Репортёр выходит в свет: островчане о лондонской Олимпиаде

13:51 / 11.08.2012

Увага шматлікіх аматараў спорту ў гэтыя дні прыкавана да Лондана, які жыве цяпер у алімпійскім рытме. Там прадаўжаюцца спаборніцтвы і не сціхае напал спартыўных страсцей.
Нягледзячы на сваю занятасць, за ўсімі падзеямі паспяваюць сачыць і нашы балельшчыкі. Некаторыя з іх з ахвотай падзяліліся сваімі ўражаннямі пры сустрэчы з нашым карэспандэнтам.


Анатолій Іванавіч Шаўчэнка, дырэктар Астравецкай ДзЮСШ:
– Самыя свежыя навіны з алімпійскіх гульняў я чэрпаю з газет, радыё і тэлебачання. Стараюся не прапускаць ні аднаго выступлення нашых спартсменаў. Ад іх выступленняў засталіся самыя лепшыя ўражанні.
Напрыклад, беларусы аказаліся самыя крутыя ў тэнісе. Гэта была не гульня, а сапраўдная асалода. Азаранка выступіла цудоўна. А наш дуэт Азаранка-Мірны заслужыў авацыі ў балельшчыкаў усяго лонданскага стадыёна.
Хоць для многіх нашых спартсменаў алімпійскія гульні ў Лондане сталі сапраўдным выпрабаваннем. Гэта была не толькі барацьба з нервамі, сапернікамі, снарадамі, але і з абсурднымі рашэннямі суддзяў, сведкамі якіх мы не раз станавіліся.

Луцыя Вітольдаўна Свірская, астраўчанка:
– Калі гляджу па тэлебачанні выпускі спартыўных навін з Лондана, перажываю за ўсіх нашых спартсменаў, таму што алімпійскія гульні – гэта вельмі адказныя і напружаныя спаборніцтвы.
Найвялікшую радасць і гонар за сваю краіну я адчула, калі наш тэнісны дуэт Азаранка-Мірны пасля перамогі над сапернікамі выйшлі на поле стадыёна з беларускім сцягам, і ім апладзіравалі ўсе трыбуны.

Марына Аляксееўна Галко, майстар па рамонту абутку УКПБА:
– Я перажыла сапраўдную эйфарыю ў той момант, калі ўбачыла па тэлевізары, што наша чэмпіёнка Надзея Астапчук штурхнула ядро за 21 метр і ўпэўнена заваявала медаль вышэйшай пробы Лонданскай алімпіяду. Яна дала нагоду ўсёй краіне і нам, балельшчыкам. Надзея з’яўляецца бронзавым прызёрам Пекіна, двухразовай чэмпіёнкай свету і Еўропы, рэкардсменам Беларусі і лідарам сусветнага сезона. Сваімі перамогамі яна натхніла многіх падлеткаў, якія будуць імкнуцца стаць зоркамі спорту, як і яна.

Віталій (прозвішча не назваў), госць з Бабруйска:
– У дні Лонданскай алімпіяды толькі лянівыя і раўнадушныя не сочаць і не перажываюць за выступленнем нашых спартсменаў. Шчыра кажу: у нас ёсць кім ганарыцца. Напрыклад, беларус Сяргей Мартынаў з’яўляецца самым тытулаваным стралком планеты, у якога, акрамя золата Лондана, ёсць і 2 алімпійскія бронзы, заваяваныя ў Сіднеі і Афінах. А перамогі на міжнародных спаборніцтвах Надзеі Астапчук сталі прыступкай да галоўнай мэты – вяршыні алімпійскага п’едэстала.
Бронзавы алімпійскі медаль стаў першым для жаночага экіпажа байдаркі-чацвёркі. Праўда, спартсменкі маглі пазмагацца за перамогу, але лідарства ўтрымаць не ўдалося і літаральна нейкай долі секунды не хапіла, каб замацавацца на другім месцы. Шкада, што наша маладая каманда не змагла выкарыстаць свой шанц. Але ўсё роўна яны – малайцы!

Марк Асадчук, вучань Варнянскай СШ:
– Кожны вечар мы ўсёй сям’ёй глядзім дзённік алімпіяды і перажываем за ўсіх нашых спартсменаў, а таксама за расіян і ўкраінцаў.
У той момант, калі Максім Мірны з Вікторыяй Азаранка пасля перамогі выйшлі на стадыён і нашым чэмпіёнам апладзіравалі трыбуны, мама нават праслязілася. Другі раз яна пусціла слязу, калі Надзеі Астапчук уручалі залаты медаль. Гэта быў момант ісціны для ўсіх беларусаў.
Алімпійскія гульні і перамогі нашых спартсменаў надалі мне новы прыліў сіл яшчэ больш настойліва займацца лёгкай атлетыкай і настольным тэнісам – гэта мае любімыя віды спорту.


Гутарыў Іван ПЕТРЫК.