Репортёр выходит в свет. Как лечиться будем?

14:35 / 11.02.2013

Усе мы, стаміўшыся ад зімы, з нецярпеннем чакаем веснавога сонейка, цяпла, прылёту птушак, вясёлага гоману ручаёў. Але вясна звычайна прыносіць з сабой і абвастрэнне розных балячак, прастуды, грыпу…
Як людзі змагаюцца з хваробай, якой медыцыне – афіцыйнай ці народнай – аддаюць перавагу? Каб даведацца аб спосабах лячэння, наш карэспандэнт “адправіўся ў народ”.


Генаэфа Астратаўна Жукоўская, участковы ўрач-тэрапеўт (фатаграфавацца адмовілася):
– Па свайму вопыту магу сказаць, што ў апошні час людзі больш давяраюць афіцыйнай медыцыне. Пры першых сімптомах захворвання стараюцца звярнуцца да ўрача, прымаюць тыя лекавыя сродкі, якія ім прызначаюць. Пры гэтым хворыя просяць параіць, ці можна паралельна лячыцца і народнымі сродкамі.
Лічу, што наша насельніцтва стала больш адказна адносіцца да свайго здароўя.


Анастасія Ульянава і Юлія Азевіч, школьніцы 11 “А” класа гімназіі № 1:
– Калі здараецца захварэць, то мы абавязкова слухаемся сваіх мам. Яны ж дрэннага не параяць!
Спачатку наведваем урача і выконваем усе яго прадпісанні. Хоць прыемнага ў гэтым мала, але глытаем розныя таблеткі, мікстуры…
Але мамы даюць нам і народныя сродкі: чай з малінавым варэннем, гарачае малако з мёдам і іншае. Не сказаць, што з задавальненнем, але ўсё гэта трэба піць, каб хутчэй паправіцца і вярнуцца да нармальнага жыцця.


Уладзімір Свіла, галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва:
– Калі лёгкая прастуда, то навошта турбаваць урачоў? Можна абысціся народнымі сродкамі: маліна, ліпавы цвет,
цыбуля, часнок. А вось калі ёсць пагроза больш сур’ёзнага захворвання, то тады трэба ісці ў паліклініку. Бо толькі спецыяліст можа паставіць правільны дыягназ і прызначыць курс лячэння.


Андрэй Субко, астраўчанін (фатаграфавацца адмовіўся):
– Захварэўшы, я звяртаюся да ўрачоў. І толькі. Ніякімі сродкамі народнай медыцыны не карыстаюся і ніколі да яе не звяртаўся.
Думаю, што сучасная фармакалогія можа дапамагчы чалавеку амаль пры любой хваробе.


------------------------------------------
Гутарыў Аляксандр Юшчук.