Тереса Васильчик. 30 лет служения людям

06:21 / 13.10.2012

За 30 гадоў працы начальнікам Гудагайскага аддзялення паштовай сувязі Тэрэса Іванаўна Васільчык стала для вяскоўцаў роднай. Заўсёды ветлівая, яна ўмее знайсці падыход да кожнага чалавека: усё цярпліва растлумачыць, хутка абслужыць і абавязкова падорыць усмешку. Кліенты яе любяць і паважаюць – а яна шчаслівая, што сваёй работай робіць жыццё людзей больш зручным і камфортным.



Шляхі-дарогі

Нарадзілася Тэрэса Іванаўна ў Нідзянах у сям’і працаўнікоў вёскі. Іван Іосіфавіч і Вера Адольфаўна выхоўвалі дзяцей у строгасці, прывівалі маральныя каштоўнасці, вучылі быць сумленнымі і справядлівымі, паважліва адносіцца да людзей. Тэрэса Іванаўна на ўсё жыццё запомніла бацькоўскія ўрокі і сёння стараецца іх перадаць сваім дзецям.
У школе яна марыла аб прафесіі медыка. Можа, таму, што яе бабуля была знахаркай, і дзяўчынцы вельмі падабалася назіраць, як тая дапамагае людзям справіцца з хваробамі. Аднак жыццё для яе прыгатавала іншы лёс – але таксама звязаны са служэннем людзям.
Пасля заканчэння школы Тэрэса скончыла курсы бухгалтараў у Вільнюсе і ўладкавалася на работу ў трэст сталовых і рэстаранаў. Працавала там два гады – да таго часу, пакуль яе не выбралі сакратаром камсамольскай арганізацыі. Страх перад тым, што не справіцца са сваімі абавязкамі – усе дакументы трэба было весці на літоўскай мове, якую яна дрэнна ведала – вярнуў яе на радзіму.
– Ці шкадавала я аб сваім рашэнні? Здаралася…, – дзеліцца Тэрэса Іванаўна. – Аднак сёння я разумею, што гэта быў мой лёс. І мне трэба было вярнуцца на радзіму, дзе мяне чакала маё цяперашняе жыццё.



30 гадоў служэння людзям

Менавіта на пошце ў Астраўцы, куды Тэрэса Іванаўна ўладкавалася аператарам, ужо чакала яе каханне: яе будучы муж Генадзій Ігнатавіч працаваў тут вадзіцелем. Вось так больш за 30 гадоў назад Тэрэса Іванаўна прыйшла ў паштовую сувязь – тут яна сустрэла свайго каханага чалавека і знайшла любімую работу, якая стала справай яе жыцця.
Пару гадоў Тэрэса Іванаўна працавала ў Астраўцы – за гэты час яна паспела закончыць Мінскі тэхнікум сувязі. І тут у Гудагайскім аддзяленні паштовай сувязі звольніўся начальнік, а аператар захварэў. Былы начальнік пошты Уладзімір Іванавіч Кацінель папрасіў Тэрэсу Іванаўну часова падмяніць начальніка аддзялення. Як, вядома, няма нічога больш пастаяннага, чым часовае…
За шмат гадоў працы Тэрэса Іванаўна не толькі пазнаёмілася з усімі жыхарамі пасёлка, а яшчэ і вывучыла іх характары і да кожнага знайшла індывідуальны падыход.
– Гудагайскае аддзяленне паштовай сувязі стала для мяне другім домам, – кажа Тэрэса Іванаўна. – І хоць былі прапановы памяняць работу, я не згаджалася. Бо я люблю справу, якой займаюся. Нават калі пенсію якой-небудзь бабулі выплаціш і бачыш, як яна радуецца – самой становіцца прыемна. Дарэчы, сёння пошта ў вёсцы нічым не адрозніваецца ад гарадской – вясковым людзям даступны ўсе паслугі.
Тэрэса Іванаўна скарае не толькі сваёй добразычлівасцю і ўвагай да кліентаў. Яна яшчэ і сапраўдны прафесіянал сваёй справы. Пра гэта сведчаць і яе выдатныя выступленні на конкурсах прафесійнага майстэрства. Вось і сёлета на абласным конкурсе Тэрэса Іванаўна заняла ганаровае трэцяе месца. Бронзавая прыступка п’едэстала скарылася перад ёй і на рэспубліканскім этапе, які прайшоў у верасні ў Мінску.
Аднак гонар Гудагайскага аддзялення паштовай сувязі – не толькі цудоўны і таленавіты начальнік, а і ўвесь калектыў – гэта людзі, для якіх пошта стала частка жыцця. 23 гады працуе тут паштальёнам добрасумленная і адказная Марыя Антонаўна Сальмановіч, аператар Алена Міхайлаўна Баратынская – вельмі камунікабельны і ветлівы чалавек, што ўмее з кожным кліентам знайсці агульную мову. На матарызаванай дастаўцы працуе разам з вадзіцелем Тамара Аляксандраўна Ляўкевіч – яны вязуць паслугі пошты людзям з 18 вёсак Гудагайскага сельсавета. Ёсць у Гудагайскім аддзяленні і малады паштальён Аксана Эдуардаўна Кандратовіч, якая “з тоўстай сумкай на рамяні” абслугоўвае вёску Палушы і станцыю Гудагай.



