Старшыня Астравецкага райвыканкама А.Д. Кавалька адказаў на пытанні жыхароў раёна

17:43 / 23.05.2011

“Прамая лінія” са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Адамам Дзмітрыевічам Кавалькам, якая прайшла 11 мая, была не вельмі актыўнай – на яе паступіла сем пытанняў ад жыхароў Астраўца і раёна. Некаторыя задавалі свае пытанні загадзя, патэлефанаваўшы ў рэдакцыю, іншыя хацелі пагутарыць з Адамам Дзмітрыевічам асабіста і атрымаць адказ, што называецца, з першых вуснаў. Не ўсе просьбы і праблемы, якія ўздымаліся падчас “Прамой лініі”, былі задаволены, але на кожнае пытанне старшыня райвыканкама даў вычарпальны адказ.


Інвалід ІІ групы Станіслаў Данатавіч Лаўрыновіч з вуліцы Садовай у Астраўцы звяртаўся да старшыні райвыканкама ад імя ўсіх жыхароў паўднёвай часткі райцэнтра з просьбай: пабудаваць да так званага “вострава кахання” пешаходны мосцік. Такі ўжо існуе з боку царквы, калі ж з’явіцца яшчэ і з паўднёвага берага, то шлях жыхароў мікрараёна вуліцы Маркава да касцёла, царквы і ўвогуле ў цэнтр Астраўца значна скараціўся б.
—Будаўніцтва моста, нават пешаходнага і невялікага, аб якім просіць Станіслаў Данатавіч, — не такая простая і танная справа, як можа здацца на першы погляд: гэта складнае гідратэхнічнае збудаванне, якое павінна адпавядаць усім правілам бяспекі і тэхнічным патрабаванням. На сённяшні дзень у раёне шмат іншых неадкладных спраў, якія патрабуюць фінансавых уліванняў з бюджэту. А мост для таго, каб на пару соцень метраў скараціць шлях у цэнтр Астраўца жыхарам паўднёвай часткі райцэнтра, якія і так без праблем за лічаныя хвіліны могуць патрапіць і пешшу, і на аўтамабілі ў любую частку нашага невялікага гарадка, не з’яўляецца першачарговай задачай. Больш таго: у ім, на мой погляд, проста няма патрэбы.


Зоя Мікалаеўна Корзун з пасёлка Альхоўка патэлефанавала на “Прамую лінію, каб паведаміць аб праблеме, якая тычыцца не толькі яе, але і ўсіх жыхароў завулка Сасновы, дзе яна пражывае, і прымыкаючай да яго вуліцы Кветкавай. Гэта мікрараён прыватнай забудовы, і калі на ўсіх выдзеленых участках з’явяцца дамы і агароджы вакол іх, то завулак акажацца проста адрэзаным ад свету: дарогі да яго няма. Па праекту яна павінна быць, але на самой справе на гэтым месцы стаіць лес. Звароты да старшыні Міхалішкаўскага сельвыканкама выніку не далі, і жанчына вырашыла звярнуцца са сваім пытаннем да старшыні раённага выканаўчага камітэта.
Паколькі пытанне, што паставіла Зоя Мікалаеўна, патрабуе дадатковага вывучэння, Адам Дзмітрыевіч Кавалька даў даручэнне разабрацца ў сутнасці сітуацыі кіраўніку землеўпарадкавальнай службы раёна А.Б. Кухараву, начальніку аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Л.І. Лях і старшыні Міхалішкаўскага сельвыканкама Г.І. Часнойцю, вырашыць праблему і даць адказ Зоі Мікалаеўне і ў рэдакцыю “Астравецкай праўды”.


Ада Захараўна Прохарава з Астраўца ставіла пытанне ўборкі могілак, што знаходзяцца на выедзе на Гудагай. Так, з боку цэнтральнай дарогі стаяць кантэйнеры і смецце рэгулярна прыбіраюць, а вось з тыльнага боку могілак, ад дзіцячага садка №1 – сапраўдныя завалы смецця, якія ніхто не прыбірае.
Канешне, у дадзеным выпадку можна наракаць і на нядобрасумленнасць грамадзян, якія, прыбіраючы магілкі сваіх родных, выносяць смецце не ў спецыяльныя кантэйнеры, а туды, куды ім зручней і бліжэй – і тым самым засмечваюць прылягаючую тэрыторыю. Але тым не менш могілкі – святое месца, і парадак, за якім павінны сачыць камунальныя службы, там неабходна навесці. Таму Адам Дзмітрыевіч даў даручэнне загадчыку аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі В.Э. Сенюцю і дырэктару РУП ЖКГ А.Б. Стурлісу тэрмінова, да 21 мая, зняць праблему, аб якой паведамляла ў сваім тэлефанаванні Ада Захараўна.


Г.І. Бужымскі з пасёлка Альхоўка, які ўсё свядомае жыццё працаваў на фабрыцы Альхоўка і актыўна займаўся спортам, уздымаў у сваім тэлефанаванні пытанне развіцця фізкультурна-спартыўнага жыцця ў раёне, якое, па яго меркаванню, зараз знаходзіцца ў правале. Раней яно кіпела, толькі хакейных каманд было сем, а зараз – цішыня. Якія меры гатова прадпрыняць выканаўчая ўлада раёна, каб вывесці з правалу спартыўнае жыццё раёна – аб гэтым пытаўся ў старшыні раённага выканаўчага камітэта ветэран працы з Альхоўкі.
Пытанне Г.І. Бужымскага і яго ацэнка стану фізкультурна-спартыўнай работы ў раёне як правальнага выклікае, мякка кажучы, здзіўленне. Таму што ўсе факты — вынікі выступленняў нашых спартсменаў на розных абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, узведзеныя ў раёне ў апошні час  аб’екты, выдзеленыя з раённага бюджэту сродкі на развіццё фізкультуры, колькасць людзей, якія займаюцца спортам, насычанасць раённага спартыўнага календара рознымі спаборніцтвамі сведчаць якраз аб адваротным: у апошні час спартыўнае жыццё ў раёне развіваецца вельмі актыўна, і ў многім дзякуючы менавіта той асаблівай увазе, якую надае гэтаму пытанню раённая выканаўчая ўлада. Можна ўзгадаць і Гервяцкі фізкультурна-аздараўленчы комплекс, які ўжо быў прыйшоў заняпад і толькі дзякуючы раённым уладам набыў новае і вельмі насычанае жыццё – сённяшні яго стан дазваляе праводзіць тут спаборніцтвы самага высокага ўзроўню – што, дарэчы, і адбываецца. І першую спартыўную залу ў Астраўцы, якая ніколі не пустуе. І абуладкаваныя спартыўныя пляцоўкі ў вёсках раёна – у Падольцах, Кямелішках, Малях. Нашы спартсмены, выхаванцы астравецкіх трэнераў, паказваюць высокія вынікі на ўсіх спаборніцтвах КХЛ, лепшыя з іх уваходзяць у склад зборных каманд вобласці і рэспублікі – і гэта таксама вынік насычанага спартыўнага жыцця раёна.
Што тычыцца хакея, пра які ўзгадвае Г.І. Бужымскі, то ў якім жа ён “правале”, калі дзве дзіцячыя хакейныя каманды Астраўца – старэйшая і малодшая – у мінулым годзе сталі чэмпіёнамі вобласці? А ў нас жа пакуль няма лядовых палацаў, як у іншых гарадах, і трэніруюцца рабяты на адкрытай хакейнай пляцоўцы – якая, да слова сказаць, мінулым летам была капітальна адрамантавана і адноўлена зноў жа дзякуючы намаганням райвыканкама і падтрымцы прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Сёлета астравецкія юныя хакеісты перамаглі ў абласным спаборніцтве “Каласок” і сталі трэцімі ў рэспубліцы – ці ж гэта не вынік? Для іх трэніровак і адпачынку гараджан  гэтай зімой замест ранейшай адной лядовай пляцоўкі ў Астраўцы было абуладкавана дзве – з асвятленнем, агароджай і г.д., і яны ніколі не пуставалі. Дастаткова сказаць, што самым папулярным дзіцячым падарункам гэтай зімой сталі канькі і лыжы. А ў каго іх няма, той мог узяць спартыўны інвентар – дарэчы, таксама набыты за сродкі раённага бюджэту — на пракат у раённым фізкультурна-спартыўным клубе – і жадаючых было хоць адбаўляй. Дык які ж гэта заняпад фізкультурнага жыцця? Да слова сказаць, на правядзенне фізкультурна-масавых мерапрыемстваў і падтрыманне ў належным стане аб’ектаў спартыўнай сферы – без уліку буйных будоўляў – з раённага бюджэту штогод выдзяляецца па 700-800 мільёнаў рублёў – і гэта сапраўдны, а не на словах, клопат мясцовай улады пра развіццё фізкультуры і спорту ў раёне.
Зразумела, што ветэранам часта здаецца, што ў час, калі яны былі маладыя, усё было лепшым — нават цукар саладзейшы і вада макрэйшая. Але ж трэба аб’ектыўна, непрадузята ацэньваць стан спраў.
Жыхары чацвёртага пад’езда дома №47 па вуліцы Валадарскага скардзіліся, што іх пад’езд – адзіны, дзе першапачаткова, пры будаўніцтве дома, не ўстаноўлена батарэя ацяплення, і наступныя звароты да розных кіраўнікоў ЖКГ выніку не далі, усё абмяжоўвалася абяцаннямі. А між тым у гэтым пад’ездзе з-за адсутнасці ацяплення існуюць вялікія страты цяпла, зімой у кватэрах холадна.
Старшыня райвыканкама даў даручэнне дырэктару РУП ЖКГ А.Б. Стурлісу устанавіць у вышэйзгаданым пад’ездзе батарэю ацяплення да 1 верасня і даць адказ жыхарам і рэдакцыі газеты “Астравецкая праўда”.


Іван Іванавіч Савіцкі з Астраўца ў сваім тэлефанаванні гаварыў аб тым, што на чыгуначнай станцыі “Гудагай” аўтобусны прыпынак знаходзіцца далекавата ад вакзала – а, між тым, няма ніякай складанасці, каб перанесці яго бліжэй для зручнасці пасажыраў.
А.Д. Кавалька даручыў свайму намеснику В.М. Аксютчыку, дырэктару аўтапарка А.В. Жуку і старшыні Гудагайскага сельвыканкама М.І. Безляповіч разабрацца ў сітуацыі і па магчымасці задаволіць просьбу пасажыраў.


Іосіф Іосіфавіч Сакалоўскі з Варнян  патэлефанаваў на “Прамую лінію”, каб паставіць праблему, якая хвалюе ўсіх жыхароў вёскі. Справа ў тым, што  могілкі ў гэтым населеным пункце даўно патрабуюць пашырэння. Для гэтага быў выдзелены ўчастак зямлі і нават абгароджаны. А пасля высветлілася, што  на гэтым участку ляжыць кабель сувязі і праводзіць земляныя работы – а значыць, хаваць нябожчыкаў — там нельга. Іосіф Іосіфавіч прасіў старшыню райвыканкама разабрацца ў сітуацыі і дапамагчы ў яе вырашэнні.
Адам Дзмітрыевіч Кавалька параіў жыхарам Варнян звярнуцца з гэтай праблемай у райвыканкам з пісьмовай заявай і паабяцаў дапамагчы ў вырашэнні ўзнікшага пытання.


На “Прамой лініі”  дзяжурыла Ніна РЫБІК.