Семейный детский сад - новая форма организации дошкольного образования

15:00 / 12.04.2013
4313
Пра чэргі ў дзіцячы садок многія ведаюць не па чутках. Для таго, каб уладкаваць дзіця ў садок, некаторыя з бацькоў становяцца на чаргу з нараджэння малога. Многім даводзіцца вадзіць дзіця ў садок далёка ад дома.
Альтэрнатыўнай формай дашкольнай установы з’яўляецца сямейны дзіцячы садок, які карыстаецца вялікай папулярнасцю за мяжой, аднак на Беларусі пакуль не вельмі распаўсюджаны.

На старонках нашай газеты некалькі разоў публікавалася аб’ява аб тым, што аддзел адукацыі шукае людзей, якія зацікаўлены ў адкрыцці сямейнага дзіцячага садка.
Большасць дзіцячых груп нашага горада перапоўнены: там знаходзіцца па 25 дзяцей. Пры праектнай магутнасці дзіцячых садкоў Астраўца ў 405 месцаў, тры дашкольныя ўстановы наведваюць 496 дзяцей. У чарзе на месца ў дзіцячым садку стаяць 123 дзіцяці, з іх – 36 дзяцей, якім больш за 3 гады, 47 дзяцей ва ўзросце ад 2,5 да 3 гадоў.
У адпаведнасці з інструктыўна-метадычным пісьмом Міністэрства адукацыі задача аддзелаў адукацыі нумар адзін – гэта пошук новых форм арганізацыі дашкольнай адукацыі.
Такой формай з’яўляецца сямейны дзіцячы сад. Сады такога тыпу ёсць у Мінскай і Гомельскай вобласці. У Смаргонскім раёне зусім нядаўна таксама пачаў функцыянаваць сямейны дзіцячы садок, які наведваюць 9 дзетак. Астравецкія спецыялісты наведвалі суседні раён і пазнаёміліся з вопытам работы калег.



Што сабой уяўляе сямейны дзіцячы сад?

Садок сямейнага тыпу з’яўляецца структурным падраздзяленнем гарадской або сельскай установы адукацыі. У Беларусі такія садкі створаны з мэтай падтрымкі шматдзетных сямей. З аднаго боку – маці ці бацька атрымлівае працу, а дзеці знаходзяцца дома пад наглядам. Такім чынам, адзін з бацькоў становіцца выхавальнікам у дзіцячым садку. Ён атрымлівае заработную плату, яму залічваецца працоўны стаж. Асноўнай функцыяй мамы-выхавальніцы ці бацькі-выхавальніка з’яўляецца нагляд за дзецьмі, як і ў звычайным садку.
Выхаванцамі сямейнага дзіцячага садка могуць быць дзеці ва ўзросце ад 3 да 7 гадоў. Напаўняльнасць усёй групы не павінна перавышаць 12 выхаванцаў, пры гэтым можа быць устаноўлена меншая напаўняльнасць.
Цацкамі і спецыяльнай мэбляй сямейны дзіцячы садок забяспечваецца, як і іншыя дашкольныя ўстановы, за кошт бюджэту. Выхавальніку такога садка аказвае дапамогу метадыст. З дзеткамі працуюць кваліфікаваныя лагапеды,  дэфектолагі і псіхолагі.
У сямейных дзіцячых садках дзеці хутчэй адаптуюцца, чым у звычайных, таму што атмасфера тут набліжаная да сямейнай абстаноўкі.



Падводныя камяні

Сямейны дзіцячы сад утвараецца на базе прыватнай жылой плошчы і патрэбна, каб жыллё было дастаткова прасторнае. На кожнае дзіця існуе норма квадратных метраў. Пажадана, каб гэта быў уласны дом з асобным выхадам.
Памяшканне павінна адпавядаць усім санітарным патрабаванням і патрабаванням пажарнай бяспекі, і калі ў вас ёсць хатнія жывёлы, то ад ідэі стварэння садка “на даму” давядзецца адмовіцца.
Раённым аддзелам адукацыі плануецца, што сямейны дзіцячы садок будзе працаваць па гібкім графіку: ад 2 да 7 гадзін з улікам запытаў бацькоў. Да прыкладу, у Смаргонскім раёне дзіцячы садок сямейнага тыпу працуе 3, 5 гадзіны без кармлення дзяцей.
Са слоў метадыста раённага вучэбна-метадычнага кабінета Анастасіі Станіславаўны Бурштыновіч, стварэнне сямейнага дзіцячага садка ў Астраўцы часткова вырашыла б праблему чаргі на месца ў дашкольную ўстанову. Яна верыць, што знойдуцца зацікаўленыя людзі, а аддзел адукацыі будзе намагацца ісці насустрач усім прапановам.


----------------------
Алена ГАНУЛІЧ.


Фота з сайта mistergid.ru.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений