускай прыроды, як прызнаецца Ірына Ігараўна, у яе – ад дзеда, ветэрана вайны. Ён працаваў лесніком і ведаў у сваім лесе кожнае дрэўца і кожнага мураша – і ўнукаў, якія любілі бегаць услед за ім у лес, таму ж вучыў. Не словамі – усім жыццём сваім.
Больш глыбокае, асэнсаванае веданне беларускай культуры і любоў да яе з’явілася, калі Ірына яшчэ зусім юнай дзяўчынай іграла ў Мазырскім народным тэатры. Дадайце сюды яшчэ няўрымслівасць яе натуры, нязгасны агонь у вачах, энергію, якая бруіць, як тая палеская крыніца – і вы зразумееце, хто такая Ірына Ігараўна Рогава.
Якім жа ветрам прыбіла гэтую беларускую расіянку, мазырскую пецярбуржку да астравецкага берага? Хоць найперш, напэўна, усё ж цікава, як беларуска стала расіянкай?
– Ну, у гады Савецкага Саюза гэта не было праблемай, – смяецца Ірына Ігараўна. – Закончыла школу і паехала паступаць у Піцер, тады яшчэ – Ленінград. Памкненні былі высокімі, але атрымалася так, як атрымалася…
…Закончыла інстытут, атрымала размеркаванне на фабрыку марожанага, стала працаваць майстрам халадзільных установак… Здавалася б, якая там беларушчына, якая культура? Усё гранічна проста – тэхналогіі, машыны, падначаленыя… Ды начальнік цэха, у які прыйшла працаваць малады спецыяліст, адразу прыкмеціла агонь у яе вачах, уменне і жаданне працаваць, ініцыятыўнасць. А з яе лёгкай рукі – і іншыя. І так паступова малады спецыяліст вырасла да кіраўніка прадпрыемства…
Але ж ёсць яшчэ грамадская работа, якую, як правіла, даручаюць тым, хто не ўмее працаваць абы з рук, ды яшчэ і пра грошы спытаць саромеецца… Неўзабаве Ірына Ігараўна стала актыўна працаваць у грамадскай арганізацыі расійска-беларускага брацтва, дзе і зараз з’яўляецца намеснікам старшыні. А ўзначальвае гэтую арганізацыю дэпутат Заканадаўчага сходу, наш зямляк Іван Казіміравіч Пучко. Ірына Ігараўна стала працаваць памочнікам дэпутата – у тым ліку, да яе асаблівага задавальнення, і па пытаннях развіцця расійска-беларускай дружбы, якія яна заўсёды лічыла для сябе галоўнымі. Менавіта з гэтай мэтай члены беларускага зямляцтва Санкт-Пецярбурга і Ленінградскай вобласці ў 2008 годзе стварылі спецыялізаваны фонд “Белыя Росы”, прэзідэнтам якога абралі няўрымслівую і нястомную Ірыну Ігараўну Рогаву.
– Фонд нам быў патрэбен, каб акумуліраваць сродкі ўсіх нераўнадушных людзей для развіцця адносін паміж расійскімі беларусамі і іх радзімай. Без гэтага было цяжка – каб здабыць грошы на кожную драбязу – на паездку дэлегацыі, на конкурс, на раздрукоўку матэрыялаў ці запіс дыска, трэба было ісці з працягнутай рукой…
Асноўнай мэтай фонду “Белыя Росы”, як заяўлена ў яго заснавальніцкіх дакументах, з’яўляецца аб’яднанне намаганняў беларускіх грамадскіх аб’яднанняў Санкт-Пецярбурга і Паўночна-заходняга рэгіёна, а таксама прыватных асоб, грамадзян Расіі і Беларусі, па ўмацаванні сувязей і супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі. І за зусім невялікі час яго дзейнасці зроблена ўжо вельмі шмат: чытаючы справаздачу, не перастаеш здзіўляцца, як за нейкія чатыры гады можна было так шмат паспець? На рахунку піцерскіх беларусаў – правядзенне дзён культуры Рэспублікі Беларусь у Санкт-Пецярбургу, якія праводзяцца пры падтрымцы беларускага Міністэрства культуры; абмен дэлегацыямі дзяцей і моладзі, удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных юбілейным і памятным датам і дзяржаўным святам у абедзвюх краінах; удзел творчых калектываў у розных конкурсах беларускай песні; адкрыццё класа ў адной са школ, дзе факультатыўна вывучаецца беларуская мова; прэзентацыя кніг беларускіх аўтараў – у прыватнасці, Уладзіміра Караткевіча, прысвечаная юбілею класіка; сустрэчы з пісьменнікамі і дзеячамі культуры Беларусі – і пералік добрых спраў можна працягваць…
– А калі я даведалася, што ў Беларусі будзе будавацца атамная электрастанцыя, то адразу зразумела: гэтая яшчэ адна кропка судакранання, магчымасць развіцця нашых узаемных кантактаў. У Ленінградскай вобласці таксама ж дзейнічае АЭС, распачата будаўніцтва другой. Каму, як не Сасноваму Бору – гораду энергетыкаў Ленінградскай АЭС – пасябраваць з беларускім Астраўцом, які хутка набудзе такі ж статус? Прыйшла з гэтай ідэяй да Дзмітрыя Вітальевіча Пуляеўскага – у яго аж вочы загарэліся, ён успрыняў гэтую ідэю – стаць гарадамі пабрацімамі з Астраўцом – з энтузіязмам. З таго часу прайшло ўсяго некалькі месяцаў. А за гэты час два гарады ўжо абмяняліся дэлегацыямі і падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. Гэтыя кантакты, спадзяюся, будуць працягацца і развівацца такімі ж імклівымі тэмпамі.
