Дабрачынны ранішнік прайшоў у Астраўцы

11:09 / 30.12.2011
7897

Напярэдадні новага года кожнае дзіця чакае нейкага цуду! Для таго, каб ён сапраўды адбыўся, штогод у раёне праводзяцца дабрачынныя ранішнікі. Сёлетні таксама не стаў выключэннем – раённы выканаўчы камітэт у рамках акцыі “Нашы дзеці” запрасіў у кінаканцэртную залу “Астравец” 84 дзіцяці на цудоўнае казачнае прадстаўленне.


Задоўга да пачатку прадстаўлення залу напоўнілі супрацоўнікі аддзела культуры і аддзела адукацыі – кожны стараўся зрабіць так, каб свята атрымалася незабыўным і прыгожым! Непасрэдны ўклад у арганізацыю мерапрыемства ўнеслі і гаспадары, супрацоўнікі кінаканцэртнай залы і, канешне, Астравецкі райвыканкам.
Немалую ролю ў стварэнні добрага святочнага настрою адыграла старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” В.І. Дземеш, дзякуючы якой дзяцей пасля навагодняй казкі, запрасілі на салодкі стол, які быў арганізаваны ў фае кінаканцэртнай залы.
А зала, між тым, паступова напаўнялася дзецьмі рознага ўзросту, у маскарадных касцюмах, з мамамі і татамі і без іх, але ўсе яны чакалі нечага незвычайнага і верылі, што яно абавязкова збудзецца.
Пасля цудоўнага прадстаўлення, падрыхтаванага супрацоўнікамі і выхаванцамі цэнтра пазашкольнай работы, усе дзеці атрымалі салодкія падарункі ад раённага выканаўчага камітэта.
І так хочацца, каб гэтыя паўтары гадзіны радасці, добрага настрою, шчасця і вяселля расцягнуліся на цэлы надыходзячы год і дзеці ніколі не ведалі болю, слёз і адзіноцтва.


Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений