В Островце прошло первое в этом году заседание совета руководителей

10:00 / 20.02.2014
Першае ў гэтым годзе пасяджэнне савета кіраўнікоў прайшло на мінулым тыдні пры непасрэдным удзеле старшыні райвыканкама Адама Дзмітрыевіча Кавалькі.

Пачынаючы яго, Адам Дзмітрыевіч адзначыў, што пасяджэнні гэтага грамадскага аб’яднання ў мінулым годзе праходзілі не так часта, як раней. Але дзейнасці савета кіраўнікоў трэба надаваць ранейшы імпульс і збірацца на пасяджэнні не радзей, чым раз у месяц. Кіраўнікі падчас іх могуць не толькі даведацца шмат новага аб тым, што адбываецца ў суседзяў і калег, але і вырашыць агульныя праблемы.
Такой агульнай для ўсіх прадпрыемстваў і арганізацый раёна справай старшыня райвыканкама назваў будаўніцтва ў лесапаркавай зоне Астраўца стадыёна. Ажыццявіць гэтую карысную і неабходную для ўсіх жыхароў горада справу можна і трэба метадам народнай будоўлі, калі кожны прыме ў ёй пасільны ўдзел – рабочай сілай, тэхнікай, фінансамі.
Аб будучым горада Адам Дзмітрыевіч шмат гаварыў падчас аб’езду. А першы прыпынак быў зроблены каля цэнтральнай гарадской кацельні. Яшчэ нядаўна тэрыторыя вакол яе была ўзорам чысціні і парадку. Зараз жа карціна прама супрацьлеглая: усё завалена сырымі дровамі, ад колішніх газонаў не засталося і следу. Якой будзе кошт гігакалорыі цяпла пры выкарыстанні мясцовых відаў паліва такой якасці, здагадацца няцяжка.
– Дровы павінны перапрацоўвацца на драўнінную шчапу і захоўвацца ў крытых ангарах: і парадку больш, і карысці, – падсумаваў вынік размовы ля гарадской кацельні А.Д. Кавалька.


Падчас аўтобуснай экскурсіі па другім мікрараёне многія былі нямала здзіўлены: за бальніцай, на месцы колішняга аэрадрома, як грыбы пасля дажджу, растуць шматпавярховыя дамы. Больш таго: тут ужо пракладзены і заасфальтаваны вуліцы, замошчаны пліткай тратуары, устаноўлены апоры вулічнага асвятлення. Як бачна, будаўніцтва горада вядзецца ў комплексе.


– Але тое, што Астравец неўзабаве ператворыцца ў суцэльную будаўнічую пляцоўку, не павінна азначаць, што горад павінен патанаць у гразі, – папярэдзіў будаўнікоў старшыня райвыканкама. – Тэхніка павінна пакідаць пляцоўку чыстай і не расцягваць на колах бруд па вуліцах. Гэта павінна стаць неаспрэчным правілам. Астравец і надалей павінен заставацца такім жа прыгожым і ўтульным горадам, якім быў да гэтага часу.


Многія кіраўнікі былі прыемна здзіўлены, наведаўшы раённы аддзел ЗАГС. Бываць тут жыхарам даводзіцца не так часта, а пасля праведзенага рамонту яго ўвогуле пакуль мала хто бачыў. Было чаму падзівіцца і парадавацца: за старымі сценамі колішняга раённага Дома культуры схавалася вельмі сучасная, прыгожая, з густам аздобленая ўстанова, куды людзі прыходзяць злучаць свае лёсы, – і ўсё тут зараз адпавядае ўрачыстасці моманту і прыгажосці пачуццяў, якія прыводзяць сюды закаханых.
Шмат прыемных уражанняў атрымалі ўдзельнікі пасяджэння савета кіраўнікоў і ў цэнтры пазашкольнай работы, найперш – ад юных талентаў, якіх тут шмат у любую пару дня і для развіцця якіх створаны ўсе умовы. Адзінае, чаго на сённяшні дзень не хапае цэнтру, па словах яго дырэктара Н.У. Сянюць, – гэта сучаснай музычнай апаратуры. Старшыня райвыканкама паабяцаў выдзеліць сродкі на яе набыццё, бо даўно вядома, што ўсебаковае развіццё дзяцей – самае выгаднае ўкладванне грошай.
“Дзіцячая тэма” была прадоўжана ў гімназіі №1. Яе таксама зараз цяжка пазнаць пасля праведзеных дыхтоўных рамонтаў, якія, што самае каштоўнае, зроблены ўласнымі сіламі гаспадарчым спосабам.
Адзін з маладых кіраўнікоў, начальнік РУЭС Сяргей Міхайлавіч Хіневіч, які 15 гадоў назад пакінуў сцены тады яшчэ СШ №2, не пазнаваў сваю альма-матэр: прыгожая сталовая, душавыя кабінкі ля спартыўнай залы, сучасныя камп’ютарныя класы і лінгафонныя кабінеты, інтэрактыўныя дошкі. З асаблівым гонарам расказвала дырэктар гімназіі Ірына Антонаўна Лях пра апошнюю навінку: за сродкі спонсарскай дапамогі набыты перасоўны камп’ютарны клас, які за лічаныя хвіліны можна разгарнуць у любой аўдыторыі.
Тут жа, у актавай зале гімназіі, былі падведзены вынікі работы. Праўда, падсумаваць іх за першы месяц года ў цэлым па раёне не атрымалася – але кожны з кіраўнікоў, каму было прапанавана гэта зрабіць: дырэктар ДЛГУ “Астравецкі лясгас” Рыгор Мечыслававіч Доўгі, дырэктар завода “Радыёдэталь” Валянцін Баляслававіч Гульбіновіч, начальнік прадпрыемства меліярацыйных сістэм Вадзім Станіслававіч Вянгроўскі, – дакладна расказалі, як іх прадпрыемствы закончылі студзень, як пачаўся люты, якія планы на будучыню і якія праблемы сёння існуюць у іх ажыццяўленні.
На пасяджэнні савета кіраўнікоў былі прыняты ў гэтую грамадскую арганізацыю і новыя кіраўнікі, якія нядаўна ўзначалілі прадпрыемствы і арганізацыі: ужо згаданы начальнік РУЭС Сяргей Міхайлавіч Хіневіч, дырэктар цэнтра банкаўскіх паслуг №417 г. Астравец Юрый Рыгоравіч Мартынаў, нядаўна прызначаны начальнік раённай інспекцыі па падатках і зборах Канстанцін Іосіфавіч Ромаш, кіраўнікі буйнейшых субпадрадных арганізацый, занятых на будаўніцтве АЭС, якія стварылі ў раёне свае даччыныя прадпрыемствы: “Гроднапрамбуд” – Уладзімір Іванавіч Дзядук і “Трэста №8 г. Брэста” – Павел Іванавіч Сацута.
Новы кіраўнік адной з буйнейшых арганізацый раёна – райспажыўтаварыства – Тарэса Іосіфаўна Халадкова выступіла на пасяджэнні савета кіраўнікоў перад калегамі са своеасаблівай справаздачай аб першых справах і іх выніках, а таксама расказала пра бліжэйшыя і больш аддаленыя планы і папрасіла ва ўсіх разумення і падтрымкі.
Думаецца, з такой жа просьбай-пажаданнем маглі б звярнуцца да калег усе прысутныя. І, уласна кажучы, гэта – узаемная дапамога і падтрымка – і з’яўляецца асноўнай мэтай дзейнасці раённага савета кіраўнікоў.


---------------------------
Ніна АЛЯКСЕЕВА, фота аўтара.