Малая радзіма Віктара Брыча

09:33 / 04.01.2019
984

Віктар Брыч, намеснік дырэктара па агульных пытаннях прадстаўніцтва АТ ІК «Атамбудэкспарт» у Рэспубліцы Беларусь:

Раскажыце пра сваю малую радзіму.
Для мяне, як, напэўна,  і для большасці людзей, малая радзіма – гэта месца, дзе я нарадзіўся. Гэта мая родная вёсачка Заплессе ў прыватнасці, і ўвесь Драгічын­скі раён, дзе адбывалася маё станаўленне,  –  у цэлым. 

1.jpg

Менавіта тут я пайшоў у першы клас – дарэчы, раней часу. Магчыма, па гэтай прычыне вучыцца мне не хацелася. Пакуль аднойчы да баць­коў не завітала мая першая настаўніца і не пачала скардзіцца маці, што я нічога не ведаю і ведаць не хачу. Я ў той час сядзеў на печы і чуў  гэтую размову. З таго часу мяне матываваць ніколі ў жыцці не трэба было.

Я выхоўваўся ў звычайнай вясковай сям’і: матуля працавала ў калгасе, тата быў бу­даўніком. З дзяцінства мы з братамі аралі і садзілі агароды, касілі і нарыхтоўвалі сена – гаспадарка была вялікая. Нас выхоўвалі не толькі бацькі, але і праца.

Затым была васьмігодка ў суседняй вёсцы. У гэты час я стаў удзельнічаць у алімпіядах – і зарабіў свой першы  рубель.
У сярэдняй школе №1 г. Драгічына я закончыў 10 класаў. У нас былі цудоўныя настаўнікі, кожны з іх – асоба, якая давала веды і выхоўвала.
Пасля заканчэння педінстытута я вярнуўся ў родны раён – працаваў настаўнікам, потым – намеснікам дырэктара школы, затым –  дырэктарам. За ўсе гэтыя  і наступныя моманты, за выхаванне і ўрокі жыцця  я ўдзячны маёй малой радзіме. 

2.jpg


Ці часта там бываеце?
Сваю радзіму я пакінуў, калі мне было амаль 25 гадоў. З таго  часу  тут многае змянілася:  адны  мае аднавяскоўцы, як і я,  выехалі, іншых ужо няма на гэтым свеце –  але маё Заплессе засталося для мяне такім жа родным і любімым. І я не скажу, што там стала горш. Наадварот, цяпер у нашай вёсцы ляжыць асфальт – у маім дзяцінстве  яго не было. А людзі засталіся тымі ж: мне прыемна з імі сустракацца, размаўляць пра жыццё-быццё, успамінаць і марыць. 

3.jpg

Вуліца, на якой жыла наша сям’я,  называлася Вясёлая. Мы лічылі, што такую назву яна атрымала  з-за таго, што тут жыло шмат дзяцей і ўсё яны былі вясёлымі!

Я сумую па радзіме і стараюся бываць у Заплессі хаця б раз у месяц – тут  пахаваны бацька, тут  жыве маці.   Я стараюся аблегчыць яе жыццё: правёў ваду ў дом, праклаў  каналізацыю, зрабіў электрычнае ацяпленне.

 Думаю   і пра тое, як змяніць маю родную вёску, даць ёй другое жыццё. Хочацца, каб людзі сюды вярталіся і ганарыліся сваёй малой радзімай.

4.jpg

Ці бывае ў чалавека другая радзіма?
Мне здаецца, што Радзіма ў чалавека можа быць толькі адна. Часам чалавеку даводзіцца не раз змяняць месца жыхарства,  ён прывыкае да новага месца  і ўсё ж рана ці позна прыходзіць разуменне, дзе яго радзіма. Мая там,  дзе жыве мая маці і пахаваны мой бацька. 
Што датычыцца Астраўца, у якім я жыву апошнія гады, гэта часцінка маёй роднай Беларусі, якую я люблю і якой ганаруся.

Текст: Елена Ярошевич
Фото: з архіва В.Р. Брыча.
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений