День сельисполкома в Гервятах

09:15 / 26.07.2012

Чарговы дзень сельвыканкама прайшоў на мінулым тыдні ў Гервяцкім сельсавеце. Як і звычайна, на ім прысутнічалі намеснік старшыні райвыканкама В.З. Свіла і старшыня раённага Савета дэпутатаў В.В. Барташэвіч, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, старшыні сельвыканкамаў. Сустракаў удзельнікаў дня сельвыканкама старшыня Гервяцкага сельсавета Міхаіл Уладзіміравіч Шульгін.


Сёння ў Гервяцкім сельсавеце ў 44 населеных пунктах пражывае амаль 1800 чалавек. Большасць з іх – людзі працаздольнага ўзросту, а таксама – 600  пенсіянераў і 316 дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў. У  мінулым годзе тут нарадзілася 23 дзіцяці, а рэкорд нараджальнасці быў устаноўлены ў 2008 годзе – тады нарадзілася 27 немаўлят. 59 чалавек летась пайшлі з жыцця.


Яшчэ напачатку семінара намеснік старшыні райвыканкама В.З. Свіла нагадаў пра асаблівасці Гервяцкага краю – яго часта наведваюць жыхары і госці з іншых раёнаў і гарадоў рэспублікі і нават з-за мяжы, і прапанаваў удзельнікам семінара працаваць з крытычным прыцэлам. Паглядзець, параўнаць – і выказаць заўвагі і прапановы мясцовай уладзе.


Агляд устаноў і арганізацый, размешчаных на тэрыторыі Гервяцкага сельсавета, пачаўся з наведвання сярэдняй школы. Не лішнім будзе нагадаць, што сённяшні выгляд Гервяты набылі ў 2005 годзе – менавіта тады ў гэтай вёсцы быў пабудаваны першы ў раёне аграгарадок. У той час увага была ўдзелена і школе – у старога будынка з’явілася новае аблічча. А на месцы сада, які акружаў школу, з’явіліся клумбы з кветкамі, дэкаратыўныя дрэўцы і кусты.


Штогод адміністрацыя школы, настаўнікі і вучні ствараюць нейкую “ізюмінку” на сваёй тэрыторыі. Сёлета тут з’явілася клумба, зробленая ў выглядзе шахматнай дошкі, устаноўлены масток, ля якога ў хуткім часе з’явіцца штучны вадаём.


Хоць асноўная ўвага ў школе, канешне,  надаецца вучэбнай і выхаваўчай рабоце – сведчанне гэтаму перамогі школьнікаў ў конкурсах, алімпіядах, спаборніцтвах. Таму і не дзіўна, што па выніках года сярод устаноў адукацыі Гервяцкая школа заняла другое месца ў раёне, прапусціўшы наперад толькі гімназію №1 Астраўца.


Побач са школай размясціўся Гервяцкі фізкультурна-аздараўленчы комплекс – будынак, які паціху разбураўся, сваё другое нараджэнне адзначыў у 2006 годзе. Сродкі ў яго рамонт былі ўкладзены немалыя, але сёння яго дырэктар Анатолій Мечыслававіч Кавалеўскі ганарыцца вынікамі работы. Два гады назад комплекс прымаў міжнародны турнір па баскетболе – тады былі набыты баскетбольныя стойкі. Сёлета юнакі 1997-1998 года нараджэння сталі сярэбранымі прызёрамі(!) па стрытболе ў рэспубліцы.


Але жыве комплекс не толькі перамогамі. І цяпер працягваецца яго добраўпарадкаванне. Каб зэканоміць грошы на ацяпленне, быў устаноўлены невялікі модуль, у якім размясцілася трэнажорная зала, якую з задавальненнем наведваюць жыхары Гервят.


У Гервятах шмат прыгожых месцаў, якімі аграгарадок ганарыцца. А ёсць і праблемныя. Адно з такіх – сельскі Дом культуры. Грыбок “з’еў” падлогу сцэны, таму наперадзе работнікаў культуры чакае шмат работы. Нягледзячы на гэта, артысты цяпер праводзяць канцэрты ў танцавальнай зале, у якую вынеслі частку крэслаў, каб было як  размясціцца людзям.


Грамадскі пункт аховы парадку таксама размясціўся ў будынку Дома культуры. Участковы інспектар працуе плённа, таму праблем з крыміналам у Гервяцкім сельсавеце амаль не існуе – тут самая малая колькасць правапарушэнняў і злачынстваў па раёне. Участковы працуе не толькі па факце, але і праводзіць канкрэтную прафілактычную работу. Лішняе пацвярджэнне таму – тое, што сёлета рашэннем раённага выканаўчага камітэта партрэт участковага інспектара Аляксандра Іванавіча Лукшы занесены на раённую Дошку гонару.


Гервяцкі дзіцячы сад зусім нядаўна ўзначаліла малады кіраўнік Вольга Віктараўна Бяседская. Планаў у Вольгі Віктараўны шмат. Падчас нашага наведвання садок быў зачынены на рамонт, які сваімі сіламі робяць яго работнікі, іх сем’і і бацькі дзетак, што наведваюць дашкольную ўстанову. Тут арганізаваны дзве рознаўзроставыя групы, у планах – адкрыццё трэцяй, якую змогуць наведваць дзеці з мікрараёна Дайлідскай школы. І разам з тым старшыня сельвыканкама Міхаіл Уладзіміравіч Шульгін агучыў некалькі праблемных момантаў: хацелася б на тэрыторыі дзіцячага сада абсталяваць новую  спартыўную пляцоўку і замяніць  тратуарную плітку.


Наступны пункт праграмы – Гервяцкі касцёл. Адна з жамчужын не толькі раёна, але і рэспублікі ў цэлым. Кожны дзень храм наведваюць дзясяткі людзей, і кожны пакідае яго з надзеяй прыехаць сюды яшчэ раз.


– Гэта якраз тое месца, дзе паступова рэалізоўваўся канкрэтны праект па добраўпарадкаванні, – зазначыў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла. – Добры прыклад, згодна з якім можа працаваць любая арганізацыя.


У Гервяцкім сельсавеце – Гервяты не адзіны аграгарадок. Два гады назад Рымдзюнам таксама быў нададзены гэты статус. У сувязі з гэтым тут таксама адбыўся шэраг змен. Сёння ў Рымдзюнах пражывае 273 чалавекі – гэта пасля Гервят і Міцюн адна з буйнейшых вёсак сельсавета.


Тут удзельнікі сельвыканкама наведалі тры аб’екты. У магазіне ўдзельнікаў семінара прыветлівай усмешкай сустракае яго загадчыца Валянціна Мечыславаўна Стаціна, партрэт якой на працягу года быў змешчаны на раённай Дошцы гонару. Магазін прываблівае чысцінёй і акуратнасцю, ветлівым абслугоўваннем, а таксама акцыямі. Ёсць і яшчэ адзін факт, дзякуючы якому пакупнікі ідуць у магазін – тут жыхары вёскі пры прадастаўленні пашпарта могуць  набыць тавары ў крэдыт. Гэта ў многім і забяспечвае штомесячнае выкананне плана тавараабароту.


Амаль побач з магазінам размясціўся двухпавярховы будынак былой калгаснай канторы. У сувязі з рэарганізацыяй калгаса, будынак  нейкі час пуставаў. А два гады назад пасля капітальнага рамонту было прынята рашэнне “засяліць” у яго фельчарска-акушэрскі пункт і паштовае аддзяленне сувязі.


Тое, што рашэнне было правільным, пацвярджае не толькі галоўны ўрач раённай бальніцы,  фельчар ФАПа, старшыня сельсавета і жыхары вёскі. Аб гэтым сведчыць і статыстыка: па выніках работы за мінулы год па ўсіх паказчыках  Рымдзюнскі ФАП заняў другое месца ў вобласці. Сёння тут абслугоўваюцца жыхары з 21 вёскі. 557 дарослых і 101 дзіця пастаянна знаходзяцца пад апекай медыцынскіх работнікаў. Дарэчы, на ФАПе можна атрымаць не толькі кампетэнтную параду медыцынскага работніка, але і набыць  лекавыя прэпараты, зрабіць прасцейшыя фізіятэрапеўтычныя працэдуры.


У памяшканні аддзела паштовай сувязі таксама чысціня і парадак. Тут аказваюцца ўсе профільныя паслугі, якія можна атрымаць у раённым паштовым аддзяленні, набыць тавары народнага попыту. Пры аддзяленні арганізавана матарызаваная дастаўка пенсіі, што даспадобы жыхарам аддаленых вёсак.


Падвядзенне вынікаў работы прайшло ў Рымдзюнскім цэнтры культуры,  адукацыі і інфармацыі. На першым паверсе яго можна было ўбачыць работы фотамастакоў, якія прымаюць удзел у плэнеры, што праходзіць у раёне і прысвечаны Гервятам і людзям гервяцкага краю. Мастацкі ўзровень фотаздымкаў не можа не здзіўляць – у кожным пранікнёнасць, глыбіня, прыгажосць.


На падвядзенні вынікаў ва ўсіх удзельнікаў дня сельвыканкама была магчымасць задаць пытанне прадстаўнікам мясцовай улады і атрымаць кампетэнтныя адказы, выказаць прапановы па арганізацыі працы ці слушную заўвагу.


Былі ўзняты праблемы  ўмацаванасці Рымдзюнскага магазіна, устаноўкі новых агароджаў у вёсцы і шэраг іншых пытанняў.


Галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы В.І. Тачоны ўзняў пытанні забяспечанасці Гервяцкай амбулаторыі медыцынскімі кадрамі, устаноўкі пажарнай сігналізацыі  і пераводу кацельні на газ.


Начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Г.І. Калтана хвалюе становішча з пажарамі. Па статыстыцы за дзесяць гадоў на тэрыторыі Гервяцкага сельсавета адбылося 50 пажараў, больш за ўсё – у Гірах – восем! Ужо ў гэтым годзе ў сельсавеце адбылося чатыры пажары. І гэта не можа не хваляваць.


Былі таксама ўзняты пытанні пашпартызацыі населеных пунктаў,  вучэнняў санітарных дружын і вакцынацыі супраць грыпу.


Вынікі работы дня сельвыканкама падвялі В.З. Свіла і старшыня раённага Савета дэпутатаў В.В. Барташэвіч.



Алена ЯРАШЭВІЧ.