Колькі павінна быць дзяцей у сям’і, каб мама ўсё паспявала? Адказвалі астраўчане

13:02 / 15.10.2017

Дзеці – гэта кветкі жыцця. І ім, як і ўсім кветкам, патрабуюцца ўвага і дагляд. А калі “кветачак” не адна і не дзве – як спраўляюцца мамы?
Дык колькі ж павінна быць дзяцей у сям’і, каб мама ўсё паспявала? З гэтым пытаннем наш карэспандэнт звярнуўся  да гараджан і гасцей райцэнтра.

Данчанка2.jpg

Лідзія Данчанка, прыбіральшчыца:

– Тут усё ад сям’і і ад самой жанчыны залежыць. Мне, напрыклад, дваіх дзяцей хапіла, хаця ў маёй матулі нас шасцёра было. А ў дачкі маёй ужо трое. Галоўнае, каб усе дапамагалі маме: муж і бацькі ў першую чаргу: дзе парадай, дзе справай.
А для гэтага дзяцей з маленства трэба прывучаць да працы. Мае ўнукі заўсёды на агародзе мне дапамагаюць. Галоўнае – зацікавіць іх.


Вароніч.jpg

Алег Вароніч, настаўнік матэматыкі:
– У сучасных рэаліях – ніводнага! Як можна заводзіць дзяцей, асабліва калі яшчэ маці – адзіночка? Тут сам ледзь канцы з канцамі зводзіш. Дзеці павінны з’яўляцца ў паўнацэнных сем’ях, калі ёсць сродкі на іх выхаванне, ёсць жыллё, калі чалавек сам можа паклапаціцца пра сям’ю і не будзе жабраваць па кабінетах з просьбай аб дапамозе.
Ды і потым, выхоўваючы дзяцей, варта памятаць: што пасееш, тое потым і пажнеш. Калі ва ўсім патураць дзецям – то нічога добрага з іх не вырасце.


Гродзель і Шапавалюк.jpg


Карына Гродзель і Мілана Шапавалюк, вучаніцы 8 класа: 
Мілана: 
– Мне яшчэ рана думаць пра гэта. Але, калі паразважаць, я б хацела мець адно дзіця, каб усё было толькі для яго. Каб яно адчувала, што яно адзінае і непаўторнае. Тады і ў мяне будзе часу хапаць на ўсе свае заняткі і справы.
Канешне, дваім-траім дзецям весялей – нас, напрыклад, у мамы двое. Аднак мець браціка ці сятрычку – гэта зусім не тое ж, што выхоўваць сваіх дзяцей.
Карына:
– А я б хацела мець дваіх дзяцей. Адзін другога абароніць, калі што, прыгледзіць, дапаможа...
Нас у мамы двое, дык я за малодшай сястрычкай заўсёды прыглядваю. Акрамя гэтага, на мне яшчэ некаторыя хатнія справы: уборка, гатаваць маме зрэдку дапамагаю.
Аднак мець шмат дзяцей цяжка, бо яны зараз такія непаслухмяныя, – нават і не ведаю, як на іх можна паўплываць.

Родзь.jpg

Алена Родзь, жывёлавод:
– У кожнага па-свойму. Я з трыма неяк спраўлялася. Канешне, і па начах не спала, і ў бальніцу за шмат кіламетраў ездзіла… І ў той жа час за парадкам у хаце сачыла і на агародзе працаваць паспявала. Зараз дзеці ўжо выраслі – самі мне дапамагаюць.
Зрэдку, канешне, муж тое-сёе дапамагаў, але я б не сказала, што яго дапамога была вельмі грунтоўнай. 


Антон ЧЫК.
Фота аўтара.





Текст: Главный администратор