Пётр Нямыцкі: невядомы, але не забыты

13:33 / 02.04.2010
Побач з прыгожым помнікам з чорнага граніту, які парафіяне паставілі на магіле ксяндза Алёйзы Тамковіча, знаходзіцца шэрая каменная пліта з лаканічным надпісам: “Святой памяці ксёндз Пётр Нямыцкі, пробашч Астравецкі. 1887 – 1946 гг.”
І ўсё. Здабыць яшчэ хаця б якую інфармацыю пра гэтага святара мне не ўдалося, хаця звярталася за дапамогай і да прафесара Адама Мальдзіса, і да пані прафесара Алены Глагоўскай, і праз брата Карнэлія Консэка ў Гродзенскую курыю… Спрабавала “пагугліць” у інтэрнэце – безвынікова. Усюды адказвалі аднолькава: ксёндз Пётр Нямыцкі сапраўды быў пробашчам Астравецкага касцёла святых Казьмы і Дам’яна ў ваенныя і пасляваенныя гады. А больш пра яго ніхто нічога не ведаў. Дарэмна было ўскладаць якія-небудзь спадзяванні на архіў самога касцёла святых Казьмы і Дам’яна – чамусьці ён адсутнічае
.
Але жывуць яшчэ людзі, якія памятаюць гэтага святара і яго справы. Памятаюць і ўдзячны яму, а яшчэ – Богу, які прыслаў на Астравеччыну свайго сапраўднага слугу.
Дадзім слова тым, хто помніць.

– Немцы на конях пад’ехалі да Астравецкага касцёла ў час, калі там адбывалася служба. Перад касцёлам у той час стаяла драўляная фігура Хрыста, агароджаная штыкетнікам, да якога немцы прывязалі сваіх коней. Зайшлі ўнутр, пахадзілі па храму (каменная падлога грымела ад іх падкаваных ботаў), паўзіраліся, хто там знаходзіцца. Трымаліся спакойна – не перашкодзілі ксяндзу Нямыцкаму закончыць імшу. Потым выйшлі і непадалёк ад уваходных дзвярэй сталі абмяркоўваць нейкія свае справы.
Ксёндз Нямыцкі пасля імшы выйшаў з касцёла і падышоў да ваенных. Ён валодаў нямецкай мовай, таму да няпрошаных гасцей звярнуўся па-нямецку: сказаў, што гэта храм, у якім жыве Бог, таму паводзіць сябе ў ім трэба адпаведна. І ветліва, але цвёрда папрасіў іх прыбраць жывёлу ад постаці Хрыста. Было ў нашым ксяндзы нешта такое асаблівае, нейкі духоўны стрыжань, што немцы тут жа забралі сваіх коней і нават папрасілі прабачэння.

З расповеду Яна Шлыковіча, былога жыхара Астраўца


– Жыхарам Астраўца пашанцавала, бо нечакана выявілася, што нямецкі камендант некалі разам з пробашчам Астравецкага касцёла Пятром Нямыцкім вучыўся разам у гімназіі. Дзякуючы гэтаму, шмат каго змог уратаваць тады ксёндз Пётр Нямыцкі ад вывазкі ў Германію. Ён і яўрэям дапамагаў. Гета ў Астраўцы было зроблена ля самага касцёла, ад плябаніі яго аддзяляла толькі высокая агароджа. Расказвалі, што ксёндз Нямыцкі дапамагаў яўрэям прадуктамі, а за некаторых нават адважыўся заступацца.

З успамінаў былой жыхаркі Астраўца Францішкі Букель, запісаных у 1998 годзе.


– Старасту Завельцаў немцы далі загад прыгнаць для іх абозу лепшых коней. Той пашкадаваў беднякоў і прывёў фашыстам няўдалых коней – лепшых падмяніў на горшых, аддаўшы іх бедным сем’ям. Нехта данёс на яго. Старасту і тых беднякоў прывезлі ў Астравец і на плошчы, дзе цяпер пабудавана гасцініца, старасту павесілі, а двух мужчын і жанчыну, якія атрымалі добрых коней, расстралялі. Прычым жанчыну толькі цяжка паранілі – яна праляжала да цемнаты, а потым дапаўзла да касцёла, дзе яе знайшоў і ўратаваў ксёндз Пётр Нямыцкі. Пра гэты факт мне расказала Вера Іванаўна Нікіціна (Падаліс) – былая астраўчанка, якая цяпер жыве ў Мінску.

З артыкула “Мае дзіцячыя ўспаміны” Яніны Кунэйка, АП, №58-59 ад 22.05. 2004 г.


– Брат маёй мамы працаваў у астравецкага багача Барана ўпраўляючым. Калі запахла “смажаным”, Баран пачаў распрадаваць усю сваю маёмасць. Дзядзька тады па дзяшоўцы адкупіў у яго многае. Толькі радавацца давялося нядоўга – прыйшлі саветы, і Ясь стаў кандыдатам на выпраўку ў Сібір. Сям’ю дзядзькі абавязкова вывезлі б, калі б за яго не заступіўся тагачасны пробашч Астравецкага касцёла ксёндз Нямыцкі.
Справа ў тым, што за польскім часам у касцёла была свая зямля і жывёла, для догляду за якімі наймалі батракоў. Дзядзька Ясь да таго, як выбіцца ў прыказчыкі ў Барана, батрачыў у касцёле. Нямыцкі пасведчыў за яго новай уладзе, і Яся пакінулі ў спакоі.

З успамінаў Зянона Лабачэўскага, жыхара Астраўца.


– Знайсці хоць што-небудзь пра ксяндза Нямыцкага ў даведніках мне не ўдалося. Але добра памятаю, як мой швагер Альбін хваліў яго за абарону яўрэяў.

Прафесар Адам Мальдзіс.


– Ну як жа мне не помніць ксяндза Нямыцкага?! Высокі, худы. Хадзіў, абапіраючыся на палачку. Строгі быў. Перад вайной ён у нас катэхезы вёў. Мы прыходзілі ў касцёл, сядалі ў лаўкі, а ксёндз нам тлумачыў новыя тэмы і задаваў пытанні па пройдзеных раней. Я быў яшчэ малы, разумеў не ўсё, і старэйшыя хлопцы мяне падвучылі перад пачаткам заняткаў, як адказваць ксяндзу. Стаў пробашч апытваць нас, звяртаецца да мяне:
– А цябе, Стах, мы папросім расказаць нам, што такое сакрамэнт малажэнства (шлюбу).
Падвучаны старэйшымі, я ўзяў ды ляпнуў:
– Гэта змова двух на тое, каб з’явіўся трэці!
Хлопцы ў задніх лаўках пырснулі ад смеху, а я зарабіў па плячах ксяндзовай палкай…
Касцёл меў многа зямлі – пачыналася яна адразу за плябаніяй і цягнулася ажно да Кавалёў, сённяшняя вуліца Зарэчная стаіць таксама на касцельнай зямлі. Абраблялі яе на маёй памяці Дубіцкі з Ліпнішак і Лукойць – ураджай дзялілі напалову з касцёлам. У ксяндза тады было 6 ці 8 кароў, 2 кані. Калі што-небудзь трэба было зрабіць, ксёндз аб’яўляў пра гэта ў касцёле, і людзі ляцелі да яго куляй. Мяне бацька таксама часта пасылаў туды – то сена разбіваць, то кароў пасвіць. Тады ксяндзоў паважалі – ого! – лічы, не менш, як Бога. Ды пробашча Нямыцкага нельга было не паважаць – вельмі інтэлігентны быў чалавек.
А што людзей ад немцаў ратаваў – гэта дакладна. Памятаю, немцы прывезлі з нейкай вёскі мужчын і кінулі іх у турму, якая знаходзілася ў падвале дома Барана. Казалі, што за нейкую правіннасць іх чакае расстрэл. Назаўтра жонкі гэтых людзей прыехалі да ксяндза Нямыцкага – кінуліся ў ногі са слязьмі… Ксёндз звярнуўся да нямецкіх уладаў, і мужчын адпусцілі.
І за яўрэяў ён заступаўся, як мог. Падкормліваў іх са сваіх запасаў.

З успамінаў жыхара Астраўца Станіслава Даўляша.


– Памятаю, як ён выглядаў: высокі, хударлявы, з арыстакратычнымі рысамі твару. У 1944 годзе мы хадзілі на катэхезу ў плябанію – у параўнанні з хаткамі, у якіх тады жылі мы, жытло ксяндза падавалася нам ледзь не палацам. Навучаў нас вікарый Ян Трохім. Пробашч гэтым не займаўся. Можа, таму што ўжо хварэў.

З успамінаў Яніны Кунэйка, жыхаркі Астраўца.


– Ён быў моцна хворым. Колькі я яго памятаю, пры любым надвор’і ксёндз захутваў наглуха горла. І ўвесь час нешта пад шалікам папраўляў. Пагаворвалі, што ў яго рак горла і ў гартань устаўлена трубка. Яму цяжка было размаўляць. Асабліва ў апошні год-два. Проста адчувалася па голасу, з якім болем давалася пробашчу кожнае слова. Але ён усё роўна праводзіў імшы, прамаўляў казанні.

З успамінаў жыхара Астраўца Станіслава Даўляша.


– Памятаю, мы вярталіся са школы, і нехта сказаў, што памёр ксёндз Нямыцкі. Хоць і трэсліся ад страху (вядома, малыя), але пайшлі ў плябанію. Хацелі развітацца з ксяндзом. Ён ляжаў у труне худзенькі-худзенькі – хвароба зусім стачыла яго. Ад бацькі я неяк чула, што ксёндз Нямыцкі быў не звычайным цывільным ксяндзом, а ваенным. Не ведаю, можа, удзельнічаў у Першай Сусветнай? Пахавалі яго ля касцёла. На пахаванне сабраўся ўвесь Астравец, папрыязджалі людзі з вёсак. Плакалі. Ксёндз Нямыцкі за гады сваёй святарскай працы шмат добрага зрабіў людзям.

З успамінаў Пелагеі Лаўрэцкай, жыхаркі Астраўца.


– Мой тата вартаваў млячарню, якая пасля вайны размяшчалася ў доме насупраць касцёла (у так званай сальцы, якую пару гадоў таму знеслі). Аднойчы ён, моцна напалоханы, сярод ночы нечакана прыбег дамоў. Гэта было на 30-ю ноч пасля пахавання ксяндза Нямыцкага. Расказаў, што апоўначы раптам адначасова расчыніліся ўсе дзверы млячарні, і з магілы ксяндза, якая была прама насупраць, данёсся яго стогн. Перад смерцю пробашч моцна цярпеў ад невыноснага болю і стагнаў. Дакладна такі стогн і пачуў мой тата ў тую ноч. Мама адмахнулася ад яго слоў – маўляў, прымроілася. Але тата стаяў на сваім – трое дзвярэй расчыніліся раптам самі сабой… Тата лічыў, што гэта душа ксяндза Пятра Нямыцкага, адыходзячы ў неба, развітвалася з зямлёй.

З успамінаў Яніны Кунэйка, жыхаркі Астраўца.


Вось так агульнымі ўспамінамі ўсплыло імя яшчэ аднаго незаслужана забытага чалавека, святара, абаронцы пакрыўджаных, забыць якога не маем права. Па закону чалавечнасці.

Сабрала ўспаміны Ганна ЧАКУР.