Виктория Воронович. Не только учить, но и учиться

16:00 / 16.10.2012
Кароткая даведка:

Вікторыя Казіміраўна ВАРАНОВІЧ закончыла Бабруйскі мастацкі каледж па спецыяльнасці “настаўнік выяўленчага мастацтва, чарчэння, народных мастацкіх промыслаў”. Завочна вучыцца на факультэце “Эстэтычная адукацыя” ва ўніверсітэце імя Максіма Танка. У раённай школе мастацтваў вось ужо пяты год выкладае ў мастацкім класе. За плячыма маладой выкладчыцы два выпускі. Трое дзяўчат, якія вучыліся ў Вікторыі Казіміраўны, вырашылі звязаць сваё жыццё з мастацтвам і пайшлі вучыцца: Дзіяна Жытковіч – на дызайнера, Мілана Шаўліс – на архітэктара, Саша Юрчык – на выкладчыка выяўленчага мастацтва.

Самым маленькім мастакам, якія займаюцца ў класе Вікторыі Казіміраўны, – два гадкі. Самым старэйшым – шаснаццаць. Для кожнай узроставай групы – свае праграма і метад падачы вучэбнага матэрыялу. Кожны працуе на сваім узроўні.
Работа з самымі маленькімі (і як выкладчыцы ўдаецца іх зацікавіць?!) арыентавана на развіццё маторыкі іх маленечкіх ручак, на ўмененне адрозніваць колеры. Малышы вучацца правільна трымаць аловак, карыстацца ласцікам і г.д. Старэйшыя – разбірацца ў тонкасцях кампазіцыі, праз малюнак перадаваць святло, цяпло і ўласны настрой…
А сама Вікторыя не толькі вучыць, але і вучыцца. Ва ўніверсітэце, у іншых мастакоў, у вучняў – як гэта ні парадаксальна гучыць. А яшчэ – у сваіх маці і цётачкі – у Тэрэсы Іосіфаўны Варановіч і Ірэны Іосіфаўны Герасім, у добра вядомых на Астравеччыне (і за яе межамі!) мастачак.
У сваіх шчыльных працоўных графіках яны стараюцца адшукаць спрыяльны дзянёк, каб зладзіць пленэр-на-траіх.
– Працаваць разам з маімі самымі любімымі на свеце жанчынамі – гэта такое шчасце! – гаворыць Вікторыя. – Мастак наогул не павінен займацца жывапісам ізалявана – вока “замыльваецца”, перастае бачыць недахопы. Трэба, каб нехта аб’ектыўна ацаніў тваю работу. Найлепш, канешне, каб гэта былі блізкія табе па духу людзі. А калі гэтая блізкасць яшчэ і на ўзроўні крыві!.. Толькі не варта думаць, што мы абменьваемся выключна кампліментамі – крытыкі ў нашых “разборках” хапае, але яна добрая і таму, напэўна, настолькі канструктыўная.
– Жывапіс для мяне – спосаб выказацца, – прызнаецца мастачка. – Расказаць свету, якім я яго бачу, якія эмоцыі выклікае ў мяне нейкая падзея або чыесьці словы. Маім пейзажным работам не ўласціва фатаграфічная дакладнасць – я не імкнуся да гэтага… Падчас заняткаў у класе дзеці гавораць адзін аднаму: “Твая рэчка зусім непадобная на Лошу. І дрэвы там растуць зусім іншыя”. Справа не ў дрэвах, кажу я вучням. І не ў канкрэтыцы пейзажа, над якім вы працуеце. Самае каштоўнае ў кожным мастацкім творы – погляд аўтара, ягонае бачанне сітуацыі, пейзажа, канкрэтнай асобы. Усё гэта творца прапускае праз сябе, адточвае ў адпаведнасці з уласным светапоглядам і толькі тады выпраменьвае на палатно.
…У класе Вікторыі Казіміраўны не бывае пуста – там заўсёды ідзе работа. Юныя мастакі спасцігаюць таямніцы аднаго з самых магічных відаў мастацтва – жывапісу, шукаюць уласныя сюжэты і колеры.
А яшчэ яны вельмі любяць сваю выкладчыцу. І здаецца, я ведаю – за што…


Ганна ЧАКУР.