Спартыўная моц Гродзеншчыны

08:26 / 03.01.2012





Ужо стала добрай традыцыяй, што прэс-канферэнцыі губернатара Гродзенскай вобласці Сямёна Барысавіча Шапіры пачынаюцца з наведвання цікавых аб’ектаў. У апошні тыдзень перад Новым годам прадстаўнікоў раённай і абласной прэсы Гродзеншчыны запрасілі на абласны семінар, які праводзіўся сумесна з Прадстаўніцтвам Нацыянальнага Алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь. Зыходзячы з гэтага і наведвалі журналісты спартыўныя аб’екты горада Гродна.



Цэнтральны спартыўны комплекс “Неман”

Пачаўся семінар на базе ЦСК “Неман”. Тут журналістаў сустракалі начальнік упраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама П.К. Скрабко, нядаўна прызначаны начальнік абласнога ўпраўлення па фізкультуры, спорту і турызму В.А. Апановіч і выканаўчы дырэктар Прадстаўніцтва Нацыянальнага Алімпійскага камітэта ў Гродзенскай вобласці А.М. Курловіч. Сустрэча насіла даволі пазнаваўчы характар.
Так, Вячаслаў Аляксандравіч Апановіч пазнаёміў журналістаў з падрыхтоўкай гродзенскіх спартсменаў да алімпіяды ў Лондане. Аляксандр Мікалаевіч Курловіч, двухразовы алімпійскі чэмпіён у суперцяжкай вагавай катэгорыі, які цяпер з’яўляецца суддзей міжнароднага класа, расказаў аб падрыхтоўцы Лондана да алімпіяды 2012 года.
А потым пачалося больш блізкае знаёмства з ЦСК “Неман”. Шчыра прызнаюся, спартсмены з раёнаў могуць толькі пазайздросціць тым умовам, якія створаны ў спартыўным комплексе. Некалькі цудоўных спартыўных залаў, абсталяваных па апошняй “модзе”, бегавыя дарожкі, футбольныя палі са штучным і натуральным пакрыццём – толькі трэніруйся і займай прызавыя месцы.
У ЦСК “Неман” праходзяць вучэбна-трэніровачныя заняткі і спаборніцтвы па боксе, барацьбе, фехтаванні, цяжкай атлетыцы, спартыўнай і мастацкай гімнастыцы, акрабатыцы, лёгкай атлетыцы, футболе і хакеі на траве. Тут жа журналістам прадставілася магчымасць сустрэцца з дзяўчынкамі, якія займаюцца мастацкай гімнастыкай, грацыі і гібкасці якіх можна толькі па-добраму пазайздросціць, і з юнымі спартсменамі, якія выконвалі практыкаванні на батуце. Прыгожа, грацыёзна, спрытна – і ўсё дзякуючы пастаянным шматгадзінным трэніроўкам.



Спорт плюс медыцына

Два ўзаемна звязаныя паміж сабой словы, якія на практыцы цудоўна дапаўняюць адно другое, – усё гэта абласны дыспансер спартыўнай медыцыны.
На першы погляд невялікі будынак, які размясціўся побач з ЦСК “Неман”, нічым не адрозніваецца ад звычайных гарадскіх паліклінік. І тым не менш… У штатным раскладзе дыспансера – 30 урачоў. І яны абслугоўваюць 8700 спартсменаў, якія пражываюць у Гродзенскай вобласці.
– Перад намі стаіць найважнейшая задача, – расказвае галоўны ўрач Мікалай Паўлавіч Вялітчанка. – Неабходна вызначыць, ці сапраўды спартсмен зможа пераносіць вялікія фізічныя нагрузкі. Да таго ж вельмі часта спартсмены атрымліваюць траўмы і наша задача, як мага хутчэй увесці спартсмена “ў строй”.
Кабінеты фізіятэрапіі, апарат, які вызначае ступень перанасімасці фізічнай нагрузкі, крыатэрапія, або сучасная методыка лячэння холадам, “фітвайб” – унікальны апарат, які здзяйсняе глыбокую агульную і мясцовую вібрастымуляцыю мышцаў і тканак усяго цела, апарат для вызначэння стану сардэчна-сасудзістай сістэм – толькі невялікі пералік навінак, якія дапамагаюць нашым урачам зрабіць правільную дыягностыку, папярэдзіць захворванне і дапамагчы справіцца з хваробай.



Стралковы цір “Дынама”

Помню, як у школьныя гады мы ездзілі на раённую “Зарніцу” – 2-3 дні жылі ў палявых умовах, маршыравалі, бегалі, праходзілі паласу перашкод, малявалі насценныя газеты, шукалі дыверсантаў… Сярод конкурсаў абавязковым была і стральба з пнеўматычнай вінтоўкі – гэтага выпрабавання мы баяліся больш за ўсё. Навыкаў у стральбе ў большасці з нас не было – у мішэнь траплялі па інтуіцыі і дзякуючы перш за ўсё зоркаму воку.
У стралковым ціры “Дынама” ўстаноўлена навейшае абсталяванне і цяпер тут можна прымаць спаборніцтвы самага высокага міжнароднага класа. Спартсмены, якія трэніруюцца ў стралковым ціры “Дынама”, не раз станавіліся пераможцамі спаборніцтваў рознага ўзроўню. Сёлетні год таксама стаў удалым для гродзенцаў – трэнеры падрыхтавалі двух спартсменаў, якія будуць прымаць удзел у алімпіядзе ў Лондане. Канстанцін Лукашык і Андрэй Казак трэніруюцца кожны дзень па некалькі гадзін, таму і дасягаюць пэўных вынікаў. Трэба бачыць на свае вочы, каб зразумець, не ўсё так проста, як здаецца на самай справе. А побач з імянітымі спартсменамі трэніруюцца і школьнікі, якіх, трэба спадзявацца, таксама чакае “зорная” будучыня.
– Са стральбой у мяне звязаны не вельмі прыемныя ўспаміны, – расказвае адна з маіх калег. – Шмат гадоў назад у школе мяне падстрэлілі, калі я пабегла глядзець, колькі ж ачкоў удалося выбіць. З той пары стральбу не люблю.
У стралковым ціры бегчы і глядзець, у што ты трапіў, не трэба. Побач са стралком стаіць камп’ютар, які паказвае колькасць набраных балаў.
Не пустуе і тэрыторыя стралковага ціра – тут размясціліся адкрытыя спартыўныя пляцоўкі для гульні ў міні-футбол, баскетбол і валейбол.



“Максі”

Апошнім пунктам нашага падарожжа стала прыватная трэнажорная зала “Максі”.
Жыццё Андрэя Аксаміта, дырэктара “Максі”, таксама звязана са спортам. Майстар спорту па цяжкай атлетыцы і бодзі-білдынгу, шматразовы чэмпіён рэспублікі па бодзі-білдынгу, бронзавы прызёр Чэмпіянату Еўропы пачынаў прадпрымальніцкую дзейнасць з адкрыцця трэнажорнай залы. Потым адкрыў фітнес-залу, а яшчэ праз нейкі час – салон прыгажосці і салярый. Прафесійныя трэнажоры, кампетэнтныя інструктары – прызёры чэмпіянатаў Еўропы і шматразовыя чэмпіёны Беларусі, камфортнае і ўтульнае памяшканне – усё гэта спрыяе таму, што зала не пустуе, кліенты ёсць заўсёды. Словам, максімальны камфорт па даступных цэнах.







Прэс-канферэнцыя

Прэс-канферэнцыя са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама, які да таго ж з’яўляецца старшынёй Прадстаўніцтва НАК у Гродзенскай вобласці С.Б. Шапіра пачалася, зразумела, з пытанняў, звязаных са спортам і будаўніцтвам спартыўных аб’ектаў у Гродзенскай вобласці.
Прынамсі, Сямён Барысавіч лічыць, што галоўнае не ўмешвацца ў трэнерскі працэс, а забяспечыць умовы для спартсменаў. Дарэчы, на Гродзеншчыне для гэтага робіцца многае – і на наступны год таксама ёсць планы. У вобласці, якая ўзгадавала не аднаго алімпійскага чэмпіёна, і надалей будуць выдзяляцца бюджэтныя сродкі на будаўніцтва спартыўных аб’ектаў.
Былі і пытанні, якія датычыліся завяршэння гэтага года, развіцця эканомікі і сельскай гаспадаркі вобласці, захавання культурна-гістарычнай спадчыны Гродзенскай вобласці.
Сямён Барысавіч лічыць, што год быў няпростым, але шмат зроблена і ёсць добры фундамент на будучыню. Ён прывёў канкрэтныя лічбы і факты развіцця эканомікі і сельскай гаспадаркі вобласці, якая, дарэчы, змагла захаваць лідзіруючыя пазіцыі ў рэспубліцы. Губернатар падкрэсліў, што і надалей прыярытэтным накірункам застанецца прыцягненне інвестыцый, будаўніцтва важнейшых энергетычных аб’ектаў, такіх як Гродзенская ГЭС і Астравецкая АЭС.
Прыемным заканчэннем прэс-канферэнцыі і семінара ў цэлым стала падвядзенне вынікаў конкурсу, прысвечанага спартыўнай тэматыцы, і ўручэнне спартсменам і трэнерам вобласці спецыяльнага прыза ў намінацыі “Журналісцкая спартыўная сімпатыя”.


Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.