Дзень інфармавання насельніцтва прайшоў у Астраўцы

10:00 / 21.12.2011

Дзень інфармавання насельніцтва, які прайшоў у раёне 15 снежня, прысвячаўся дзвюм важным тэмам: “Палітыка Рэспублікі Беларусь у вобласці аховы правоў дзяцей” і “Рэалізацыя дзяржаўнай пагранічнай палітыкі на тэрыторыі Гродзенскай вобласці”.


У Рэспубліцы Беларусь ахова дзяцінства – адзін з самых прыярытэтных накірункаў дзейнасці нашай дзяржавы. Правы і законныя інтарэсы маленькіх грамадзян рэспублікі замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Кодэксе аб шлюбе і сям’і, Законе “Аб правах дзіцяці”, Праграме дэмаграфічнай бяспекі на 2011-2015 гады і іншых нарматыўных дакументах.
У Астравецкім раёне ў ліпені бягучага года пачала дзейнічаць дзяржаўная ўстанова адукацыі “Сацыяльна-педагагічны цэнтр Астравецкага раёна”, якая стала каардынатарам работы ўстаноў адукацыі па ахове правоў дзяцей. Сфарміравана сістэма выяўлення дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным стане і патрабуюць дзяржаўнай аховы. У раёне створаны 10 працоўных груп па рабоце з небяспечнымі сем’ямі, у якія ўвайшлі прадстаўнікі раённых службаў, сельвыканкамаў, устаноў адукацыі. Кожны тыдзень праводзяцца рэйды “Сям’я без насілля” з удзелам усіх зацікаўленых.
Дзяржаўная пагранічная палітыка фарміруецца на аснове Канстытуцыі, законаў і іншых прававых актаў Рэспублікі Беларусь.
За адзінаццаць месяцаў 2011 года праз Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь на ўчастку Гродзенскай пагранічнай групы прапушчана 4 млн. 234 тыс. асоб і 2 млн.338 тыс. транспартных сродкаў. За парушэнне пагранічнага заканадаўства на ўчастку пагранічнай групы затрыманы 2293 чалавекі, у тым ліку выяўлена 30 групавых спроб парушэння мяжы.
Актыўны ўдзел у правядзенні дня інфармавання прынялі супрацоўнікі аддзела пагранічнай службы “Гудагай”. Так, намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце В.А. Субаткевіч наведаў калектыў Астравецкага раёна электрычных сетак, а таксама сустрэўся з педагогамі гімназіі №1 і сярэдняй школы №1 г.п. Астравец. Віталій Аляксандравіч падрабязна расказаў аб дзейнасці аддзела пагранічнай службы Гудагай, аб умовах і правах знаходжання грамадзян у пагранічнай зоне, даў кампетэнтныя адказы на пытанні, якія паступалі ў ходзе правядзення сустрэч.
Начальнік пагранічнага паста “Кямелішкі” П.С. Кізік сустрэўся з работнікамі саўгаса “Падольскі” і жыхарамі вёскі Рытань.
Па тэме аховы правоў дзяцей у працоўных калектывах выступіла метадыст па ахове правоў дзяцінства раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі райвыканкама А.З. Лаздоўская. Алена Зыгмундаўна наведала калектывы Астравецкага раёна электрычных сетак, раённы Дом быту. Яна падрабязна расказала аб рабоце па ахове правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, у тым ліку і дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, звярнула асаблівую ўвагу на выкананне Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у небяспечных сем’ях”.
Цікава і змястоўна прайшоў дзень інфармавання ў СВК “Міхалішкі”, які адбыўся ў майстэрнях вёскі Страчанка. На сустрэчу былі запрошаны механізатары, вадзіцелі, жывёлаводы, спецыялісты кааператыва. Удзел у дні інфармавання прыняў начальнік пагранічнага паста “В.Страча” Д.У. Жук. Прысутныя цікавіліся, калі можна будзе ехаць у Літву па спецыяльных прапусках. На гэтае і іншыя пытанні слухачы атрымалі кампетэнтныя адказы.
Галоўныя спецыялісты аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама наведалі працоўныя калектывы і адказалі на пытанні працоўных.
Намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце правялі дзень інфармавання ў сваіх працоўных калектывах.


Аляксандр Клімчэня, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама.