Ветэранскія калектывы Астравеччыны вызначалі, хто лепшы, у конкурсе народнай творчасці

17:00 / 13.02.2024


У Астраўцы прайшоў раённы конкурс народнай творчасці ветэранскіх калектываў «Сярэбраны ўзрост!».

На суд журы, у склад якога уваходзілі загадчык сектара культуры Астравецкага райвыканкама Вольга Баяровіч, старшыня райсавета ветэранаў Ірына Шляхтун, дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Марына Арлоўская, заслужаны працаўнік культуры Рэспублікі Беларусь і настаўнік ДШМ Данута Блашкевіч, удзельнікі прадставілі па 2 нумары: патрыятычнай і адвольнай тэматыкі.


Першую частку конкурсу адкрыў вакальны гурт «Аксаміткі» тэрытарыяльнага цэнтра песняй «Сінь-васількі». Тэму любавання роднымі краявідамі працягнуў ансамбль народнай песні Міхалішкаўскага клуба «Вілія» з кампазіцыяй «Любы мой край», а танцавальны калек­тыў «Чаромушкі» Тэрытарыяльнага цэнт­ра сацыяльнага абслугоўвання на­сельніцтва зачараваў нумарам «Цветёт черёмуха». Неверагодна пранікнёна выступіў народны хор ветэранаў працы раённага цэнтра культуры і народнай творчасці – у 80-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў выкананая ім знакамітая песня «Журавли» кранула да глыбіні душы: гледачы слухалі стоячы.

У другой частцы «Вілія» гасцінна запрашала «Зайдзі ў хатачку, міленькі зяцёк»; «Аксаміткі» ўзгадвалі юнацкае каханне, лавачку пад бэзам і факстрот пад гармонік у песні «Мамин старенький дом»; «Чаромушкі» запальваюча танцавалі пад «Соловушку»; народны хор ветэранаў працы з нумарам «Ой, за гаем, гаем» расказаў гісторыю дзяўчыны, якая арала, а ёй іграў на скрыпачцы і падміргваў казак.


Па выніках конкурсу ні адзін з калектываў не застаўся без узнагароды. Кожны атрымаў дыплом удзельніка. Да таго ж усім артыс­там журы выказала шмат слоў удзячнасці і захаплення, а таксама пажаданне і далей заставацца актыўнымі і пазітыўнымі. 

Але пераможцаў усё ж вызначылі – на тое і конкурс. Трэцяе месца падзялілі «Чаромушкі» і «Аксаміткі», 2-е – у «Віліі», 1-е заняў народны хор ветэранаў працы.




Ад сябе дадам: у наступны раз, калі будзеце мець вольную гадзіну-другую, схадзіце на гэты конкурс – зарад бадзёрасці і эмоцый гарантавана атрымаеце!



Текст: Главный администратор
Фото: Светлана Федорова