Наведем порядок на Островетчине!

19:33 / 26.07.2012

На чарговым  дні  інфармавання, які праводзіўся ў раёне на мінулым тыдні, абмяркоўваліся тэмы: “Навядзенне парадку на зямлі і добраўпарадкаванне населеных пунктаў у Гродзенскай вобласці і Астравецкім раёне” і “Аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Гродзенскай вобласці  і Астравецкага раёна за першае паўгоддзе 2012 года”.


У адпаведнасці з даручэннем Урада Рэспублікі Беларусь рашэннямі Гродзенскага абласнога і Астравецкага раённага выканаўчых камітэтаў зацверджаны планы мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні населеных пунктаў як у вобласці, так і  ў Астравецкім раёне. У іх уключаны мерапрыемствы, накіраваныя на  зберажэнне зямельных, лясных, водных прыродных рэсурсаў, добраўпарадкаванне і азеляненне населеных пунктаў.


Адным з галоўных накірункаў па добраўпарадкаванні на зямлі з’яўляецца ўключэнне ў гаспадарчы севазварот урадлівых пустуючых зямель. Па стане на 1 ліпеня бягучага года па вобласці такіх зямель разарана 104 гектары, у тым ліку 14 у Астравецкім раёне. У раёне добра выконваюцца работы па меліярацыі зямель, правядзенні ачысткі лясоў ад забруджанасці ўздоўж дарог,  добраўпарадкавана 14 месцаў адпачынку. Аддзелам ідэалагічнай работы Астравецкага райвыканкама праведзена акцыя “Дзень без аўтамабіля”, якая была накіравана на прыцягненне ўвагі насельніцтва да вырашэння экалагічнай праблемы  па зніжэнні ўзроўню забруджанасці атмасфернага паветра адпрацаванымі газамі аўтамабіляў. Астравецкі раён будзе прадстаўлены экспазіцыяй па зберажэнні біялагічнай разнастайнасці лясоў  у  заказніку “Сарачанскія азеры” на выставе “Сучасныя тэхналогіі ў вобласці  рацыянальнага прыродакарыстання і ахове акаляючага асяроддзя” ў рамках правядзення Х Рэспубліканскага экалагічнага форуму ў г. Маладзечна.


За студзень – чэрвень  2012 года сельскагаспадарчымі арганізацыямі раёна выраблена валавай прадукцыі ў супастаўных цэнах на суму 78,7 млрд рублёў, прамысловымі прадпрыемствамі  –  прамысловай  прадукцыі на суму 29,1 млрд рублёў. Тэмп росту склаў 109,1%.


За першае паўгоддзе бягучага года на развіцце эканомікі і сацыяльнай сферы прадпрыемствамі і ўстановамі ўсіх форм уласнасці асвоена 288,3 млрд рублёў інвестыцый.Створана 228 новых працоўных месцаў. Уведзена ў эксплуатацыю 10549 квадратных метраў жылля.


У дзень інфармавання наш раён наведала абласная інфармацыйна-прапагандысцкая група ў складзе В.У. Кокаша, генеральнага дырэктара КУП “Гроднааблдарбуд” і І.С. Урбановіча, намесніка начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. Сустрэча адбылася ў актавай зале Астравецкага раённага вузла паштовай сувязі, куды былі запрошаны служачыя ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, супрацоўнікі раённага вузла электрасувязі, раённага спажывецкага таварыства, работнікі культуры. На сустрэчы прысутнічаў намеснік старшыні райвыканкама В.З. Свіла.


На пытанні слухачоў,  калі будзе заасфальтавана дарога ад аграгарадка Варона да аграгарадка Рытань праз веску Ліцвяны і  ў які тэрмін  будзе зроблены рамонт вуліцы Бараноўка ў горадзе Астравец кампетэнтныя адказы даў В.У. Кокаш, генеральны дырэктара КУП “Гроднааблдарбуд”.


Вядучы спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы акаляючага асяроддзя Б.С. Тумко з тэмай дня інфармавання наведаў СПК “Варняны” і выступіў перад работнікамі дрэваапрацоўчага цэха ААА “Сагалес”   аграгарадка Варона.


У сваіх працоўных калектывах па тэмах дня інфармавання перад працаўнікамі выступілі намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце.


Наступны дзень інфармавання ў раёне пройдзе 16 жніўня.


Свае пытанні вы можаце задаваць у аддзел ідэалагічнай работы  райвыканкама па тэлефоне 21579.



Начальнік аадзела ідэалагічнай работы райвыканкама

А.Я. Клімчэня.

Фота ўзята з сайта smgazeta.kz.