Тыдзень postfactum: паміж Усходам і Захадам

15:24 / 02.06.2011
7718
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

Трэба супакоіцца

Адчуваю, што жыццё ўсё ж прымусіць мяне сачыць за цэнамі. Па ўсім відаць, мінулі тыя часы, калі па характэрнай мужчынскай звычцы кідаў ў кошык прадукты, не гледзячы на цэннікі, а  на пытанне жонкі, колькі аддаў за цукар,  няўцямна паціскаў плячыма. Хоць цана на яго трымалася досыць доўга, але за некалькі апошніх месяцаў павышалася ці не тройчы. Затое цяпер я яе ведаю. Цяперашнія цэны ўвогуле прымусілі сябе паважаць. Хоць прывыкаць да іх нам прыйдзецца доўга.
І ўсё ж ніяк не магу зразумець, чаму, калі рубель дэвальвіравалі на 56 працэнтаў, цэны на многія рэчы падняліся больш чым на 100?
Мінулы тыдзень пачаўся з сумнага паведамлення аб падаражанні бензіну і дызельнага паліва. Запасацца не паехаў. Ад аднаго толькі ўяўлення, што будзе рабіцца на бензакалонках, стала млосна. Пашкадаваў уласныя нервы.
Напрыканцы тыдня – ужо без афіцыйных паведамленняў – народ даведаўся, што будзе даражэць цукар. Нібыта ў два разы. Што рабіць у падобнай сітуацыі, нашым людзям тлумачыць не трэба. Тэхналогія адпрацавана да дробязяў. Да абеду ў астравецкіх магазінах «салодкага пяску»  ўжо не было. Праўда, крыху пазней ён з’явіўся. Аднак за некалькі гадзін “размялі” зноў. На наступны дзень цана цукру сапраўды павялічылася, хоць і не ў два разы.
Расійскае інфармацыйнае агенцтва – РІА – на мінулым тыдні ў раздзеле “Аналітыка” апублікавала артыкул пад красамоўным загалоўкам: “Беларусам трэба супакоіцца”. Галоўная выснова: тое, што адбываецца зараз у нас, не ў стане вытрымаць ні адна эканамічная сістэма, якой бы дасканалай і трывалай яна ні была.
Сумны парадокс у тым, што, імкнучыся абараніць свае зберажэнні і саміх сябе, мы яшчэ больш пагаршаем уласнае становішча.
Чым больш “хапнем” таго ж цукру, тым менш яго пойдзе на экспарт і тым менш будзе ў казне гэтых запаветных зялёных паперак – плацежнага сродку заакіянскай дзяржавы.
Чым актыўней будзем здымаць грошы з рахункаў – тым горшым будзе становішча банкаў і тым цяжэйшым і даўжэйшым будзе пераадоленне сёняшняга крызісу.
Складана не толькі нам. Другая хваля сусветнага крызісу накрыла Грэцыю, Партугалію, Іспанію, Ісландыю. Аднак нідзе ён не набываў такія пачварныя формы, як у нас. Ні ў адной краіне не суправаджаўся ажыятажным попытам на цукар, соль, воцат…
Нам усім сапраўды трэба супакоіцца.



2012

Няхай не палохае вас падзагаловак – гаворка пойдзе не аб прадказаным на гэты год канцы свету.
2012 год – год прэзідэнцкіх выбараў у Расіі, ЗША, Францыі.
А напярэдадні выбараў палітыкі становяцца асабліва дальнабачнымі, разважлівымі і згодлівымі.
На апошнім паседжанні “вялікай васьмёркі” –  G8,  нефармальным савеце кіраўнікоў васьмі найбольш уплывовых дзяржаў свету – якое адбылося на мінулым тыдні ў французскім Давіле, лідары вышэйназваных дзяржаў выявілі нябачанае да гэтага аднадумства. Яно і зразумела – усім трэба на выбары ісці, усім трэба галасы электарату заваёўваць. Галоўная нечаканасць – заява расійскага прэзідэнта Дзмітрыя Мядзведзева па Лівіі. Нагадаем: да гэтага Расія выказвала сваю заклапочанасць дзеяннямі саюзнікаў у Паўночнай Афрыцы. Што на дыпламатычнай мове азначала фактычна катэгарычную нязгоду з прымяненнем НАТО сілы ў Лівіі. Пазіцыя Расіі цалкам зразумелая. Асабліва з улікам працяглага, яшчэ з часоў Брэжнева, стратэгічнага партнёрства з лідарам джамахерыі.
Цяпер жа Мядзведзеў выказаўся досыць канкрэтна: “Кадафі павінен сысці!”. А на пытанне журналіста, ці гатова Расія прадаставіць дыктатару палітычны прытулак, ці то іранічна, ці то разгублена адказаў: “Не, нам гэта не патрэбна…”.
Што ж так паўплывала на змены ў пазіцыі Расіі?
Маючы на ўвазе, што ў міжнароднай палітыцы вагу маюць толькі эканамічныя меркаванні, можна пагадзіцца з тымі аналітыкамі, якія выказалі здагадку, што ўзамен на лаяльнасць у Давіле Расіі зрабілі шэраг цікавых прапаноў.
Па-першае, гэта адмова ЗША ад рэалізацыі праграмы проціракетнай абароны ў Заходняй Еўропе, якая доўгі час з’яўлялася галоўнай перашкодай ў расійска-амерыканскіх адносінах.
А, па-другое, Расіі паабяцалі ўступленне  ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, стаць паўнапраўным членам якой яна так доўга імкнецца.
Зразумела, ад такіх спакуслівых прапаноў адмовіцца было цяжка. Нават на карысць дружбы з верным, але малапрадказальным сябрам.
Тое, што “сардэчная згода” пойдзе на карысць усім тром лідарам, ясна як белы дзень. Праўда, не ўсё так адназначна.
Унутры Расіі пазіцыя Дзмітрыя Мядзведзева абавязкова выкліча падтрымку сярод “правых”, для якіх збліжэнне з Захадам – свайго роду рэлігія, праграма-максімум.
Аднак  яшчэ з часоў Пятра І дадзены знешнепалітычны курс мае ў Расіі і вялікую колькасць праціўнікаў. Для іх ЗША і саюзнікі –пагроза векавым устоям, веры, маралі, асабліваму расійскаму шляху ў гісторыі. Карацей, амаль што ўвасабленне абсалютнага зла.
Да таго ж у гэтай  ідэі ёсць вельмі моцны і харызматычны лідар – Пуцін. Які сваю ўласную пазіцыю адносна Лівіі выказаў даўно і досыць выразна: рукі прэч ад суверэннай краіны!
Што да ПРА – праграмы проціракетнай абароны, то, калі яна сапраўды будзе замарожана, гэта стане вельмі моцным ударам па амбіцыях “новых еўрапейцаў” – краін былога сацлагера, для якіх амерыканскія ракеты бачыліся элементам уласнай значнасці і выдатным аргументам у процістаянні з Расіяй. Аднак у іх зноў не спыталі, не параіліся. Па сутнасці, недвухсэнсоўна ўказалі на сапраўднае месца ў сусветнай палітыцы. Праглынуць гэтую крыўду будзе вельмі непрыемна. Ды прыйдзецца не толькі праглынуць, а і зрабіць бачнасць неймавернай асалоды.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений