В Островецком районе завершена реорганизация сельских Советов

07:30 / 12.06.2013
2
У раёне завершана рэарганізацыя сельскіх Саветаў. У выніку яе пярвічных органаў мясцовай улады засталося пяць, і іх межы супадаюць з тэрыторыяй гаспадарак – мяркуецца, што ў цеснай супольнасці кіраўнікам будзе лягчэй працаваць і вырашаць паўсядзённыя задачы жыцця вяскоўцаў.

Пасля рэарганізацыі ліквідаваны Астравецкі сельскі Савет. Населеныя пункты, якія раней уваходзілі ў яго склад, цяпер сталі часткай Гудагайскага і Гервяцкага сельскіх Саветаў. Кіраўнікі гэтых сельсаветаў не змяніліся: Гудагайскі па-ранейшаму ўзначальвае Марыя Іванаўна Безляповіч, а Гервяцкі – Міхаіл Уладзіміравіч Шульгін. Дэпутатамі Трокеніцкага і Варнянскага сельскіх Саветаў прынята рашэнне аб іх аб’яднанні. Цэнтр новастворанага сельсавета застанецца ў Варнянах, а ўзначаліць узбуйнены орган мясцовай улады дэпутаты даверылі Аляксандру Часлававічу Вярбовічу.
Гэтаксама аб’ядналіся Спондаўскі і Міхалішкаўскі сельскія Саветы, цэнтр якога размесціцца ў Міхалішках. Старшынёй Міхалішкаўскага сельсавета абраны Віталій Іванавіч Івашкевіч, які да таго ўзначальваў Спондаўскі сельсавет. Падольскі і Кямелішкаўскі сельскі Савет, аб’яднаўшыся, змянілі не толькі тэрыторыю, але і назву: зараз гэты сельсавет будзе называцца Рытаньскім, што цалкам лагічна: менавіта ў Рытані знаходзіцца яго цэнтр. А ўзначаліць Рытаньскі сельскі Савет Рыгор Часлававіч Цэйка, ранейшы старшыня Падольскага сельсавета.


-------------------------
Ніна АЛЯКСЕЕВА.


Фота з сайта doc22.ru.