Репортёр выходит в свет: что читают островчане?

12:55 / 24.09.2012
5287
1

Добрую кнігу нічым не заменіш. Менавіта ў ёй змяшчаецца мудрасць многіх пакаленняў. Кніга дапамагае вывучаць навакольны свет, зразумець сэнс жыцця, развівае фантазію, граматнасць, дае магчымасць зазірнуць у мінулае, вывучаць гісторыю свайго краю і ўсяго свету. Кожная кніга сама па сабе – непаўторная, асаблівая і мае сваю шырокую чытацкую аўдыторыю.
Але як у гэтай разнастайнасці выбраць тую, што неабходна прачытаць кожнаму? Наш карэспандэнт запісаў меркаванні астраўчан рознага ўзросту і жыццёвых поглядаў, якія расказалі, што яны чытаюць і выказалі свае думкі пра тое, якія кнігі, на іх погляд, павінен прачытаць кожны беларус.


Таццяна Віктараўна Бабойць, бібліятэкар ЦРБ:
– Характэрнай з’явай нашага часу з’яўляецца глабалізацыя. Таму лічу, што сярод кніг, якія неабходна прачытаць кожнаму, павінна быць і замежная літаратура. Напрыклад, “Трыумфальная арка” Эрыха Марыя Рэмарка. Гэтая кніга пра трагічны лёс галоўных герояў дапаможа праасэнсаваць свае погляды на жыццё. Сяброўства, каханне, нянавісць, страх, праследаванне – усё апісана ў гэтай кнізе, якая чытаецца на адным дыханні.
Рэкамендавала б прачытаць і Анатолія Мяснікова “100 асоб беларускай гісторыі”. Гэтая кніга складаецца з сотні біяграфій знакамітых беларусаў – ад Міндоўга да Мулявіна, ад Ефрасінні Полацкай да Жылуновіча. Прачытаўшы яе, яшчэ больш пачынаеш ганарыцца сваёй Радзімай і слаўнымі землякамі, якімі багата наша краіна.
У апавяданні “451 градус па Фаренгейту” Рэй Брэдберы паказаў, як застацца чалавекам у нечалавечых умовах, дзе забаронена чытаць, дзе паляць кнігі. А пажарныя, замест таго, каб тушыць – распальваюць вогнішчы…
Зрэшты, гэта толькі маё меркаванне – кожны чытач вольны выбраць сваю кнігу.


Аксана Збыгнеўна Сацура, інжынер па кадрах лясгаса:
– Мая мама працуе бібліятэкарам і прывучыла мяне чытаць з маленства. Бяру кнігі рознай тэматыкі: дэтэктывы, жаночыя раманы, гістарычную літаратуру. Вельмі падабаюцца творы Міхаіла Зошчанкі, чалавека з выдатным пачуццём гумару. У яго апавяданнях, як у люстэрку, адлюстроўваецца наша рэчаіснасць.
Нядаўна прачытала энцыклапедычны даведнік “Вялікае княства Літоўскае”. Лічу, што кожнаму трэба пазнаёміцца з гэтым трохтомным выданнем. У ім змястоўна і поўна прадстаўлена інфармацыя пра гісторыю, культуру, выдатных дзеячаў гэтай вялікай краіны, з якой бярэ пачатак сённяшняя Беларусь.
Мне здаецца, што кожны беларус павінен абавязкова прачытаць “Новую зямлю” Якуба Коласа – гэта сапраўдны гімн здароваму народнаму духу, жыццялюбству. Кніга насычана водарам беларускіх палёў, лугоў, лясоў. Гэты твор з’яўляецца мостам, які не дазволіць перарвацца традыцыям у духоўным жыцці беларусаў.


Валянціна Васільеўна Мацкевіч, жыхарка Астраўца:
– Я чытаю кнігі рознай тэматыкі, у асноўным – гістарычную літаратуру, фантастыку, прыродазнаўчую літаратуру. Больш за 30 гадоў з’яўляюся пастаянным чытачом цэнтральнай раённай бібліятэкі. Цікаўлюся ўсімі навінкамі, якія паступаюць у бібліятэчны фонд. Люблю пагартаць перыядычную літаратуру, часопісы “Планета”, “Рэха планеты”, “Вакол свету”, “Навука і жыццё” і іншыя.
З маладосці захапляюся спецыяльнай літаратурай па медыцыне, бо шмат гадоў працавала рэнтгенолагам.
Усім параіла бы чытаць кнігі па гісторыі роднай краіны, беларускіх і расійскіх класікаў, творы якіх дазваляюць нам адкрываць новыя пачуцці і разважаць, як важна не растраціць чалавечую годнасць, клапаціцца аб родных і блізкіх, цаніць прыгажосць і зразумець, у чым сэнс нашага жыцця.


Анжаліка Тухта, дзесяцікласніца СШ №1:
– У школе я вывучаю англійскую мову, і мне падабаецца чытаць замежную літаратуру. Напрыклад, А. Дзюма “Адская бездна”, М. Мітчэлл “Унесённые ветром”, Ж. Санд “Консуэло”.
Нядаўна прачытала Дэйла Карнегі і Алана Піза. Лічу, што пазнаёміцца з творамі гэтых аўтараў нікому не пашкодзіць. Каб ісці ў нагу з часам, трэба валодаць асновамі псіхалогіі, разумець, пра што гаворыць цела чалавека – яго рукі, міміка, жэсты. Лепш за ўсё пра гэта раскажуць работы Алана Піза. А вось кнігі Дэйла Карнегі дапамогуць дабіцца поспехаў у розных галінах жыцця і пабудаваць кар’еру, знайсці надзейных сяброў.
Кожны чалавек у сваім жыцці павінен прачытаць хаця б адну кнігу пра галоўнае ў жыцці – пра каханне. Напрыклад, кнігу Уладзіміра Набокава “Лаліта”. А яшчэ кожны свядомы чалавек павінен прачытаць Біблію, Каран ці Тору – незалежна ад таго, атэіст ён ці вернік. Гэтыя духоўныя кнігі, якія адпавядаюць асноўным чалавечым каштоўнасцям. Там ёсць адказы на ўсе пытанні.


Вера Сівец і Яна Кавалеўская, вучаніцы 4 класа гімназіі №1:
Вера: Кніжкі я бяру ў школьнай і гарадской бібліятэках. Вельмі люблю чытаць аб прыгодах: “Карандаш и самоделкин”, “Остров сокровищ”. Мне падабаюцца казкі, быліны, легенды. З захапленнем прачытала кнігі “Маленькія хрысціяне”, “Любимым детям”. У іх расказваецца, як вырасці добрым і шчодрым чалавекам.
Яна: У бібліятэку мы ходзім разам з Верай і наведваем чытальную залу. Мне падабаецца чытаць беларускія і рускія народныя казкі, байкі, легенды, вершы. Люблю пагартаць маляўнічыя часопісы, цікаўлюся рэлігійнымі кніжкамі.


----------------------------------
Гутарыў Іван ПЕТРЫК.


Малюнак з сайта sites.google.com

Комментарии
0
Гость
А я бы еще обратила внимание наших женщин на произведения Виктории Токаревой. Думаю,за чтением ее произведений, время не зря потратят.Очень нравятся произведения А.Чехова, М.Зощенко и В.Шукшина. Если кому-то встретится сборник стихотворений Анатолия Брагина, почитайте, не пожалеете)
Имя Цитировать 0
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений