Савет кіраўнікоў: чаму трэба павучыцца ў некаторых арганізацыях раёна?

15:58 / 24.05.2011

Квітнее май. Прайшоў суботнік – якога, да слова сказаць, руплівыя гаспадары не сталі чакаць, каб навесці парадак. А не вельмі руплівыя? Каб паглядзець, як ідуць справы і ў тых, і ў другіх, па ініцыятыве старшыні райвыканкама А.Д. Кавалькі чарговае пасяджэнне савета кіраўнікоў пачалося з аб’езду гарадскога пасёлка, арганізацый і прадпрыемстваў райцэнтра. Прычым маршруту руху не ведаў ніхто – больш таго, часта ён каардынаваўся проста па ходу.


Бадай што адзіным запланаваным аб’ектам наведвання ў той дзень стаў адміністрацыйны будынак раённага фізкультурна-спартыўнага клуба, які пасля завяршэння рамонту размясціўся ў былым аддзеле ўнутраных спраў. Тут нават аказаўся “раяль у кустах” – чырвоная стужка, гонар перарэзаць якую быў прадастаўлены старшыні райвыканкама А.Д. Кавальку і яго намесніку В.З. Свілу. А затым начальнік аддзела па фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама Сяргей Віктаравіч Шэін правёў невялікую экскурсію па нядаўна адрамантаваных кабінетах, у якія толькі некалькі дзён назад перабраліся супрацоўнікі – работнікі  вышэйзгаданага аддзела, фізкультурна-спартыўнага клуба, сектара турызму, шахматна-шашачнага клуба – усе яны раней месціліся ў адным прыстасаваным пакоі  старога раённага Дома культуры. Сяргей Віктаравіч падзяліўся з членамі савета кіраўнікоў планамі на далейшае выкарыстанне комплексу будынкаў, якія дасталіся аддзелу ў спадчыну ад раённай міліцыі, і ўвогуле развіцця спартыўнай базы ў раёне, галоўным  аб’ектам якой павінен стаць новы гарадскі стадыён з усім неабходным комплексам памяшканняў.
Адрамантаванае памяшканне фізкультурна-спартыўнага клуба стала першым месцам прыпынку на маршруце руху савета кіраўнікоў, але да яго яны дабіраліся — як у Маскву цераз Сахалін: па дарозе праехалі па мікрараёне Валадарскага, па сектары прыватнай забудовы ў мікрараёне Калгушкіна і іншых вуліц паўночнай часткі гарадскога пасёлка. Перад тым старшыня райвыканкама А.Д. Кавалька з групай кіраўнікоў раёна зрабіў аблёт раёна на верталёце – і расказаў, што з вышыні, якім ні парадаксальным гэта можа падацца, відаць любы, нават самы дробны беспарадак ля кожнага падвор’я, быццам бы схаваны ад цікаўных вачэй за плотам ці хлевушком. Усё і на самой справе, як у той песні: “Мне зверху бачна ўсё – ты так і знай”.
Хоць, зрэшты, бачна і з дарогі. І раскіданыя ля таго ці іншага падвор’я дровы ці будматэрыялы, і закінутыя, зарослыя быльнягом участкі, і неабкошаныя сям-там яшчэ з восені абочыны дарог і прысядзібныя ўчасткі, і беспарадак за касцёлам – здавалася б, дзе-дзе, а на тэрыторыі святыні  павінен панаваць ідэальны парадак. Для параўнання члены савета кіраўнікоў пабывалі і ля праваслаўнай царквы, дзе ў той дзень прыхаджане якраз разбівалі клумбы, высаджвалі дрэўцы – і адзначылі зусім іншы парадак каля храма. Па ходу руху аўтобуса дырэктару РУП ЖКГ А.Б. Стурлісу і начальніку аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі В.Э. Сенюцю давялося неаднаразова даваць тлумачэнні і абяцаць выправіць сітуацыю у бліжэйшы тэрмін.
Хоць былі і іншыя прыклады – таго, як можна сваю тэрыторыю падтрымліваць у стане, блізкім да ідэальнага. Нечакана нават для самога гаспадара, начальніка Астравецкага РЭС А.С. Калесніка аўтобус звярнуў на яго тэрыторыю – і ўсе пераканаліся, што парадак, чысціня, прыгажосць не ствараюцца да прыезду высокіх гасцей, а пануюць тут заўсёды. Тое ж можна сказаць і пра невялікую, але вельмі ўтульную тэрыторыю раённай падатковай інспекцыі. Вопыт апошняй асабліва каштоўны яшчэ і таму, што ўсё тут зроблена пераважна рукамі саміх супрацоўнікаў у вольны ад работы час – і цяпер у гэтым па-сапраўднаму райскім куточку прыемна знаходзіцца і самім работнікам, і наведвальнікам інспекцыі.
Наведалі ў той дзень члены савета кіраўнікоў і вытворчыя прадпрыемствы. І зноў жа – нечакана для гаспадароў. Больш таго: дырэктар лясгаса ў той дзень на савеце кіраўнікоў па ўважлівых прычынах увогуле адсутнічаў, яго замяняў намеснік П.З. Крупенчык. І тым не менш дрэваапрацоўчы цэх гэтай арганізацыі ўразіў  парадкам і чысцінёй, што там пануюць. Гэта пры тым, што дрэваапрацоўка – адна з самых “брудных” у працэсе вытворчасці галін. І тым не менш, тут гэта не заўважаеш: не тое, што непатрэбнага кавалка драўніны ці кары – смецця, пылу, пілавіння не ўбачыш. Апошняе, зрэшты, тут проста не можа выкідвацца, як раней – цяпер, калі на прадпрыемстве наладзілі выпуск паліўных брыкетаў, якія ідуць на экспарт, гэта ўжо не адходы, а “залаты запас” прадпрыемства. Але і ўсё іншае – абрэзкі, кара, аполкі, невялікія кавалачкі піламатэрыялаў – тут складваецца ў спецыяльныя кантэйнеры і затым ці рэалізоўваецца насельніцтву ў якасці паліва, ці перапрацоўваецца тут жа на драўнінную шчапу, якая таксама прадаецца прадпрыемствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі – і не толькі ў нашым раёне, але і за яго межамі.
З цікавасцю пабывалі госці ў і новым офісе фермерскай гаспадаркі “Астравецкая” – раней на працягу васьмі гадоў, пакуль развівалі і нарошчвалі вытворчасць, яго адміністрацыя месцілася ў прыстасаваным памяшканні, можна сказаць, у адным кабінеце.Сённяшнія ж аб’ёмы і ўзровень даходаў дазволілі паклапаціцца і пра бытавыя ўмовы супрацоўнікаў. У новым офісе ёсць усё неабходнае для плённай работы: прасторныя і ўтульныя кабінеты, пакой для прыёму ежы, раздзявалкі, санітарныя блокі. Словам, сучасны офіс з наборам самых неабходных памяшканняў.
Закончылася пасяджэнне савета кіраўнікоў, як заўсёды, падвядзеннем вынікаў работы за чатыры прайшоўшыя месяцы года. Начальнік аддзела эканомікі А.В. Зорка ў сваёй інфармацыі паведаміў, што асноўныя прагнозныя паказчыкі, даведзеныя раёну на гэты год, паспяхова выконваюцца. Так, тэмп росту аб’ёмаў вытворчасці прамысловай прадукцыі ў супастаўных цэнах склаў да ўзроўню папярэдняга года 122,8 працэнта, павялічылі аб’ёмы ўсе прамысловыя прадпрыемствы. У два разы ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года вырас аб’ём знешняга гандлю – за тры месяцы ён склаў 1303,5 тысячы долараў ЗША. Прычым сальда знешняга гандлю таксама станоўчае: на экспарт адпраўлена прадукцыі на 466,5 тысячы долараў ЗША больш, чым закуплена па імпарту, прычым імпартаваліся ў асноўным абсталяванне і сыравіна, якой няма ў нашай краіне. Раён ажыццяўляе знешнегандлёвую дзейнасць з 12 краінамі свету, галоўнымі экспарцёрамі ў раёне з’яўляюцца кардонная фабрыка “Альхоўка” і  Астравецкі лясгас.
За прайшоўшыя месяцы на развіццё эканомікі раёна накіравана 734 мільярда рублёў інвестыцый – 108,8 працэнта да ўзроўню папярэдняга года. Палепшыўся і фінансавы стан арганізацый: у цэлым па раёну атрымана 5,1 мільярда чыстага прыбытку – 261,1 працэнта да ўзроўню папярэдняга года. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі павялічылася з 4,8 працэнта ў мінулым годзе да 5,5 працэнта ў гэтым.
Адзіны прагнозны паказчык, выкананне якога выклікае занепакоенасць, — гэта энергазберажэнне: ён склаў мінус 0,3 працэнта пры прагнозе мінус 6 працэнтаў. Не забяспечылі яго выкананне кардонная фабрыка “Альхоўка”, завод “Радыёдэталь”, ДРБУ-159, ПМС, СВК імя Гашкевіча, “Варняны”, “Гервяты”, саўгас “Падольскі” і некаторыя іншыя арганізацыі.
Падводзячы вынікі работы савета кіраўнікоў, старшыня райвыканкама А.Д. Кавалька нацэліў усіх яго членаў на безумоўнае выкананне прагнозных паказчыкаў і штодзённы, падрабязны аналіз сваёй дзейнасці – толькі тады яна будзе прыносіць станоўчы вынік. А таксама – на культуру вытворчасці і быту, бо гэта – неад’емная частка нашага жыцця.


Ніна АЛЯКСЕЕВА.