Чым займаецца клуб «Актыўнае даўгалецце»
10:07 / 11.04.2019
Так з поўным правам можна назваць ветэранскі клуб «Актыўнае даўгалецце», што дзейнічае пры раённай бібліятэцы.
Сёння ён выразна абазначыўся як згуртаванне інтэлектуалаў, людзей цікаўных і няўрымслівых. Яны любяць добрую паэзію і ладзяць на сваіх пасядзелках сумеснае чытанне вершаў і прозы, адзначаюць юбілейныя даты любімых пісьменнікаў. Сустрэча з вядомымі паэтамі Леанідам Дранько-Майсюком і Эдуардам Акуліным сабрала поўную чытальную залу раённай бібліятэкі. Наведвальнікі клуба прывялі з сабой знаёмых і сяброў. Цікавяцца ветэраны і творчасцю землякоў-музыкантаў, мастакоў, запрашаюць іх да сябе, каб дакрануцца душой да прыгожага.
А нядаўна з’явілася яшчэ адно новаўвядзенне: на кожным пасяджэнні праходзіць інтэлектуальная размінка, на якой прапануецца адказаць на тры дзясяткі пытанняў з праграмы інтэлектуальнай гульні «Што? Дзе? Калі?». Аказваецца, ветэраны нашы – знатакі у розных сферах ведаў!
Практычна на кожным пасяджэнні па запрашэнні кіраўніка клуба Дануты Францаўны Чарнушэвіч бывае званы госць, а часам і не адзін. Гэта цікавыя людзі, з якімі можна паразмаўляць, часам падыскутаваць. І, несумненна, узбагаціцца новымі ведамі. Да прыкладу, пра дзейнасць Беларускага фонда міру прысутныя даведаліся ад шматгадовага кіраўніка яго раённай структуры Альдоны Станіславаўны Сухадольскай, аб цікавым, насычаным добрымі справамі жыцці моладзі Астравеччыны і супрацоўніцтве старэйшага і маладога пакаленняў распавяла першы сакратар райкама БРСМ Віялета Аляксеявец. Увогуле, запамінальных сустрэч было нямала. Іх удзельнікі звычайна дзеляцца ўражаннямі з роднымі і знаёмымі. У выніку сяброў клуба значна пабольшала! І гэта радуе.