Репортёр выходит в свет. Выпускники всех лет - объединяйтесь!

09:50 / 04.02.2013

Кожны год у першую суботу лютага ў школах нашай краіны праходзяць вечары сустрэчы выпускнікоў.
Як адносяцца былыя вучні да гэтай падзеі, ці памятаюць яны пра сваіх школьных сяброў і настаўнікаў?
У пошуках адказаў на пытанні наш карэспандэнт накіраваўся ў сярэднюю школу № 1 Астраўца, каб паслухаць вучняў і настаўнікаў адначасова – бо кожны настаўнік некалі быў вучнем.


Пётр Васільевіч Каранеўскі, настаўнік працоўнага навучання:

– На вечарах сустрэчы я бываю рэгулярна.
Тым больш, што мяне, як класнага кіраўніка заўсёды запрашаюць мае былыя вучні.
А вось у школе, якую закончыў сам у 1968 годзе ў Шумілінскім раёне Віцебскай вобласці, давялося пабываць толькі аднойчы, прыкладна гадоў 20 назад, што вельмі засмучае. Хацелася б наведваць родныя мясціны часцей, але абставіны перашкаджаюць. Упэўнены, што сваю родную школу забываць нельга.


Ірына Браніславаўна Праскіна, настаўніца англійскай мовы:

– СШ №1 для мяне родная двойчы: тут я вучылася і тут жа зараз працую. Да сваёй школы ў мяне вельмі трапяткія адносіны Мабыць, таму, што ў нас быў вельмі дружны клас і выдатны класны кіраўнік – Ядвіга Каятанаўна Шаблінская.
Першыя 10 гадоў пасля заканчэння школы мы збіраліся кожны год. Думаю, што трэба абавязкова прыходзіць на вечары сустрэчы. Хаця б таму, каб пабыць са сваімі аднакласнікамі, якіх даўно не бачыў.


Ірына Генрыхаўна Змітровіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры:


– Спачатку я вучылася ў Дайлідскай базавай школе, а потым – у Астравецкай сярэдняй, на той час – адзінай у райцэнтры. Успаміны, як у былой вучаніцы, самыя светлыя. Асабліва ўдзячна настаўніцам беларускай мовы і літаратуры: Валянціне Іванаўне Кармаза з Дайлідскай школы і Людміле Аляксееўне Тачонай з Астраўца, якія прывілі мне любоў да роднай мовы. І пад іх уплывам я і стала настаўніцай.
Са сваімі аднакласнікамі сустракаемся, як правіла, раз у 5 гадоў. У наступным годзе будзе 5 гадоў самастойнага жыцця ў класа, які я выпусціла ў якасці класнага кіраўніка. З нецярпеннем чакаю сустрэчы, каб пабачыць, як змяніліся мае дзеці, кім яны сталі ў жыцці.


Вікторыя Мечыславаўна Кавалеўская, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце:

– Школьныя гады – гэта той час, калі я выбрала свой шлях у жыцці. Дзякуючы маёй настаўніцы гісторыі Людміле Аляксандраўне Гродзь з Варонскай базавай школы – я стала гісторыкам.
Менавіта Людміла Аляксандраўна паказала ўсю веліч і прыгажосць гісторыі як навукі.
А што датычыцца вечароў сустрэчы, то для мяне зараз гэта – перш за ўсё напружаная і адказная праца. Бо мы, адміністрацыя школы, павінны стварыць тую спрыяльную атмасферу ўспамінаў і яднання вучняў і настаўнікаў. Кожнаму, хто прыходзіць на вечар сустрэчы, нават сцены навяваюць тыя ўспаміны, якія былі ў час вучобы, абуджаюць пачуцці і думкі.


Іна Іванаўна Семянчук, намеснік дырэктара:

– Так атрымалася ў жыцці, што гэту школу я закончыла – і працую таксама тут. Вечар сустрэчы выпускнікоў для мяне заўсёды ўрачыстая падзея, таму што кожны год сустракаеш сваіх былых вучняў.
А сёлета гэтую падзею чакаю асабліва. У мінулым годзе сцены школы пакінулі дзеці, якіх я вучыла ў пачатковых класах. Вельмі хочацца ўбачыць іх дарослымі.
Са сваімі аднакласнікамі я таксама сустракаюся з вялікай радасцю. Клас быў вельмі дружны, адносіны захаваліся добрыя, цёплыя. Вельмі буду рада ўбачыць сваю класную – Галіну Лявонцьеўну Баглык, Людмілу Аляксееўну Тачоную, пад уплывам якой я стала выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры.


---------------------------------------
Гутарыў Аляксандр Юшчук.


Фота з сайта patriotdubna.ru.