Виталий Бондаренко рассказал про свою малую родину
10:16 / 03.01.2019
Віталь Бандарэнка, майстар спорту міжнароднага класа па боксе.
Калі я быў дзіцем, наша сям’я некалькі разоў мяняла месца жыхарства. Я нарадзіўся ў вёсцы Чырвоная Ніва Хойніцкага раёна. Зараз ад яе нічога не засталося: маладзейшыя выехалі ў горад, а старэйшыя памерлі – з імі свой век дажыла і вёска.
Калі мне быў год, наша сям’я пераехала ў райцэнтр – прыкладна ў гэты ж час здарылася аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. У Хойніках мы пражылі каля пяці гадоў, але я дрэнна памятаю той час.
З-за чарнобыльскай трагедыі бацькі рашыліся на яшчэ адзін пераезд – у іншую вобласць, невядомы раён, але затое не забруджаны радыяцыяй гарадскі пасёлак. Так у 1991 годзе мы сталі жыхарамі Астраўца. І калі Хойніцкі раён – месца, дзе я нарадзіўся, то ў Астраўцы адбылося маё выхаванне, развіццё і станаўленне як асобы. Тут прайшлі мае школьныя гады і юнацтва: я навучыўся сябраваць, дараваць, не страчваць надзею і не апускаць рукі.
Ці часта там бываеце?
Я займаюся боксам і часта бываю ў раз’ездах: трэніроўкі, зборы, спаборніцтвы – спартыўны графік вельмі насычаны, і вольнага часу застаецца няшмат. Таму на Хойнікшчыне бываю рэдка.
Я часта выступаю за мяжой, ведаю людзей, якія падарожнічалі па свеце і жылі ў многіх краінах. Аднак ніхто з іх так і не адчуў там сябе сваім – для карэнных жыхароў яны ўсё роўна заставаліся чужакамі. Дзе нарадзіўся – там і спатрэбіўся.
Радзіма ў чалавека, як і маці, можа быць толькі адна.