У якіх жа накірунках бачыць развіццё адносін паміж Астравеччынай і Ленінградскай вобласцю прэзідэнт фонду “Белыя Росы”?
– Найперш, вядома, Астраўцу трэба пасябраваць з Сасновым Борам, – прапануе Ірына Ігараўна. – Вашы людзі маглі б прыязджаць у гэты горад энергетыкаў, каб пабачыць на свае вочы, як ён развіваецца, як там жывуць людзі. Я разумею, што беларусаў, якія перажылі Чарнобыльскую трагедыю, моцна турбуе бяспека новай станцыі, ды яшчэ і апазіцыя, наколькі я ведаю, увесь час падлівае масла ў агонь… Але калі б прадстаўнікі розных груп насельніцтва прыехалі ў Сасновы Бор, пабачылі, як ажыццяўляецца кантроль за радыяцыйнай бяспекай, як жывуць людзі – іх адносіны да атамнай станцыі сталі б зусім іншымі. Нездарма ж кажуць, што лепш адзін раз пабачыць, чым сто – пачуць…
– Далей, – працягвае дзяліцца планамі і ідэямі Ірына Рогава, – я лічу, што вашы школьнікі маглі б стаць удзельнікамі нашага праекта, які ўжо актыўна дзейнічае паміж беларускімі і ленінградскімі школамі. Абмен школьнымі дэлегацыямі ў нас адбываецца рэгулярна. Мы спецыяльна стварылі так званае “Залатое кальцо школ Ленінградскай вобласці” і “Залатое кальцо школ Беларусі”, якія сябруюць паміж сабой. Каардынатарам гэтага праекта з’яўляецца школа №67 горада Мінска, жадаючым уключыцца ў гэты праект трэба звязацца з яе кіраўніцтвам ці непасрэдна са мной.
– А галоўнае, – лічыць Ірына Ігараўна, – гэта развіццё ўзаемавыгадных беларуска-расійскіх узаемаадносін у галіне эканомікі. Беларускія тавары карыстаюцца вялікім попытам у расіян – і мы бачым сваю задачу ў тым, каб дапамагаць беларускім прадпрыемствам прабіцца на расійскі рынак. Плануем у наступным годзе правесці дні Гродзенскай вобласці ў Санкт-Пецярбургу – нешта накшталт вашага “Паўночнага вектара”, з выстаўкай прадукцыі лепшых прадпрыемстваў, з магчымасцю заключаць прамыя дагаворы аб супрацоўніцтве.
– Асноўную задачу нашага беларускага зямляцтва і фонду “Белыя Росы” мы бачым у тым, каб папулярызаваць у Расіі ўсё беларускае: нашу культуру, мову, эканоміку. І з такой падтрымкай, якую мы адчуваем на ўсіх узроўнях, мы ўсяго, што задумалі, даб’ёмся – я пераканана ў гэтым, – канстатуе на заключэнне нашай размовы Ірына Ігараўна.
Тая энергія, якую літаральна выпраменьвае гэтая жанчына, яе ўпэўненасць у поспеху і ў дадатак – доўгі спіс добрых спраў, якія ўжо ажыццявіліся дзякуючы яе працы і настойлівасці, не дазваляюць сумнявацца, што ўсё будзе менавіта так!


------------------
Ніна РЫБІК.