Профсоюзы работают и отдыхают

10:00 / 28.06.2014
Нядаўна на базе сельгаскааператыва “Гервяты” адбылося выязное пасяджэнне прэзідыума райкама прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу (старшыня – Мікалай Канстанцінавіч Грыцкевіч).

Тэмай дня стала так званае маладзёжнае пытанне – прафсаюзныя лідары ўсебакова абмяркоўвалі працоўныя, бытавыя, культурна-сацыяльныя аспекты жыцця маладых людзей, дзяліліся вопытам работы, разам шукалі шляхі вырашэння спрэчных сітуацый, звязаных з забеспячэннем маладых спецыялістаў жыллём і выдачай матэрыяльнай падтрымкі.
У рабоце выязнога пасяджэння прыняў удзел старшыня праўлення СВК “Гервяты” Аляксандр Вацлававіч Габрукевіч, які расказаў прысутным аб асноўных накірунках развіцця гаспадаркі, адказаў на пытанні, большасць якіх тычылася сацыяльнай сферы.
А падчас наведвання малочна-таварнага комплексу “Дайлідкі” члены прэзідыума асаблівую цікаўнасць праявілі да санітарна-бытавых умоў, у якіх працуюць жывёлаводы. Хаця не засталіся па-за іх увагай і вытворчыя пытанні: надоі, прывагі, стан абсталявання, рэжым дойкі і многае іншае.
У якасці “культурнай праграмы” актывісты прафсаюзнага жыцця наведалі Дубок: пабывалі ля скульптурнай выявы Маці Божай, якую ў народзе называюць берагіняй ракі Вілія; паспыталі чыстай, як сляза, вады з крыніцы, што выбіваецца ля падножжа помніка; прайшлі частку дубкоўскай Кальварыі…


Зрабіць сабе падарунак да заканчэння чарговага навучальнага года вырашылі члены прафсаюза работнікаў культуры (старшыня райкама Надзея Паўлаўна Шарэйка) – і арганізавалі падарожжа ў Мінск, канечнай кропкай якога стала наведанне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, на сцэне якога ў гэты вечар ішло музычнае рэвю “Аднойчы ў Чыкага”.

На прадстаўленні арыгінальнага джаз-бэнда, дзе “іграюць толькі дзяўчаты", так лёгка і проста адчуць сябе бесклапотна-шчаслівым. Бо нішто іншае, як музыка і прыгажосць, не ў стане стрэсці з нас пыл паўсядзённасці і прымусіць усміхнуцца.
Падарунак атрымаўся іскрамётным і запамінальным.


----------------------
Ганна ЧАКУР
.