А вы бы смогли стать социальным работником?

16:23 / 05.01.2018
Учора ў нашай краіне адзначаўся Дзень работнікаў сацыяльнай абароны. З гэтай нагоды наш карэспандэнт высвятляў, а ці змаглі б працаваць сацыяльнымі работнікамі астраўчане і госці горада.

Таццяна Дырман, у адпачынку  па догляду дзіцяці:

Дырман.jpg

– Я працую дзіцячым урачом у Баранавічах. Таму лічу, што мая прафесія пэўным чынам перакрыжоўваецца з сацыяльным абслугоўван­нем насельніцтва.
Па-другое, пра прафесію сацыяльнага работніка я ведаю не па чутках – маці каля трыццаці гадоў узначальвала сацыяльны фонд. Работа гэтая вельмі складаная, але неабходная – калі трэба дапамагчы старому ці траўмаванаму чалавеку, інваліду, а дапамогі яму чакаць няма адкуль.

Радаслаў Раўдановіч, пенсіянер:

Раўдановіч.jpg

– Калі б давялося, то, вядома, пайшоў бы працаваць сацыяльным работнікам. Аднак лічу, што гэта не прафесія, а покліч душы ці нават святы абавязак, калі справа тычыцца бацькоў, дзядуль і бабуль. Кожны чалавек павінен памятаць, што ён некалі стане старым і нямоглым, яму можа спатрэбіцца дапамога і догляд родных людзей. Мне ў гэтым плане пашанцавала: дачка жыве побач, у Астраўцы, сын, хоць і ў Мінску, але мы з ім амаль штодня размаўляем па тэлефоне. Я шчаслівы, што мае дзеці клапоцяцца пра мяне. 

Анжэла Грыцук, выхавацель дзіцячага садка г. Брэста:

Грыцук2.jpg

– Напэўна, так. Я нават некалькі гадоў таму думала пайсці ў сферу сацыяльнага абслугоўвання, нават на тую невялікую зарплату, якую яны атрымліваюць, аднак потым вырашыла застацца на сваім месцы.
З прафесіяй сацработніка, лічу, я  справілася б, бо люблю людзей і ў мяне ёсць вопыт: пасля нараджэння дачкі жыла са сваёй бабуляй.  Яна дапамагала мне з дзіцям, а я ёй – прыбраць, прыгатаваць ежу, прапалоць агарод. І я ведаю, што часцяком пажылым людзям патрэбна не столькі фізічная дапамога, колькі чалавек, з якім можна пагаварыць, пачуць доб­рае слова.

Насця Вясько, вучаніца СШ №1, і Аня Кляпцова, вучаніца гімназіі №1:
Вясько Кляпцова2.jpg
Аня:
– Спачатку, вядома, варта сябе паспрабаваць у гэтай прафесіі. Калі яна табе па плячы і падабаецца – то чаму б і не?
Насця:
– Нас у касцёле вучаць з даб­рынёй і разуменнем адносіцца да людзей, а асабліва – да тых, хто нечым абмежаваны: хваробай, адзінотай, нейкім непадабенствам на нас. 
Мы кожны год робім падарункі для дзяцей з прытулку, а ў школе я заўсёды ўдзельнічаю ў дабрачынных акцыях. Мне падабаецца дапамагаць іншым. Мне здаецца, што я змагла б працаваць у сацыяльнай сферы. Тое, што зарплаты там невялікія – не галоўнае: самае прыемнае – рабіць добрую справу.
Аня:
– Мне шкада людзей, якія засталіся ў старасці ў адзіноце пры жывых дзецях. Застаецца толькі спадзявацца, што дарослыя дзеці яшчэ апамятаюцца і зразумеюць, што даражэй за бацькоў нікога на свеце няма.


Текст:
Фото: Антон Мальшевский