Асабістае

Тэрэса Іванаўна лічыць сябе шчаслівым чалавекам, бо ў яе ёсць любімая работа, якая ёй прыносіць задавальненне, а дома заўсёды пануе спакой і гармонія. Яе муж Генадзій Ігнатавіч ужо на пенсіі, аднак працуе ў ЖКГ. Ён – падтрымка і апора сям’і, а з ім Тэрэса Іванаўна адчувае сябе, як за каменнай сцяной. Старэйшы сын Іван, вельмі адказны і мэтанакіраваны малады чалавек, вучыцца на 5 курсе гістарычнага факультэта Гродзенскага ўніверсітэта. Малодшы Міша ў гэтым годзе заканчвае 11 клас – ён хоча быць ваенным. Па характары Міша вельмі добры юнак, ён ніколі не крыўдзіцца і з аптымізмам глядзіць на жыццё. І калі матуля пачынае часам ушчуваць яго за адзнакі, той філасофскі заўважае: “Не хвалюйся, мама, галоўнае, каб я чалавекам быў”.
– А хлопцы мае сапраўды цудоўныя – самастойныя, ветлівыя, адказныя, – кажа Тэрэса Іванаўна. – Мы іх выхоўвалі ў строгасці. Яны паважаюць слова бацькоў – аднак і мы лічымся з іх меркаваннем. І ніколі не ўплывалі на іх выбар.
А яшчэ Тэрэса Іванаўна спазнала шчасце сапраўднага сяброўства. Яе верная сяброўка дзяцінства Леакадзія Іванаўна стала для яе, як сястра. І хоць Леакадзія жыве ў Вароне, жанчыны пастаянна сустракаюцца, дзеляцца сакрэтамі, марамі, перажываннямі. І ведаюць, што ў цяжкую хвіліну заўсёды працягнуць адна адной руку дапамогі.
У вольны час Тэрэса Іванаўна любіць папеставаць сваіх хатніх чым-небудзь смачненькім – асабліва ўсе любяць мамін плоў, цэпеліны і выпечку. Падабаецца жанчыне хадзіць у лес па ягады і грыбы.
– А яшчэ я люблю кветкі, – кажа Тэрэса Іванаўна, – асабліва раннія – цюльпаны, крокусы, нарцысы. Потым за лета неяк прывыкаеш да прыгажосці навокал, а вясной, як толькі пачынаюць зацвітаць першыя кветкі – душа спявае.
Пасля працоўнага дня лепшы адпачынак для Тэрэсы Іванаўны – агарод, кветнік, бо зямля адцягвае ўсё дрэннае, і можна спакойна падумаць і памарыць.
– Пра што мару? Канешне, каб дзеці былі здаровымі і шчаслівымі. А для сябе? Хацела б пабачыць свет, асабліва мяне прываблівае ўсходняя культура. Чамусьці хочацца наведаць загадкавую Індыю – там рэальнасць нагадвае казку.


-------------------------------------------------
Вольга ШОЎКУН, фота аўтара.