Деревня Пронюны: исчезнувшая, но не забытая

07:00 / 30.12.2018
1687
З пісьмовых крыніц
Кніга «Памяць. Астравецкі раён»:
«Пранюны – да 21.02.1994 г. хутар у Гудагайскім сельсавеце. У 1596 г. Пранюны – паселішча, якое згадваецца ў дакументах пры падзеле зямель паміж Пржэславоўскім і Бабровічамі».

Узгадвае гэту вёску і вядомы культурны дзеяч, пісьменнік 19 стагоддзя Ігнацы Ходзька ў сваёй аповесці «Пустэльнік у Пранюнах», выдадзенай у 1858 годзе ў Вільні: «Такая ёсць ваколіца Пранюны; пралягае яна ля гасцінца, так званым чорным, што да Вільна вядзе. <…> Лес тут некалі быў, але з часам, высечаны, ён не вырас на пясчанай і неўрадлівай зямлі.» – пераклад з польскага.

Вёска Пранюны. 60-я гады 20 стагоддзя В ПЕЧАТЬ.jpg

Вёска Пранюны 60-я гады 20 стагоддзя 

Тэму артыкула падказаў зварот жыхаркі Санкт-Пецярбурга Ніны Карпіцкай, якая лічыць сябе крышку астраўчанкай: на Астравеччыне нарадзіўся і вырас яе муж, таленавіты музыкант Іван Карпіцкі, тут ён пахаваны пасля трагічнай смерці – пра яго пісала «Астравецкая праўда» (№74 за 27.09.2008 г.). Сюды, на радзіму Івана, штогод прыязджаюць яго жонка і сын. 

У адзін з такіх прыездаў Ніна патрапіла на пранюнскія могілкі.  
«Недавно хоронили <…> друга на Дегеневском кладбище. Расположено оно глубоко в лесу, довольно далеко за деревней. <…> Кладбище представляет собой подобие огромного кургана с остатками фундаментов древних построек. Может быть, кто-то знает историю этого места?» – пісала Ніна Карпіцкая. 
Тэма гэтая зацікавіла і нас – і паклікала ў дарогу…

IMG_2929.jpg

Пранюнскія могілкі

З успамінаў сведкаў
На гэтым месцы захаваліся муры былых дамоў і здзічэлы сад; могільнік не занядбаны, дагледжаны –  значыць, павінны быць людзі, якія ведаюць пра вёску  і яе жыхароў. 
Пошукі далі вынік: мне па­шчасціла пазнаёміцца з ко­ліш­німі жыхарамі Пранюн – Ген­рыхам Міхайлавічам Вруб­­­леў­­скім, Браніславай Кса­вер’­еў­най Васілеўскай і Рэгінай Ваў­жэнцаўнай Чарну­шэвіч.  

За панскім часам
– Я нарадзілася ў Пранюнах, пражыла там 20 гадоў – з 1935-га па 1956-ы, – расказвае жыхарка вёскі Клеі Ашмянскага раёна Рэгіна Чарнушэвіч. – Ведаю, што ў паноў была служанка, некалькі сямей даглядалі іх гаспадарку: Нэі, Васілеўскія і Ярашэвічы – хаты былі пры маёнтку для іх пабудаваны. Панскі маёнтак стаяў на гары. Ля яго сад вялікі быў разбіты, склеп выкапаны. 
У вёсцы было 15 двароў і два калодзежы – вясковы і ў панскім маёнтку. 

в.Клеі Ашмянскага раёна. 2018 год. Рэгіна Ваўжэнцаўна Чарнушэвіч былая жыхарка в. Пранюны В ПЕЧАТЬ.jpg

Рэгіна Чарнушэвіч

– Я, як выйшла замуж, жыла з мужавымі бацькамі ў Пранюнах – у хаце, якая раней належала да панскага маёнтку, – успамінае  Браніслава Васілеўская, жыхарка вёскі Дзягенева. – Баба з дзедам майго Казюка (муж. – Заўв. аўт.) і яго бацькі ў пана парабкамі былі. Адзін з паноў нават хрысціў майго Казіка. 
Пранюнскімі панамі былі два браты Гружэўскія.

– Яны жылі ў Польшчы, а ў вёску прыязджалі летам і на выхадныя, – узгадвае расповеды мужавай бабулі Гэлі Васілеўскай Браніслава Ксавер’еўна. –  Да іх у маёнтак часта прыязджалі госці. Паненкі на дзіва вяскоўцам з сабой катоў прывозілі, на вяроўках іх на вуліцу выводзілі. (Смяецца) Бабуня мужава ўзгадвала, што дзве алеі ліпавыя там былі і туі раслі – тады такіх раслін ніхто не ведаў! Дарожкі былі паробленыя, кветак усялякіх наса­джана. Калі прыйшлі рускія, то ў Гружэўскіх маёнтак забралі.

У панскай хаце быў асобны пакой з паглыбленнем у зямлю і шкляной сцяной. У гэтым пакоі было шмат кніг, і ў ім часта бачылі аднаго з панічоў. Чым ён там займаўся, вяскоўцы, для якіх галоўнай каштоўнасцю была цяжкая фізічная праца,  не разумелі, і таму яго лічылі чарнакніжнікам.

Капліца 
За вёскай былі могілкі.
– Мужава бабуня расказвала, што на могілках, дзе фундамент захаваўся, стаяла капліца, – расказвае Браніслава Васілеўская. – Яна двойчы гарэла.  Людзі казалі, што абодва разы ў гэтым быў вінаваты яўрэй. 

в.Дзягенева. 2018 год. Браніслава Ксавереўна Васілеўская былая жыхарка в. Пранюны В ПЕЧАТЬ.jpg

Браніслава Васілеўская

Ад бабулі свайго мужа Браніслава Ксавер’еўна чула, што калісьці ў Пранюнах былі дзве яўрэйскія карчмы: адна стаяла ля самых могілак, другая – далей. Неяк карчмары па­сварыліся з-за заробкаў: яўрэй, які гандляваў ля могілак і капліцы, меў большы даход: людзі пасля імшаў, фэстаў, паха­ванняў звычайна  заходзілі ў блі­жэйшую карчму.  Тады другі яў­рэй наняў мужыка з Трайгоў, каб той падпаліў капліцу. 

Святыня згарэла, а вежа, калі валілася, «стала» на зямлю роўна і крыж, што быў на яе даху, нават не пахіліўся. Людзі ўспрынялі гэта як добры знак. І пан аднавіў святыню.  Але неўзабаве яе зноў падпалілі, на гэты раз крыж з вежы ўпаў – і больш капліцу не аднаўлялі. На месцы колішняга алтара паставілі крыж.

– Весці імшу прыязджаў ксёндз з Солаў. Бабуня Гэля ўспамінала: жнём жыта, потым хуценька бяжым на рэчку памыцца, пераапранаемся – і на імшу, – расказвае Браніслава Ксавер’еўна. – А які фэст тут ладзілі пасля Зялёных свёнтак – на дзесёнты пёнтэк! З’язджаліся людзі з навакольных вёсак, уся даліна была коньмі з падводамі застаўлена. 

IMG_2933.jpg

Цяперашняя капліца

Пра набажэнствы пісаў і Ігнацы Ходзька ў сваёй аповесці пра пустэльніка з Пранюн, узгадваючы вялікую колькасць народу: месца не хапала ў капліцы, і людзі стаялі вакол яе. Пісьменнік апісваў, як вялася імша і як пасля яе раздавалі хлеб жабракам.

Цяпер на месцы былога алтара капліцы намаганнямі людзей абсталявана месца для правя­дзення набажэнстваў. Святар з мястэчка Гудагай прыязджае сюды адпраўляць імшу на Усе Святыя, спавядае вернікаў. 

– Могілкі былі абнесеныя мурам і ровам выбрукаваным, – расказвае Браніслава Васілеўская. – Там стаіць вельмі шыкоўны па тых часах помнік – можа, гадоў дзвесце яму.

IMG_2940.jpg

Юзаф Стралкоўскі, які жыў у Пранюнах, расказваў, што гэты помнік з Вільні везлі ажно на шасці конях. На могілках хавалі не толькі мясцовых, але і нябожчыкаў з Талоцішак, Міжан, Скірсцін, Мілайшун, Дзягенева. Цяпер толькі дзягенеўскіх там хаваюць.

– Старэйшыя людзі расказвалі, што пад капліцай быў склеп, з якога праз могілкі вёў тунэль, – узгадвае Генрых Врублеўскі. – У вайну там хавалася яўрэйка з Вільні з хлопчыкам, а мясцовы мужык ежу ім насіў, перахоўваў з месца ў месца. Я малы лазіў туды – паглядзець.  

IMG_2945.jpg

Мур, які застаўся ад хаты Врублеўскіх

Вайна
– Беражком, можна сказаць, міма нас вайна прайшла, – расказвае Рэгіна Чарнушэвіч. – Помню, як немцы на матацыклах лёталі. Адзін час асаднікі жылі ў Пранюнах –  ім тут зямлю раздавалі. 

Бацьку Рэгіны Ваўжэнцаўны немцы забілі: прывезлі ў Астравец і на месцы, дзе цяпер помнік Леніну стаіць, расстралялі. Муж­чыне было загадана коней прывесці, а ён замест добрых горшых у аднавяскоўцаў папрасіў. Толькі для арміі яны непрыдатныя былі. Нехта з мясцовых расказаў немцам пра гэту падмену. 

Мама ў немцаў у нагах поў­зала, маліла не забіваць бацю! Нас жа чацвёра ў бацькоў бы­ло, – вяртаецца згадкамі ў дзя­цінства Рэгіна Чарнушэвіч. –  Маме загадалі адысціся, а яна не паслухалася, сказала: раз так, то забівайце  і мяне! 
І ёй выстралілі ў галаву – куля прайшла навылет. Слабодкаўскія людзі падхапілі жанчыну і аднеслі за касцёл.

– Немцы шукалі маму, каб да­біць, але не знайшлі, –  працяг­вае жанчына. – Калі ўсё сцішылася, яе на кані павезлі ў Слабодку да доктара. Мама цэлы год потым праляжала. Але  і як паправілася, работніцы з яе ўжо не было... 

– Помню, як нашы салдацікі ехалі, калі немцаў прагналі, – гаворыць Рэгіна Ваўжэнцаўна. – Страшныя, пакалечаныя, прасілі есці ім зварыць, папіць даць. 
– Пасля вайны ў Пранюны шмат людзей панаехала з Ві­цеб­шчыны, з Расіі, – узгадвае Бра­ніслава Васілеўская. – У панскай хаце ажно некалькі сем’яў пася­лілася.

Муж і жонка Казімір і Браніслава Васілеўскія. Пранюны.jpg

Муж і жонка Казімір і Браніслава Васілеўскія. Пранюны

Пры Саветах
– Пранюны былі не вёскай у літаральным сэнсе слова  – больш падобныя на хутары, якія стаялі побач: хата  ад хаты – метраў за 200, – успамінае Генрых Врублеўскі, які жыў у Пранюнах у 60-я гады. – Мясцовасць там гарыстая – любілі зімой з узгоркаў на лыжах катацца. Не адну пару зламаеш за сезон! (Смяецца) Лыжы самі рабілі!

– Танцы ладзілі ў хатах, музыкант іграў. Калі ў Дзягенева хадзілі танцаваць, а калі і ў школу – прасілі ў настаўніцы дазволу, – расказвае Рэгіна Чарнушэвіч. – У кіно ў Каменку хадзілі. Моладзь у нас дружная была.

…А панскі дом пасля вайны перавезлі ў Астравец і зрабілі ў ім ветлячэбніцу. 

Калектывізацыя
– Ад панскага маёнтка застаў­ся толькі фундамент, сад ды лістоўніца. Сад надта добры быў – яго калгас забраў. Мой дзед там старажаваў, – гаворыць Генрых Міхайлавіч. – У ім шалаш быў зроблены, замест старажоўкі, – я часцяком з дзедам там начаваў. 

Врублеўскі Міхаіл з бацькамі Юльянам і Юліяй.jpg

Врублеўскі Міхаіл з бацькамі  Юльянам і Юліяй

– Адразу пры Саветах мы аднаасобнікамі былі. Калі пера­пісвалі землі, маці ніхто не пад­казаў, што не трэба ўсю зямлю ўносіць, – яна і запісала, як ёсць, – успамінае пасляваеннае дзяцінства Рэгіна Чарнушэвіч. – Нас такім падаткам абклалі: усё, што вырошчвалі, аддавалі, а самі галадалі. 
Рэгіне было 15 гадоў, як яна вырашыла запісацца ў калгас – не магла сям’я выцягнуць непамерныя падаткі. 

– Пасля таго нашмат лягчэй жыцца стала, – прызнаецца Рэ­гіна Ваўжэнцаўна. – Мяне ў кал­­­гасе шкадавалі, дапамагалі.  
–  У Пранюнах была асобная бры­­гада калгаса імя Чарня­хоў­скага, – дадае Браніслава Васі­леў­ская. 

Казімір Васілеўскі з бацькам. Пранюны.jpg

Казімір Васілеўскі з бацькам. Пранюны


Школа
– Казалі, што да вайны школа ў Пранюнах была ў нечыей хаце, – гаворыць Браніслава Ксавер’еўна Васілеўская. – Сюды вучыцца хадзілі з Міжан, Мілайшун і пранюнскія дзеці. Настаўніца трымала коз – чамусьці гэта найбольш за­помнілася, бо ў вёсцы трымалі кароў, коней, а тут – козы! Яе так і празывалі: баба з казой. 

Рэгіна Чарнушэвіч расказала, што пасля вайны хадзіла ў школу пад Мілайшуны. Чатыры зімы адхадзіла: восенню і вясной не вучылася, бо працы было шмат па гаспадарцы і ў полі.

– На экзамены мама мяне не пусціла, бо сеяць не было каму: баці няма, маці не можа, – уз­гадвае Рэгіна Ваўжэнцаўна. – Як я плакала тады: дзеці ідуць, убраўшыся,  – а я не магу!

– Я вучыўся ўжо ў Дзягеневе – гэта ў 60-х было, – расказвае Генрых Врублеўскі. –  У хаце мы па-польску размаўлялі, а ў школе вучыліся на беларускай мове. 

Гэля (маці) і Франц (сын) Васілеўскія. Ля сваёй хаты пры панскім маёнтку. Пранюны.jpg

Гэля (маці) і Франц (сын) Васілеўскія. Ля сваёй хаты пры панскім маёнтку. Пранюны


Час цяперашні
– Павыязджалі людзі: хто сваю хату перавёз у якое байчэйшае месца, хто прадаў пад перавоз, – пералічвае Браніслава Васілеўская. – Наша сям’я выехала з Пранюн у Дзягенева ў 1971 годзе. Помню, як на санях калгасных мэблю цягнулі.
– У 1974-м дзве жылыя хаты яшчэ былі тут, – успамінае Генрых Врублеўскі. – Андрыеўскія і Чурлоўскія з Пранюн выехалі апошнімі.

IMG_2943 В ПЕЧАТЬ.jpg

Генрых Врублеўскі

– Я ўсіх помню, хто ў Пра­ню­нах жыў: Буцвілаў, Андрыеўскіх, Стралкоўскіх, Дэгісаў, Амбра­жэвічаў, Чур­лоў­­скіх, Врублеў­скіх, Алях­но­­ві­чаў, Рагальскіх, Коўза­­наў, Васі­леўскіх, Нэяў і Яра­­шэвічаў, – расказвае, малю­ючы на арку­шы план былой вёскі, Рэгіна Чар­ну­шэвіч. – Цяпер толькі на могільніку і збіраюц­ца родзічы колішніх пранюнскіх жыхароў.

Пранюны. Геня Буцвіла з мужам.jpg

 Геня Буцвіла з мужам. Пранюны

– Памерла наша вёска даўно,– гаворыць з непрытоеным шкадаваннем Браніслава Ксавер’еўна. – Цяпер ад колішняй вуліцы толькі вузенькі равок застаўся, рэшткі панскага саду, ды хата Дэгісаў стаіць. 

Пранюны (х.Дзягенева). Валянціна Галко справа ля бацькоўскай хаты В ПЕЧАТЬ.jpg

Пранюны (х.Дзягенева). Валянціна Галко (справа) ля бацькоўскай хаты 

– Хата гэта бацькоўская, я тут жыву, агароды саджу, квет­нікі, сад ёсць, – пацвярджае Валянціна Галко, у дзявоцтве Дэгіс. – Аўталаўка ў Дзягенева два разы на тыдзень прыязджае. Люблю тут, і дзецям падабаецца. Але  зараз гэтае месца ўжо называецца хутар Дзягенева. Раней тут лесу не было: станеш на ганак – і далёка відаць навокал. І электрычнасці не было – а цяпер мы падключаныя да чыгункі. 

Пранюн ужо няма – і наўрад ці калі вёска адродзіцца. Але ж памяць пра яе жыве  ва ўспамінах яе жыхароў, у старой лістоўніцы, у замшэлых магільных помніках. А галоўнае – у цікаўнасці нашчадкаў: гэта дае надзею, што і надалей памяць пра гісторыю гэтага месца будзе жыць.



Текст: Рита Дремо
Фото: аўтара і з сямейных архіваў Г. Врублеўскага, Б. Васілеўскай
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений