Тыдзень postfactum: дні абурэння і настальгіі

10:11 / 14.12.2011
8370
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

“Дэжавю” па-расійску

“Дэжавю”, “Дзень сурка” – па рознаму можна называць тое, што адбываецца апошнім часам пасля выбараў. Сцэнарый дзеі ў розных краінах нібы перапісаны пад капірку. Адрозненне толькі ў выканаўцах галоўных роляў і спосабах выражэння абурэння.
Вынікі выбараў у Дзяржаўную Думу Расіі яшчэ не былі афіцыйна аб’яўлены, як з’явіліся заклікі прызнаць іх несумленнымі і таму нелігітымнымі.
Дзіўна, аднак яшчэ да высновы назіральнікаў ад АБСЕ і Еўрасаюза, літаральна на наступны дзень пасля завяршэння галасавання, аб іх неадпаведнасці міжнародным стандартам заявіла дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан.
А ў мінулую суботу масавая акцыя нязгодных з вынікамі выбараў сабрала ў Маскве больш за 25 тысяч (па звестках паліцыі) удзельнікаў.
І гэта таксама дзіўна. Калі адкінуць эмоцыі і не прымаць пад увагу фальшывае лікаванне пераможцаў, “Адзіная Расія”, па сутнасці, выбары прайграла. Ці страту ў парламенце больш за 20 працэнтаў месцаў у параўнанні з папярэднімі выбарамі можна лічыць перамогай? Гэта не перамога, а самае сакрушальнае паражэнне Пуціна з моманту яго прыходу ў вялікую палітыку. Менавіта таму тыя акцыі пратэсту, якія сёння адбываюцца ў Маскве і іншых гарадах Расіі, уладзе нават на руку.
Па-першае, засяроджаны на мітынгах і “левых” бюлетэнях электарат будзе менш задумвацца над сапраўднай палітычнай вагой лідара краіны, пазіцыі якога яшчэ тыдзень таму здаваліся непахіснымі.
Па-другое, пакуль гудуць плошчы, партыя ўлады мае час для рэкангсцыроўкі ў новых палітычных рэаліях.
Па-трэцяе, у кіраўнічага тандэма ёсць магчымасць падтрымаць дэмакратычнае рэнамэ лаяльнымі выказваннямі ў адносінах да дэманстрантаў. Балазе, грамадскі парадак яны моцна не парушаюць, збіраюцца там, дзе ім указана, і на штурм Крамля не збіраюцца.
І чацвёртае. Замест таго, каб абрынуць на ўладу ўсю магутнасць хвалі народнага волевыяўлення, якое красамоўна сведчыць аб недаверы да ўлады і стала такім відавочным пасля выбараў у Думу, апазіцыя настойвае на тым, што гэта самае выяўленне, насамрэч, несапраўднае! Парадокс? А можа, палітычная блізарукасць, бязмерныя амбіцыі, завышаная самаацэнка, якія не дазваляюць скарыстацца асобнай перамогай і патрабуюць перамогі адразу ва ўсёй вайне?! У гульні з Пуціным варта задавальняцца нават пешкай, а не нацэльвацца адразу на ферзя. Нават калі моцна хочацца…



ЗША абароняць геяў

Абарона правоў чалавека ў пачатку 21-га стагоддзя, па ўсім відаць, пакрысе набліжаецца да абсурду?
На мінулым тыдні дзярждэпартамент ЗША апублікаваў мемарандум, згодна з якім стаўленне гэтай дзяржавы да іншых краін будзе вызначацца ў залежнасці ад забеспячэння ў іх правоў геяў, лесбіянак і транссексуалаў.
Не больш і не менш! Па ўсім відаць з дэмакратыяй Штаты ўжо ва ўсім свеце навялі парадак, нерэалізаванымі засталіся толькі правы гомасексуалістаў! Што ж, трэба прызнаць, работы ў амерыканцаў сапраўды – непачаты край!
Гэты ж мемарандум увязвае прадастаўленне амерыканскай дапамогі ў залежнасці ад забяспечанасці правамі геяў, а таксама абавязвае дзяржаўныя структуры ЗША аказваць усялякую магчымую дапамогу тым асобам, якія будуць звяртацца з прашэннем аб прытулку ў сувязі з сексуальнай дыскрымінацыяй у сваёй краіне.
Да варажбіткі не хадзі – цяпер і ў нас, і ў свеце ў цэлым гомасексуалістаў прыбавіцца. Таму як “святое месца – пустым не бывае”. Раз плацяць – дык чаму не?!
З’явяцца праваабарончыя арганізацыі адпаведнага профілю. І пабачыце – адчуваць сябе будуць вельмі нядрэнна! Таму што ад іх самаадчування будзе залежаць фінансавы стан усёй дзяржавы!
А ўвогуле, усё гэта – самы сапраўдны абсурд! Можа, перш чым такія мемарандумы пісаць, заакіянскім дабрадзеям варта было б Біблію перачытаць? Тое месца, дзе распавядаецца аб лёсе Садома і Гаморы.
Зрэшты, калі ісці амерыканскай логікай, то і ў Бібліі з таго месца, у якім Адам з’еў яблык – суцэльнае парушэнне правоў чалавека!



20 гадоў без СССР

Юбілей без СССР прайшоў ціха і непрыкметна. Як і сам яго распад. Ці развал? Гэта ўжо як хто разумее.
8 снежня 1991 года ўсё таксама было надта ўжо будзённа. У той дзень не ўсе нават зразумелі, што адбылося.
Якімі былі гэтыя 20 гадоў? Рознымі. У большасці рэспублік былога Саюза не абыйшлося без кровапраліцця: перажылі войны грамадзянскія і проста войны.
За два дзесяцігоддзі ўсе некалі братнія рэспублікі ўсталі на ногі, сфарміраваліся як суверэнныя дзяржавы.
Людзі старэйшага пакалення з гонарам успамінаюць, што нарадзіліся яны ў СССР і настальгіруюць па часах “калі ўсе былі роўныя”.
А вось маладыя ведаюць аб Савецкім Саюзе толькі па школьных падручніках гісторыі, блытаюць Леніна з Ленанам і лічаць што Інтэрнацыянал – гэта песня групы “Іванушкі International”…

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений