Новы праект “АП” Родам з СССР

09:34 / 08.11.2017
4296
Ужо выраслі, сталі дарослымі і паспяховымі многія з сучасных, «суверэнна-незалежных» маладых людзей, якія нарадзіліся ў Рэспубліцы Беларусь. 

Але ўсё ж большасць з нас родам з СССР – краіны, якой няма, але якая жыве ў нашых успамінах, фотаздымках, гісторыях…

Родам з СССР.jpeg

Падзяліцеся імі з намі і з чытачамі «АП», раскажыце сур’ёзныя і не вельмі гісторыі пра наша колішняе жыццё-быццё: для старэйшых гэта будзе нагодай  вярнуцца, хоць ва ўспамінах, гадкоў на 25, а то і больш, назад. А для маладых, спадзяёмся, гэтыя гісторыі стануць цікавымі і пазнавальнымі: аказваецца, можна было жыць без чыпсаў, кока-колы, камп’ютараў, мабільнікаў, інтэрнэту і многага іншага.

Я часта вяртаюся думкамi у той час, калi была маладая, а мая дачушка – маленькая. Былi гэта далёкiя 80-я гады.

Самым папулярным парфумам у мужчын нашай тагачаснай неабсяжнай радзiмы быў адэкалон «Рускi лес», а ў самых дастойных мужчын – «Шыпр»! (Як гэты «каралеўскi» водар кружыў нам галовы!) І ў аднаго адэкалона, так і ў другога быў своеасаблівы, насычаны зялёны колер. 

Аднойчы дачка пайшла ў госці да суседскай дзяўчынкі. Там яны – балазе, дома нікога не было – сталі гуляць «у модніц»: чаплялi на сябе матуліны пацеркі, надзявалі яе блузкі і туфлі на абцасах. Для завяршэння вобразу не хапала толькі парфуму! На вочы трапіўся татаў «Шыпр» – дзяўчаткам спадабаўся: колер прыгожы і пахне моцна!

odekolon--shipr-80-ml.jpg

Але… Бутэлечка з адэкалонам нечакана ўпала на падлогу і,  пакуль малыя зразумелі, што адбываецца, амаль усё вылілася. Ну, тут ужо без прачуханца не абысціся! Што ж рабіць, каб не атрымаць «на арэхі»?

Дзяўчынкi аказаліся кемлівымі, знайшлі выйсце: налілі ў бутэлечку вады, для колеру дадалі зялёнкі, а паху, вырашылі, хопіць і таго, што застаўся, – вылілася ж не ўсё!

Назаўтра тата даччыной сяброўкі збіраўся ранкам на працу – ціхенька, каб нікога не пабудзіць, памыўся, пагаліўся, у калідоры шчодра памазаў паголеныя шчокі і шыю адэкалонам – і за дзверы: не жанчына ж ён, каб перад люстэркам круціцца!

У аўтобусе сусед усё не мог зразумець, чаму на яго так дзіўна паглядваюць іншыя пасажыры і стараюцца адсунуцца падалей. «Мусіць, шмат адэкалону выліў на сябе», – вырашыў мужчына.
 
На працы  таксама па-асаблiваму, са здзіўленнем і ўстрывожанымі роспытамі: «Што здарылася?» –  сустрэлi «зялёнага чалавечка». 
Толькі потым ён паглядзеў у люстэрка – і сам ледзь прытомнасць не страціў ад свайго зялёнага твару.

Кароткае расследаванне хутка паставіла ўсё на свае месцы. І без прачуханца малыя модніцы не абышліся – бо, як вядома, няма нічога патаемнага, што не стала б яўным.


Рэгiна Дрэма, в. Ліпкі. 



Текст: Администратор сайта
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений