Людміла Кухарэвіч расказвае пра Варняны

15:55 / 18.09.2018
6606
Варняны... Больш як 40 гадоў я тут жыву, працую, спяваю, складаю вершы, малюю. Тут мой дом, мая сям’я, мае родныя і блізкія, суседзі, сябры, вучні. Тут я сфарміравалася як асоба… Варняны – частка майго сэрца, маёй душы. Тут я адчуваю сябе ўтульна і спакойна. Шырокія галіны-далоні магутных каштанаў паміж школай і касцёлам лагодна ахінаюць мяне, чырвоным агеньчыкам свеціць цагляная вежа на ставах, задуменна шапоча парк, магутнай постаццю ўздымаецца ў неба касцёл Святога Юрыя. Подых часу тут я адчуваю больш, чым у іншых мясцінах Астравеччыны…

Гістарычнае мінулае Варнян – цікавае і тра­гічнае. Тройчы гарэў панскі палац – і пасля апошняга пажару не аднавіўся. Больш за тры стагоддзі вёска была вотчынай паноў Абрамовічаў, зна­ка­мітага шляхецкага ро­ду князёў Вялі­кага княства Літоў­скага, – але знатны род не пакінуў пасля сябе нашчад­каў. Гісто­рыя вёскі абрасла ле­ген­­дамі і падання­мі – ра­мантычнымі і сум­нымі.

Выгляд плошчы у 1952.jpg

У перакладзе з літоўскай мовы Варняны азначае «шпакоўня», а па меркаванні беларускіх вучоных-лінгвістаў «Варняны» – гэта «ворная зямля». Мне больш да душы літоўскі пераклад, бо з вышыні птушынага палёту цэнтр Варнян падобны да гнязда, а жыхары вёскі – на птушак і птушанят. 

Больш за шэсцьсот гадоў нашай вёсцы. У 14 стагоддзі яна называлася Касакоўшчызнай, пазней – Сільвестраўшчызнай і належыла князям Сангайлам, якія пабудавалі драўляны касцёл і дом прыходскага святара. Так Варняны набылі статус мястэчка. На працягу 16 стагоддзя ўладальнікі Варнянаў часта мяняліся, пакуль яны не сталі ўласнасцю Яна Абрамовіча, пра якога ў дакументах Вілен­скага архіва запісана: «Ян Абра­мовіч на Варнянах, ваевода Смаленскій, … староста Лідскій і Венденьскій…». Гэта быў знакаміты грамадскі дзеяч ВКЛ, пісьменнік і рэфарматар, які пабудаваў у Варнянах кальвінісцкі збор, шпіталь і школу – яны існавалі да сярэдзіны 17 стагоддзя. Традыцыі бацькі прадаўжаў сын Мікалай, потым Варняны належалі яго сыну Самуэлю… У 1760 годзе мястэчка перайшло па спадчыне Юрыю Абрамовічу, чашніку віленскаму, падваяво­дзе ві­лен­ск­аму, старасце старадубскаму, які жаніўся на Марцыяне Дзерналовіч з вельмі набожнай і багатай сям’і гербу «Любіч», уладальніка маёнтка Шарсцін Рэчыцкага павета. 

Свиран xviii ст злева лядоуня.jpg

Свіран XVIII стагоддзя (злева лядоўня)

У 1760 годзе Марцыяна і Юрый (Ежы) Абрамовічы  распачалі бу­даў­ніцтва каменнага касцёла (пазней ён двойчы дабудоўваў­ся), а на месцы старой сядзібы Абрамовічаў заснавалі новую рэзідэнцыю. Але Юрый хутка памёр, і пані Марцыяна працягвала будаўніцтва сама. Сорак чатыры гады гэтая легендарная жанчына аддала Варнянам. Дзякуючы яе настойлівасці, мастацкаму густу і сувязям, у другой палове 18 – першай палове 19 стагоддзяў сядзіба ў Варнянах лічылася адной з прыгажэйшых на Віленшчыне. Узнікненне ўзорнага будаўніцтва было выклікана жаданнем аднавіць край пасля шэрагу спусташальных войнаў. «Яно стваралася намаганнямі асобных магнатаў і шляхты на аснове прыватных мануфактур» – пісаў поль­скі даследчык Ула­дзіслаў Чэбінь­скі. У тагачасных Варнянах былі, як сведчаць архівы, лесапільня (тартак), піваварны завод (бровар), працаваў млын.

img005.jpg

Млын

Сядзіба Абрамовічаў з’яўлялася часткай узорнага Варнянскага палацава-гарадскога архітэк­турнага ансамбля, спраектаванага і пабудаванага архітэктарам Аўгустынам Касакоўскім у стылі позняга віленскага барока. Ансамбль уключаў касцёл Святога Юрыя, плябанію і алтарню, палацава-паркавы ансамбль, карчму і 16 тыповых аднапавярховых жылых дамоў для чэлядзі і дваровых людзей. Акрамя палаца, гасцініцы, бровара, тартака і купальні, усе пабудовы часткова захаваліся да сённяшняга часу. 

1943г. Варняны ля млынавога става.jpg

Чварак -- дом-барак на беразе става 1957.jpg Ля млынавога става, 1943 год

За тры з лішнім стагоддзі ландшафт нашай мясцовасці моцна змяніўся, але, як і раней, велічны храм, як магутны волат, узвышаецца над вёскай, ахоўваючы яе ад бяды. Яго абрысы спара­джаюць у душы адчуванне пя­шчотнай чыстай музыкі. Часам хочацца падысці да касцёла, дакрануцца да яго сцен, адчуць тое, што перажыў храм, убачыць праз яго вежы-вочы людзей, што жылі тут, падзеі, якія адбываліся вакол яго на працягу шматлікіх стагоддзяў. Часам вечарамі я прыходжу сюды, падымаюся па прыступках, схіляю галаву перад яго веліччу, святасцю, муд­расцю і любоўю – гэта Божы дом, куды чалавек ідзе па выратаванне сваёй душы. Ад сцяны патыхае адначасова і холадам, і цяплом, і яшчэ нечым незвычайным, нібы дакранаешся да сівой даўніны. 

img001.jpg

Плошча ў Варнянах з касцёлам Святога Юрыя

Ажываюць падзеі, што адбы­валіся тут стагоддзі назад: здаецца, увачавідкі бачыш пад­воды з каменнем, цэглай і пяском; назіраеш, як статная цёмнавалосая жанчына назірае за будаўніцтвам, а потым скіроўваецца шырокай ліпавай алеяй да двухпавярховага будынка, што стаіць у канцы яе. Вакол палаца – экіпажы, ярка свецяцца вокны, чуецца музыка... 

Перад вачыма мільгаюць па­­дзеі, нібы старонкі найці­ка­вейшай кнігі. Вось на плошчы цівун – ён склікае сялян жаць жыта. Каля іх па дарозе праязджае атрад вершнікаў у даспехах – чуваць нават цокат капытоў. Яшчэ адна старонка – і плошча заліта сонечнымі промнямі. Які вялізны кірмаш! Чаго тут толькі няма: арэхі і сала, мёд і грыбы, масла і сыры, пянька і шкуры, гаспадарчае начынне з дрэва, тканыя ручнікі і посцілкі. Воддаль  – пляцоўка, дзе цыган і мядзведзь паказваюць прадстаўленне. Тут жа шныраюць цыганкі з кар­тамі... 

img007.jpg

Свята ў Варнянах, 2005 год

Уяўленне міжволі малюе і палац-рэзідэнцыю – такі, як на ўнікальных малюнках-літа­гра­фіях Напалеона Орды, якія зараз знаходзяцца ў зборах Нацыянальнага музея ў Варшаве. Палац быў двухпавярховы, драўляны, з двума кароткімі крыламі, з ганкамі, што вялі ў парк. З выгляду ён быў суровы, без асаблівага дэкору. Але сціплы знешні выгляд палаца кампенсаваўся багатым унут­раным убраннем. У аздабленні пакояў мастак Канстанцый Атасельскі выкарыстаў самыя лепшыя фарбы, пазалоту, лак, дарагія тканіны, якімі былі абцягнуты сцены пакояў, а часткова – абабітыя драўлянымі панэ­лямі. Столь была аздоблена багатай ляпнінай і жывапіснымі карці­намі, белыя і залатыя лакіраваныя вокны і дзверы. 

Сіметрычна з двух бакоў палаца стаялі дзве сціплыя драўляныя афіцыны. Паміж імі і палацам быў разбіты вялікі газон з кругам у цэнтры. Навокал раслі клёны, ліпы, ясені, елкі, еўрапейская лістоўніца, сасна веймутава, якія часткова захаваліся і дапамагаюць нам сёння вызначыць месца параднага двара. Ад касцёла да брамы вяла ліпавая алея, а ад брамы да палаца – шырокая алея клёнаў, адзінаццаць з іх засталіся да нашага часу. Старыя, шапаткія, задумліва стаяць яны, сведкі гісторыі… Каб жа мы ўмелі разу­мець шэпт іх лісточкаў – колькі б таямніц адкрылася нам!

У строй школе на уроку працы 1943г.jpg

У старой школе на ўроку працы, 1943 год

Парк у той час з’яўляўся састаўной часткай палацава-паркавага ансамбля. Ён размяшчаўся за палацам, аснову яго кампазіцыі складаў вялікі вадаём з востравам, да якога вёў перакідны мосцік.

Вадаём з’яўляецца часткай складанай воднай сістэмы з 26 вадаемаў – адной з найбуйнейшых у сядзібах Беларусі. 
На другой восі сядзібы знаходзіцца алея, якая ад параднага двара вяла ў былы гаспадарчы двор. Ад яго захаваліся чатыры будынкі: белы атынкаваны будынак свірана і маленькая лядоўня. У 1997-1998 гадах дзякуючы намаганням тагачаснага старшыні калгаса імя Чапаева Уладзіміра Рука  былі адноўлены млын і вежа-альтанка.

Кузня каля млынавога става 1960 каваль -- рогач Генадзь малатабоец -- Шымаски Станислау.jpg

Кузня каля млынавога става, 1960 год. Каваль Генадзь Рогач, малатабоец Станіслаў Шыманскі.

Вежа-альтанка, якая ўзвышаецца на востраве, пабудаваная напачатку 19 стагоддзя з чырвонай цэглы, сёння – самае рамантычнае месца адпачынку варнянцаў і астраўчан. Яе яшчэ называюць вежай закаханых, бо існуе паданне пра паненку-гувернантку і паніча, сына Марцыяны Абрамовіч. Кажуць, што старая пані не дазволіла ім ажаніцца, і дзяўчына ў адчаі ўтапілася ў ставе. На Купалле яна з’яўляецца прывідам над ставам, нібы спрабуючы штосьці сказаць. Я ніколі не бачыла прывідаў, не веру ў гэта – аднак месца ля вежы-альтанкі ў нас лічыцца таямнічым і загадкавым.

Варянская вежа 1949г.jpg

Ля варнянскай вежы, 1949 год

Род Абрамовічаў вы­мер – апошні з яго прад­стаўнікоў не меў дзяцей і памёр не сваёй смерцю. Палац пазней згарэў – і больш не аднавіўся. 
З палацам і касцёлам звязана яшчэ адно паданне: казалі, што ад касцёла да палаца існаваў падземны ход, па якому можна было праехаць конна, але за даўнасцю гадоў гэты ход заваліўся, пахаваўшы ўсе таямніцы Абра­мовічаў.

Фундатарка касцёла Марцыяна Абрамовіч, паміраючы, загадала пахаваць яе пад першай прыступкай касцёла. Для чаго? Каб людзі часцей успаміналі? Ці нейкія іншыя прычыны былі на тое? Ніхто гэтага не ведае. Аднак, калі расказваюць пра гісторыю Варнянаў, у памяці ўсплывае крыху таямнічы воб­раз іх славутай гаспадыні Марцыяны Абрамовіч – энергічнай, высокаадукаванай, разумнай і дальнабачнай патрыёткі свайго краю.

Шкада, што не засталося ў Абрамовічаў прадаўжальніка сямейнай справы. Але тое, што зрабіла пані Марцыяна, што зрабілі працавітыя рукі варнянцаў, і праз стагоддзі нясе славу зямлі, якая дала ім жыццё, ускарміла сваіх дзяцей. Верыцца, што менавіта ў гэтыя гады, прысвечаныя малой радзіме, каля касцёла з’явіцца камень-помнік у гонар нашых землякоў, патрыётаў-беларусаў Юрыя і Марцыяны Абрамовічаў, заснавальнікаў гэтай цудоўнай сімфоніі ў камені і цэгле – помніка горадабудаўніцтва ў вёсцы Варняны на любай Астравеччыне.

Сёстры Брашкевич Вераника и Шэмис Гелена 1954.jpg

Сёстры Вераніка Брашкевіч і Гелена Шэміс. 1954 год

…Я часта выбіраюся ў паез­д­кі. А калі вяртаюся і бачу нашу прыгажуню-вежу і магутныя гмахі касцёла Святога Юрыя, на душы становіцца цёпла і светла, сэрца напаўняецца радасцю і любасцю. Гэта яна, мая родная зямля, мая маленькая радзіма…

Людміла КУХАРЭВІЧ. 
Аўтар і рэдакцыя «АП» дзякуюць за прадастаўленыя гістарычныя фотаздымкі сем’ям Г. Калінічэнкі, Я. Шыманскай, Г. Шэміс, С. Масейкі.

Чварак -- дом-барак на беразе става 1957.jpg

Запусты в старой Ворняской шокле 1938 г..jpg

Хлопцы 50-ых гадощ.jpg

сутракаюць маладых.jpg

паездка у НАрач на адкрыццё помника 1953.jpg

Будауництва моста памиж ВАрнянами и ВАронай 1938г.jpg

ВАрнянски парк 1947г.jpg

Закладка паринка 1943 г..jpg

Текст: Администратор сайта
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений