Репортёр выходит в свет: ТВ против интернета

15:36 / 22.01.2013

Інтэрнэт, які імкліва ўварваўся ў жыццё людзей, працягвае сваё пераможнае наступленне па ўсёй інфармацыйнай прасторы. Усё больш і больш аматараў паглядзець розныя фільмы, канцэрты і нават аналітычныя праграмы адмаўляюцца ад тэлевізара на карысць камп’ютара.
Ці здолее інтэрнэт поўнасцю “выціснуць” тэлебачанне? З такім пытаннем звярнуўся наш карэспандэнт да астраўчан і гасцей горада.


Сяргей Гурштын, вучань 9 “Б” класа СШ № 1:

– Я думаю, што тэлебачанне застанецца. Яно павінна нават яшчэ больш “ажыць”, калі стане лічбавым. Узрасце якасць перадач, і людзі пацягнуцца да экранаў тэлевізараў.


Аляксандр Стадзеенка, гамельчанін:

– Веру на сто працэнтаў, што інтэрнэт тэлебачанне “выцісне”. Можа, не поўнасцю, але былой папулярнасці ў яго ўжо не будзе. А ў будучым людзі тэлевізар глядзець зусім не будуць.


Наталля і Анастасія, астраўчанкі:

– У інтэрнэце цяпер знайсці можна ўсё: праграмы, фільмы, канцэрты. Таму маладое пакаленне больш цягнецца да інтэрнэту. Пройдзе гадоў 10 ці 20 – і тэлевізары будуць выкарыстоўвацца, напэўна, толькі ў якасці манітораў для камп’ютараў.
Многія нашы знаёмыя ўжо і цяпер не купляюць тэлевізары і глядзяць усе тэлевізійныя праграмы толькі праз інтэрнэт.


Тадэвуш Бальцэвіч, прадпрымальнік:

– А я інтэрнэтам амаль не карыстаюся, таму гляджу тэлевізар. І думаю, што нікуды тэлебачанне не дзенецца.
Хаця б пакуль жывуць людзі старэйшага пакалення. Ды і ў будучым, якое мы прадбачыць не можам, я веру, што людзі будуць глядзець тэлевізар. Тэлебачанне, напэўна, зменіцца, стане больш дасканалым, якасным, але яно застанецца.


Рыгор Мацуткевіч, майстар па рамонце радыё і тэлеапаратуры:

– Зразумела, што інтэрнэт “выціскае” тэлебачанне. Але поўнасцю яно не знікне. Гэта магутны накірунак навукі і тэхнікі, які паспяхова развіваецца.
Успомніліся далёкія 80-я гады 20 стагоддзя, калі я вучыўся ў Мінскім радыётэхнічным тэхнікуме. Тады выкладчыкі казалі нам, як было б добра перавесці аналагавае тэлебачанне ў лічбавае.
Але на той час гэта было немагчыма. І што мы бачым?
Не прайшло і трыццаці гадоў, а лічбавае тэлебачанне ўжо ёсць. А ў будучым яшчэ што-небудзь прыдумаюць. Я веру ў перамогу тэхнічнага прагрэсу.


----------------------------------------
Гутарыў Аляксандр Юшчук.