Дырэктыва №1: каб захаваць жыццё людзей

14:12 / 07.06.2011

На базе Астравецкага райвыканкама прайшла выязная калегія Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь.  Пытанні, якія выносіліся на яе абмеркаванне, неаднойчы заслухоўваліся ў розных раёнах Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай абласцей.


На гэты раз падобнае пасяджэнне было вырашана правесці ў нас, таму ў  Астравец прыехалі дырэктар Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Анатолій Пятровіч Садаўнічы, яго намеснік Ірына Фёдараўна  Шыляева і начальнікі аддзелаў Станіслаў Уладзіміравіч Камінскі і Аляксандр Віктаравіч Талерчык, начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Мікалай Уладзіміравіч  Ленко і першы намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Гродзенскага аблвыканкама Анатолій Казіміравіч  Зімнавода. На пасяджэнне былі запрошаны кіраўнікі ўсіх арганізацый,  начальнік і супрацоўнікі раённага ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Удзел у пасяджэнні прыняў і старшыня райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька.
На абмеркаванне  былі вынесены два пытанні. Па першым з іх  – “Аб мерах па рэалізацыі паўнамоцтваў у вобласці аховы працы, прадастаўленых Астравецкаму райвыканкаму Законам Рэспублікі Беларусь “Аб ахове працы” – выступіў Мікалай Уладзіміравіч Ленко. Ён спыніўся на мерапрыемствах, якія праводзяцца ў раёне па ахове працы і  барацьбе з вытворчым траўматызмам і прывёў статыстыку.
– Нягледзячы на праводзімую ў раёне работу, толькі за мінулы год на прадпрыемствах загінула тры чалавекі. А каэфіцыент частаты трагічных выпадкаў склаў 1,04 працэнта, у той час як па вобласці ён складае – 0,61%,  – адзначыў начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы.
Ён таксама звярнуў увагу кіраўнікоў прадпрыемстваў на ўкараненне на прадпрыемствах раёна сістэмы кіравання аховай працы, а таксама на перападрыхтоўку вызваленых спецыялістаў па ахове працы.
Адам Дзмітрыевіч Кавалька ў сваім выступленні спыніўся на выкананні раённай праграмы па ахове працы і праблемных пытаннях, якія ўзнікаюць на прадпрыемствах падчас яе ажыццяўлення. Ён прывёў у прыклад Астравецкія раённыя электрычныя сеткі і Астравецрайгаз, як базавыя арганізацыі па навучанню і ахове працы. Прааналізаваў старшыня райвыканкама  і  трагічныя выпадкі, якія адбыліся ў раёне ў мінулым годзе і падчас якіх загінулі людзі.
Слова для выступлення было прадастаўлена галоўнаму спецыялісту па ахове працы Валерыю Рамуальдавічу Шлыковічу, дырэктару Астравецкага лясгаса Рыгору Мечыслававічу Доўгаму і дырэктару МПМК-158 Аляксандру Міхайлавічу Ляху. У сваіх выступленнях яны расказалі, як праводзіцца кантроль ведаў па ахове працы і пра мерапрыемствы, якія прадугледжаны ў арганізацыях па прадухіленню няшчасных выпадкаў на вытворчасці.
Другое пытанне, якое выносілася на абмеркаванне,  датычылася аховы працы на ААТ “Будаўнік”. Нягледзячы на тое, што гэтае прадпрыемства размешчана ў Ашмянскім раёне, было вырашана пазнаёміць кіраўнікоў прадпрыемстваў з недахопамі, выяўленымі ў гэтай будаўнічай арганізацыі, – каб не дапусціць падобнага ў нас.
Закончылася пасяджэнне падвядзеннем вынікаў і прыняццем адпаведнай пастановы.


Алена ЯРАШЭВІЧ.