Вёска Белая вада: гісторыя і сучаснасць

08:00 / 19.01.2019
3073

Пра вёску Белая Вада, што ў Астравецкім раёне, яе гісторыю і сённяшні дзень расказваюць яе жыхары і краязнаўца Іаланта Валуевіч.

Сустрэча 
І вось сёлета, дзякуючы дапамозе добрых людзей, я трапіла ў радзінную вёску маёй бабулі. Недзе на генетычным узроўні жыла ўва мне любоў да гэтых мясцін, зацікаўленасць да лёсу вёскі.

З заміраннем сэрца пад’язджа­ла я да Белай Вады… Але тое, што ўбачыла, супакоіла, здзівіла  і нават парадавала мяне.  

Супакоіла, што ў  большасці сваёй дамы ў Белай Вадзе дагледжаныя, ёсць некалькі і новых, перабудаваных навасёламі, якія вырашылі з горада перабрацца бліжэй да прыроды – яна ў гэтым краі проста цудоўная. 
Здзівіла доўгая брукаваная вуліца. 

image (8).jpg

Парадавалі звонкія дзіцячыя  галасы ў адным з двароў і прыгожыя кветнікі. А яшчэ  – надзвычай прыгожыя аканіцы ў новых і пакінутых будынках. Нібы  вочы прыгажунь, падведзеныя ўмелай рукой візажыста, прыветна глядзелі яны на свет Божы. Нават у тых дамах, да веснічак якіх ужо пазарасталі сцежкі, вокны глядзелі не сумна-тужліва, а спакойна і мудра, нібы людзі, якія годна, у працы і малітве пражылі свой век – і гэтак жа годна рыхтуюцца да вечнасці, разумеючы, што час не павернецца назад.

IMG_5217.jpg

Адкуль пайшла назва
 Тапонімаў з назвай Белая Вада шмат. 
У Сяргея Ясеніна ёсць апавяданне «У Белой Воды». 
Белая Вада – рака ў Томскай вобласці. 
Турысты-воднікі белай вадой называюць небяспечную, экстрэмальную рэчку, дзе гудуць, пеняцца вадавароты.
Белая вада яшчэ і з’ява ў зоне Бярмудскага трохкутніка, калі вада раптам становіцца белай, як малако, а далягляды – нябачнымі. Тады і адбываюцца містычныя знікненні судоў і самалётаў. 
Ганна Гасперская, якая падштурхнула мяне да напісання гэтага нарыса, раней жыла паблізу Белай Вады, а зараз па волі лёсу апынулася ў Паўночнай Асеціі, расказвала, што паблізу Уладзікаўказа, дзе яна зараз жыве, ёсць вялікае сяло з асецінскай назвай Урс Дон, што ў перакладзе азначае Белая Вада.

Гасперская Г.А..jpg

Ганна Гасперская

Ёсць некалькі версій расшыф­роўкі назвы нашай Белай Вады. Самая папулярная расказвае пра возера, якое становіцца белым, калі пачынаюць квітнець лілеі.  Некаторыя гаварылі, што вада ў рэчцы Дудка, якая працякала праз вёску, была чыстай і празрыстай – белай. 
Нядаўна, перабіраючы старыя запісы, я знайшла вершы і песні, запісаныя ад бабулі, а сярод іх – верш-балада пра Белую Ваду: бабуля яго не расказвала, а спявала.  

У Жалядскім касцёле па вспульнай малітве 
ксёндз парафіянаў бласлаўляў на бітву.
Як пачулі пра гэта царскія сатрапы,
 спалілі ў Жалядзях аж 33 хаты.
Збілі нагайкай ды ў роднай хаце 
і жывой спалілі Адаськаву  маці.
У лес да паўстанцаў бацька ўзяў малога –
 хаваўся ў лесе няшчасны нябога.
Каб не гаравала дзіцятка ў атрадзе,  
знайсці яму мамку Віславух парадзіў.
Узяў малога бацька, паехаў у поле, 
дзе чувалась песня на ўсё наваколле.
Маладая дзеўка спрытна жала жыта, 
убачыла паўстанца, стала, як урыта.
«Памажы нам, жнейка, акажы нам ласку, 
пакуль на вайне я, дагледзь мне Адаську».
Пільнавала шчыра, як свайго дзіцяці, 
Ды не даглядзела – не быць ёй ужо маці.
Абляцела вёску страшэнныя чутка: 
Адаську ў абдымкі ўзяла рэчка Дудка.
Прыбегла на бераг прыёмная маці,  
бухнулася ў рэчку дзіця ратаваці.
Адаська быў мёртвы, маці абамлела, 
Вада ў той жа момант у рэчцы стала белай.
І ўслед за сынам  на дно пайшла маці – 
 З таго часу вёску Белай Вадой зваці.
Паўстанец, пачуўшы пра гэта няшчасце,  
на бераг Дудкі на кані прымчаўся.
Вяночкі з кветак кідаў у ваду смела 
 і вада ў рэчцы станавілась белай.
І ў трэці раз у рэчцы вада белай стала, 
калі сляза ў рэчку бацькава ўпала.

Падзеі, апісаныя ў гэтым вершы,  маюць гістарычную аснову. У лясах, каля вёскі Золава (цяпер Літва), што непадалёк ад Белай Вады, быў сфарміраваны баявы атрад Фелікса Віславуха. У лютым 1863 года яны захапілі мястэчка Жалядзі. Каля Жалядскага касцёла быў зачытаны маніфест паўстання, спалены партрэт цара Аляксандра II  і дакументы сельскай управы. Тры чалавекі з мястэчка далучыліся да атрада Віславуха. У  адказ царскія ўлады  адправілі сюды паўсотні казакоў і ўзвод пяхоты Неўскага палка. Арыштавалі тагачаснага ксяндза-кармяліта Клямента Мілера  за сімпатыі паўстанцам і спалілі дамы неблаганадзейных сялян. 

А што датычыцца назвы вёскі, то, згодна са звесткамі, пада­дзе­нымі у кнізе «Памяць», першыя дакументальныя запісы пра  Белую Ваду вядомы з 16 стагоддзя.

image (6).jpg

З гісторыі 
Белая Вада ў 1553 годзе – сяло ў маёнтку Трокенікі, уласнасць брэсцкіх ваяводзічаў Фёдара і Марціна Юр’евічаў Тышкевічаў. У 17 ст. вёска ў Ашмянскім павеце Віленскага ваяводства ВКЛ. У 1690 г. адносі­­-
лася да Быстрыцкай парафіі. У 19 ст. у Завілейскім павеце Літоўскай, а з 1801 г. – Віленскай губерніі. Прыватная ўласнасць маёнтка Шайкуны.  Належала памешчыку Сволькену. У 1872 г. 29 рэвізскіх душ у Свянцянскім павеце Віленскай губерніі.  Належала да Падольскай сельскай грамады. 

У пачатку 20 ст. 114,13 дзесяціны зямлі ў Аляк­санд­раўскай воласці Свянцянскага павета Віленскай губерні. З 1922 г. у складзе Польшчы, з 1939 г. – у складзе БССР. З 12.10.1940 г. Белая Вада – вёска ў Жукойніцкім сельсавеце Свірскага раёна, Вілейскай, а з 20.09.1944 г. – Маладзечанскай вобласці. З 20.01.1960 г. – у Гродзенскай вобласці ў складзе РУП  «Саўгас «Падольскі».
У 1897 г. – 28 двароў і 170 жыхароў.
1927 г. –   36 двароў і  190 жыхароў. І яшчэ 4 дамы-калоніі і 20 жыхароў.
2004  г. –   31 двор, 55 жыхароў.
2018 г.  –  16 двароў (з іх 3 – дачныя) і 28 чалавек, з іх трое дзяцей. (Дай, Божа вырасці ім здаровымі, разумнымі і праславіць сваю прыгожую вёску).

Успомніліся аповеды бабулі Сабіны пра тое, як нацярпеліся ў час грамадзянскай вайны; як ішлі бальшавікі, адзетыя хто ў што; як перажылі страшэнны голад: летам так-сяк з  лебяды на грыбы-ягады перабіваліся, а зімой, расказвала, маці пасылала ў лес за сасновай карой і белым мохам. Іх сушылі, потым таўклі ў ступе і дамешвалі да цеста – дакладней,  жменьку мукі дасыпалі да гэтага месіва. Хлеб атрымліваўся калючы, шорсткі – страўнікамі потым мучыліся. Але іншага не было. Ды, нягледзячы ні на што, выжылі і працавалі, і на здароўе потым не скардзіліся.

image (1).jpg

Працавалі ў асноўным у пана Сволькена. Большасць мужчын наймалася ў смалярню, дзе праца была цяжкая, пад сілу толькі дужым і здаровым. Але і даходная – шкіпінар ды дзёгаць заўжды былі запатрабаваны. 
І пра паноў Сволькенаў бабуля расказвала. Аднойчы ішлі яны з сяброўкай з Клюшчан з фэсту і па дарозе нагналі іх паніч з ака­номам, дадому правесці вызваліся. Паніч стаў ля Сабіны, а аканом – ля яе сяброўкі. Мая бабуля была крутога нораву: «Думаў, што я самлею ад шчасця! Патрэбны ён мне! Ведаю я гэтыя панскія любошчы!» А сяброўка бок адцёрла і нагу адтаптала, каб бліжэй да паніча падабрацца. Прыпынілася Сабіна, нібыта шнурок у пантофлі паправіць – і памянялася месцамі з сяброўкай: «Цешся!»

Луцыя Рамуальдаўна 
Праязджаючы праз вёску, я спынілася ў захапленні ля незвычайнага вясёлкавага дворыка, дзе ўперамешку з садовымі кветкамі буялі рукатворныя казачныя, а між іх схаваліся зайчыкі і іншыя забаўныя звяркі. Рознакаляровыя пеўнікі ўпрыгожвалі калодзеж. 

image (7).jpg

З дому выйшла сімпатычная малажавая жанчына з прыязнай сонечнай усмешкай. Яна ўся была ахутана арэолам хатняй утульнасці, дабрыні і жыццёвай мудрасці. 
Так мы пазнаёміліся з Луцыяй Рамуальдаўнай Аўсюкевіч, якая сваімі рукамі ўпрыгожыла сядзібу. 
Але аказалася, што Луцыя Рамуальдаўна – яшчэ і заха­вальніца гісторыі сваёй роднай вёскі. Слухаць яе жывы няспешны аповед было суцэльным задавальненнем.  Побач з бабуляй, адсунуўшы камп’ю­тар,  прымасціўся, раз-пораз дабаўляючы ў яе расповед нейкія факты, унук Павел – бабулін гонар і радасць, – які сёлета стаў студэнтам БНТУ.  

Аўсюкевіч.jpg

Луцыя  Аўсюкевіч

Першае, што кідаецца ў вочы, калі ўязджаеш у вёску, – брукаваная вуліца. Лічылася, што брукаванымі былі вуліцы толькі ў мястэчках – Клюшчанах, Жалядзях. Але масцілі  іх і ў тых вёсках, дзе вуліцы былі вельмі гразкія. У Белай Ва­дзе некалі вясной і ўвосень прабіраліся па падмурках, чапляючыся за сцены і вокны. Коні на вуліцы гразлі. 

Луцыя Ра­му­аль­даў­на расказвае, што ў самым гразкім месцы быў пакладзены насціл з бярвенняў – ляжнёўка. Замасцілі дарогу ў 1939 годзе ў стратэгічных мэтах: тут ішлі   войскі з чыгуначнай станцыі Гелядня на Міхалішкі.  Жанчына памятае, як дзеці збегліся пагля­дзець на салдат – і тыя ёй, самай маленькай, далі цукерку. Не паспелі салдаты знікнуць за паваротам, як большыя тут жа адабралі смакату. Але падзяліць гасцінец на ўсіх не атрымлівалася – і яны з дзіцячай непасрэднасцю вырашылі пасадзіць цукерку на градзе, каб увосень сабраць цукеркавы ўраджай: палівалі, назіралі – ды ўсё марна… 

Кожны вясковец прымаў у­дзел у рамонце дарогі, працаваў са сваімі коньмі – адбывалі па некалькі дзён шараваркі. Дужа запатрабаванымі былі  і высока цаніліся на той час кавалі – коней падкаваць, калёсы паправіць, вупраж змайстраваць. Павел з гонарам расказаў, што яго пра­дзед быў кавалём і ва ўсёй акрузе славіўся сваім майстэрствам. Да яго часта звярталіся людзі – і ў знак удзячнасці замасцілі яго панадворак – адзіны ва ўсёй вёсцы. Павел паказаў нам некаторыя вырабы свайго прадзеда, якія ён захоўвае як сямейную рэліквію. А яшчэ кажуць, што моладзь зараз цікавіцца толькі інтэрнэтам!
Малюнкі з дзяцінст­ва запа­­мінаюцца ярка. Луцыя Раму­аль­даўна яшчэ памятае курныя хаты – сама ў такой нарадзілася, а так­сама глінабітныя падлогі, вок­ны без дубэльтаў (аконных рам) – такія былі ў большасці жыхароў. Памятае рэчку Дудку, якая некалі працякала праз ву­ліцу: вясной дзеці па ёй пускалі ка­раблікі. З цягам часу яна зарасла.

Дом Хаткевича 50-е (1).jpg

Дом Хаткевіча, 50-я гады

Новае жыццё.
Саветы  
Першы калгас у Белай Вадзе быў арганізаваны ў 1949 годзе. У яго аб’ядналіся жыхары вёскі і навакольных хутароў. Яму далі назву ў гонар Канстанціна Заслонава, а першым старшынёй абралі Ула­дзіміра Лукшу. Потым перайменавалі ў «Светлы шлях». Калі далу­чылі вёску Ясень, калгас стаў насіць імя Варашылава. У 1960 годзе  прайшла яшчэ адна рэарганізацыя: Белая Вада ўвайшла ў склад саўгаса «Па­дольскі». У вёсцы па­будавалі  ферму  на 200 галоў, а ў Клявеі – ажно на 700 галоў. На гэтых фермах працавала амаль усё мясцовае насельніцтва. Побач з Клявейкім возерам была, бадай, адзіная ў раёне качыная ферма. Праца была не з лёгкіх, але жылі нядрэнна, а галоўнае – весела і дружна.

Школа за польскім часам знаходзілася на хутары Фаліна, а ў вёску была перавезена ў 1951 годзе. У адным будынку размясцілі, як сёння б сказалі, культурна-асветніцкі цэнтр: пад адным дахам працавалі школа, клуб і бібліятэка. 

Вучні1-3кл. Белавадзянскай школы 1968 год..jpg

Вучні 1-3 класаў Белавадзянскай школы, 1968 год

Серафім Дзмітрыевіч Собаль быў першым дырэктарам школы. Настаўніцамі працавалі Ганна Пятроўна Кучынская, Ірына Іосіфаўна Вайцяховіч (Браніцкая), маладыя дзяўчаты Валя і Ніна, прозвішчаў якіх ніхто не ўспомніў.

Ядвіга Жаўнярук з Акартэляў першы час працавала тут загадчыцай клуба-бібліятэкі. Моладзь збіралася сюды з усіх навакольных вёсачак. Нарцыз Лаўрыновіч расказваў, як за 10 кіламетраў хадзілі ў Белую Ваду на танцы. Пілі самагонку – але ніхто не напіваўся! Закусвалі салам з агурком. Танцавалі да чатырох гадзін раніцы, а потым, стомленыя, ішлі басанож па расе з чаравікамі праз плячо – каб ужо ў 8 гадзін у калгасе касіць касой-літоўкай траву. І пры гэтым сіл і маладога запалу хапала на ўсё – і жыццё здавалася цікавым, вясёлым і доўгім.
У адным з гаспадарскіх дамоў быў адчынены магазін, у якім з 1987 па 2005 працавала Луцыя Рамуальдаўна. Магазін закрылі ў 2008 годзе. Зараз, як і ў іншыя малыя вёскі, сюды прыязджае аўталаўка.

Крыж
Паблізу дарогі, што вядзе з Белай Вады на хутар Барова, стаіць крыж – звычайны, жалезны,  такія ставяць на могілках. Мясцовыя жыхары ўжо забыліся гісторыю, якая здарылася паўстагоддзя назад. Распавяла мне яе тая ж Ганна Гасперская з Уладзікаўказа, якая жыве ўспамінамі дзяцінства і памятае кожную родную сцяжынку на сваёй малой радзіме. 

image (9).jpg

Яе бацька Аляксандр Гаспер­скі працаваў лесніком у Па­доль­скім лясніцтве – шчыра, самаддана. Кіраўніцтва яго цаніла і людзі любілі за дабрыню і спагадлівасць. Цяжкія тады былі часы, людзі будаваліся, а грошай  –  адкуль  было іх узяць?!
Чалавек з Падольцаў выпісаў у лясніцтве лес на будаўніцтва новага дома. Ляснік Гасперскі дазволіў яму узяць больш выпісанага, нават даў свайго коніка прывезці. Нагрузіў той чалавек воз, як каню пацягнуць, – а дарога лясная, дрэнная. У адным месцы было гразка, абмінаючы балота, кола ўз’ехала на курган. Бядак кінуўся падтрымаць воз: падставіў плячо, ды не хапіла сілы – воз перавярнуўся і бярвенні заціснулі мужыка. Так і знайшлі яго, абкладзеным бярвеннямі, нібы ў дамавіне.
Ганна расказвала, што той дарогай яны хадзілі ў Белую Ваду ў школу – і заўсёды было страшна, асабліва ў кароткія змрочныя восеньскія дні. І нават зараз, кажа, у снах яна часта ідзе дадому – і адчувае невымоўны страх. 
А крыж таму няшчаснаму паставілі дзеці. Дарога захавалася да гэтага часу, і крыж стаіць, як напамінак, што жыццём трэба даражыць.

 Жыхары
Многае перажыта – і светлага, і балючага, і вясёлага. У пасляваенныя галодныя гады і марадзёры тут вадзіліся, прычым мелі сваю тактыку: падпальвалі лазню, гаспадары беглі ратаваць, а бандзюганы  тым часам прабіраліся ў дом. Так спалілі некалькі лазняў, пакуль людзі не распазналі гэтую хітрую схему і не паклалі канец іх салодкаму жыццю.
Мужчыны з Белай Вады Іосіф Лукша, Франц Міхновіч, Уладзімір Ілюк, Іван Ромаш былі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны. Ромаш служыў польскім афіцэрам, быў у палоне. У канцы 80-х ці пачатку 90-х прыязджалі з польскага  тэлебачання, здымалі пра яго дакументальны фільм. 
Жыве ў Белай Вадзе Рышард Семашкевіч –  унук сябра створанага Казімірам Сваяком «Хаўруса сваякоў» Адама са знакамітага роду Семашкевічаў, самым яркім і вядомым прадстаўніком якога быў святар-паэт Янка Быліна.

Ганна Гасперская нарадзілася не ў самой вёсцы, а непадалёк, на хутары, але Белую Ваду яна лічыць роднай, бо сюды хадзіла ў школу, тут жывуць яе сяброўкі дзяцінства. Як і большасць моладзі, пасля школы яна выехала ў Вільню, а адтуль – на камсамольскую будоўлю ў Краснаярск. Там было 7 будатрадаў, у тым ліку і з Асеціі. Пасля гадавога кантракту яна паехала паглядзець на горы – і вось ужо больш 35 гадоў любуецца імі. Ва Уладзікаўказе закончыла інстытут і цяпер працуе намеснікам генеральнага дырэктара будаўнічай фірмы. 
Памятаюць многія Эдварда Акушку, які пісаў вершы. Як і большасць таленавітых лю­дзей, аднавяскоўцам ён здаваўся дзівакаватым. 

– Вершы пісаў добрыя, толькі не пасылаў нікуды: сярод лю­дзей яны разыходзіліся – і з часам гублялася імя аўтара, – гаворыць Луцыя Рамуальдаўна. 
Верш пра Белую Ваду, які мне расказвала мая бабуля, магчыма, таксама належаў Эдварду Акушку. 

image (2).jpg

Хацелася б добрым словам успомніць і таленавітага майстра-сталяра, які з вялікай фантазіяй і густам выразаў для вяскоўцаў аканіцы – але, на жаль, яго імя ніхто не змог ўспомніць.
Белавадзянцы – народ праца­віты, здольны: усё ў іх спорыцца – і праца, і песня.  Колькі песень яны «на сваю дудку» пера­клалі: «Дзе ж ты, мая самагоначка, дзе, можа, Баранях ці ў Белай Вадзе…ў доме, дзе разны палісад…»   А ўжо вядомую песню «Талая вада», як толькі пачулі – «прысвоілі» адразу: яна  стала своеасаблівым гімнам вёскі: «Белая Вада, Белая Вада, усё з табою звязана – радасць і бяда».
Мая бабуля, акрамя вершаў і песень, ведала яшчэ і мноства прыказак і прымавак, а найбольш любіла паўтараць: «Любы той куточак, дзе рэзаны пупочак».  І сапраўды, родная вёсачка была ёй любай усё жыццё. Што б ні здарылася – радасць, якой хацелася падзяліцца, ці бяда – бабуля на золку, яшчэ сонейка не паспявала прамыць заспаныя вочы ў Белым возеры, узяўшы ў рукі кіёк, напрасткі праз лес за дапамогай і падтрымкай ішла ў  родную вёсачку, у Белую Ваду…

 Іаланта Валуевіч.
Аўтар дзякуе за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыяла Валянціне Супрановіч.


Текст: Иоланта Валуевич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений