Что объединяет Беларусь и Японию?

09:00 / 21.04.2013
У сераду Астравец наведаў другі сакратар пасольства Японіі ў Беларусі спадар Цуёсі Сато.

Як высветлілася падчас сустрэч на астравецкай зямлі, спадара Сато цікавілі многія пытанні жыцця беларускай глыбінкі. Але найперш – усё, што звязана з апошнімі гадамі жыцця ў нашых мясцінах першага консула Расіі ў Японіі, складальніка японска-рускага слоўніка, слыннага вучонага, падарожніка, дыпламата Іосіфа Гашкевіча, якога да гэтага часу памятаюць і шануюць у Краіне Узыходзячага Сонца. Справа ў тым, што ў наступным годзе спаўняецца 200 гадоў з дня нараджэння Іосіфа Гашкевіча, і міністэрства замежных спраў Беларусі выступіла з ініцыятывай шырока адзначыць гэты юбілей і нават звярнулася ў ЮНЕСКА з просьбай уключыць гэтую дату у спецыяльны спіс асаблівых міжнародных мерапрыемстваў, якія праходзяць пад яго эгідай. Гэтую ініцыятыву падтрымалі міністэрствы замежных спраў Японіі і Расіі. Пакуль невядома, якое рашэнне прыме ЮНЕСКА, але ў любым выпадку юбілей Іосіфа Гашкевіча будзе шырока адзначаны ў нашай краіне. Запланавана міжнародная навуковая канферэнцыя ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, цікавая выстаўка работ Гашкевіча ў Нацыянальным гістарычным музеі. Плануецца, што госці з Расіі і Японіі падчас юбілейных мерапрыемстваў наведаюць і Астравеччыну, дзе прайшлі апошнія гады жыцця слыннага дыпламата. І спадар Сато вырашыў найперш асабіста пазнаёміцца з біяграфіяй Іосіфа Гашкевіча і мясцінамі, дзе ён пражыў апошнія гады жыцця.
У рамках візіту японскі дыпламат сустрэўся са старшынёй Астравецкага райвыканкама Адамам Дзмітрыевічам Кавалькам і яго намеснікам Віктарам Збігневічам Свілам. Падчас размовы абмяркоўваліся пытанні ўшанавання спадчыны Іосіфа Гашкевіча – гэтая фігура, па словах А.Д. Кавалькі, заслугоўвае большай увагі, чым мы маем зараз, і, магчыма, святкаванне 200-годдзя гэтага вялікага чалавека надасць новы імпульс вывучэнню яго спадчыны.
У музеі Іосіфа Гашкевіча, які створаны ў бібліятэцы вёскі Малі, непадалёк ад якой і знаходзіўся маёнтак Гашкевіча, спадар Сато ўважліва выслухаў інфармацыю пра сына беларускага народа Іосіфа Гашкевіча, жыццё якога было прысвечана ўсталяванню дыпламатычных адносін паміж Расіяй і Японіяй, якую цікава і змястоўна падала загадчыца раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Наталля Ачарэтава; пазнаёміўся з дакументамі, якія расказваюць пра жыццё і працу “белавалосага консула”.
Вядома, падчас візіту японскага дыпламата не была абыдзена ўвагай і тэма будаўніцтва на Астравеччыне першай беларускай атамнай электрастанцыі. Гэтая тэма актуальная і для Японіі, якая да нядаўняга часу з’яўлялася адным з сусветных лідараў па колькасці атамных энергаблокаў, а пасля аварыі на Фукусіме там усур’ез задумаліся пра мэтазгоднасць выкарыстання ядзернай энергіі. Пытанне пра асабістыя адносіны спадара Сато, а таксама японскага народа і ўрада да развіцця ядзернай энергетыкі паўставала падчас усіх сустрэч. Але зразумела, што найбольш увагі гэтай тэме надавалася ў гутарках у інфармацыйным цэнтры Дырэкцыі будаўніцтва АЭС, дзе замежнага госця сустракаў кіраўнік группы па інфармацыйнай рабоце дырэкцыі Э.І. Свірыд.


– Я не з’яўляюся спецыялістам у гэтай тэме, каб рабіць высновы аб мэтазгоднасці і бяспечнасці выкарыстання ядзернай энергіі, – дыпламатычна выказаўся з гэтай нагоды спадар Сато. – У Японіі пасля аварыі на Фукусіме ранейшым урадам было прынята рашэнне аб прыпыненні работы ўсіх ядзерных энергаблокаў. Але пасля гэтага краіна адразу ж сутыкнулася з праблемай дэфіцыту электраэнергіі. І зараз урад прыходзіць да высновы, што на сённяшні дзень альтэрнатывы ядзернай энергетыцы – ва ўсякім выпадку, у нашай краіне – няма. А Беларусь – суверэнная дзяржава, і самастойна вырашае для сябе падобныя пытанні.


Японскі дыпламат з цікавасцю, пра якую сведчылі яго пытанні па ходу гутаркі, выслухаў інфармацыю Э.І. Свірыда аб канструктыўных асаблівасцях рэактара, які будзе выпрацоўваць электраэнергію на Беларускай АЭС, аб ступенях яго абароны ад розных непрадбачаных выпадкаў і прыродных катаклізмаў – было відавочна, што пачутае госця ўразіла.
Дарэчы сказаць, спадар Сато аказаўся вельмі дасціпным і камунікабельным чалавекам, які цудоўна ведае рускую мову – ён вывучаў яе ва ўніверсітэце ў Японіі і падчас дыпламатычнай работы ў Расіі. У Беларусі малады чалавек працуе амаль год, і па яго словах, яму вельмі спадабалася наша сталіца, а цяпер вось – яшчэ і Астравец. Спадар Сато зазначыў, што беларускі народ істотна адрозніваецца нават ад суседзяў-расіян – сваёй добразычлівасцю, працалюбствам, спакойным ураўнаважаным характарам.
На заканчэнне сустрэчы госць і гаспадары абмяняліся сувенірамі на памяць. Трэба думаць, што ў святле хуткага юбілею Іосіфа Гашкевіча гэтая сустрэча на астравецкай зямлі была не апошняй.


-----------------
Ніна РЫБІК.
Фота Аляксандра ЮШЧУКА.