Конкурс творчасці сярод ветэранскіх калектываў прайшоў у Астраўцы

16:30 / 04.03.2023

У другі раз шматфункцыянальны культурны комплекс сабраў ветэранскія калектывы Астравеччыны на конкурс творчасці «Сярэбраны ўзрост».

9293.jpg

Да ўдзельнікаў звярнулася старшыня раённага савета ветэранаў і па сумяшчальніцтву член журы Ірына Шляхтун:

– Быць пенсіянерам нялёгка: раней мы знаходзіліся ў цэнтры жыцця грамадства і краіны, а зараз у нас больш вольнага часу. Некаторых гэта палохае, яны нібы губляюцца, апынуўшыся без справы. Прыемна, што многія знаходзяць сябе ў творчасці: вышываюць, малююць, спяваюць, танцуюць. Як пяецца ў адной песні: «А нам не хочется стареть, на седину свою смотреть…» – жыццё працягваецца. Аб’яўляю конкурс творчасці пажылых людзей адкрытым!

І пачалося!

Конкурс стартаваў з вакальнага падарунка ад Людмілы Кухарэвіч, якая выканала пранікнённую песню «Бацькоўская хата».

9099.jpg

Далей выступалі калектывы – сваю творчасць ім трэба было прадставіць у 2-х частках: патрыятычнага накірунку і адвольнай тэматыкі.

Чароўныя гукі і галасы панесліся па зале, рытмічныя рухі танцаў так і заклікалі далучыцца, а гледачы-ўдзельнікі пляскалі ў далоні сапернікам.

Захапленне, замілаванне, любаванне сваёй краінай адчувалася ў кожнай ноце і кожным слове песень з аднолькавай назвай «Беларусь мая», якія выканалі вакальны гурт тэрытарыяльнага цэнтра «Аксаміткі» і народны хор ветэранаў працы (Цэнтр культуры і народнай творчасці). «Край шырокі ў нас, мірны, дарагі…» – з пяшчотай праспяваў песню «Колькі ў небе зор» вакальны гурт Альхоўскага сельскага клуба «Анютины глазки». Ансамбль народнай песні «Вілія» (Міхалішкаўскі сельскі клуб) звярнуўся да ўдзельнікаў і журы з вакальным прывітаннем «Дзень добры, мая Беларусь». Рухі танца калектыва «Чаромушкі» (ТЦСАН) пад песню «Сэрца беларуса», здавалася, адстуквалі ўдары сэрцаў гледачоў.

Не менш цікавымі і запальваючымі атрымаліся нумары адвольнай часткі конкурсу. «Анютины глазки» фліртавалі с кампазіцыяй «В роще пел соловушка» – ды так, што хацелася перайначыць словы і крыкнуць: як жа вы мне падабаецеся!

9214.jpg

«Аксаміткі» праспявалі «Мамин старенький дом» і ўскалыхнулі «бэзам пад акном» трапяткія, цёплыя і адначасова сумныя ўспаміны.

Гумарыстычную нотку ўнесла «Вілія»: праз вакальны нумар артысткі расказалі гісторыю «кахання» старога мужчыны і маладой жанчыны, якая вырашыла пазбавіцца мужа і знайсці маладзейшага.

«Чаромушкі» ізноў запальна рухаліся па сцэне пад «Беларускую тапатуху», дорачы гледачам не толькі прыгожы танец, але і шчырыя ўсмешкі.

9253.jpg

Завяршыла конкурс лірычна-рамантычная кампазіцыя «Звёздочка тучку задела», якую мілагучным пералівам галасоў выканаў хор ветэранаў.

9164.jpg

Уяўляю, наколькі складана давялося журы, у складзе якого былі настаўнікі дзіцячай школы мастацтваў і работнікі культуры, выбраць лепшых. Усе удзельнікі – сапраўдныя артысты!

Пакуль прафесіяналы падлічвалі балы, харызматычны кіраўнік хора ветэранаў і «Аксамітак» Васіль Карпец парадаваў гледачоў і ўдзельнікаў папуры пад акардэон: «Льёт ли тёплый дождь, падает ли снег…»; «Сёння ў нашай хаце свята…». І зала падпявала яму.

У выніку ўсе калектывы адзначылі дыпломамі ўдзельнікаў. Прызавыя месцы занялі «Чаромушкі» (3-е) і «Вілія» (2-е). Пераможцам стаў народны хор ветэранаў працы.


Текст:
Фото: Светлана Фёдорова