Тыдзень postfactum: шматкроп'і...

14:33 / 11.05.2011
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

СЛЁЗЫ ПЕРАМОГІ...

З гэтага года Грузія адзначае Дзень перамогі 8 мая…
“Як і ўвесь цывілізаваны свет”, -- заўважыў міністр замежных спраў каўказскай рэспублікі адразу пасля ўскладання кветак да магілы невядомага салдата.
На самой справе акт аб капітуляцыі Германіі быў падпісаны 7 мая 1945 года. Аднак уступіў у сілу ў 23.01 8 мая. У Маскве, як і ў Тбілісі, да гэтага часу ўжо пайшлі суткі новага, знамянальнага для кожнага з нас дня 9 мая. Слёзы Перамогі, залпы салютаў былі менавіта 9-га. І ў памяці ветэранаў, усіх, каму пашчасціла перажыць вялікую вайну, урачыстым стаў менавіта гэты дзень .
Пры чым тут “цывілізаваны свет”?
У Літве 9 мая ўвогуле адзначылі “Дзень Еўропы”.
Былы нацыянальны лідар Літоўскай рэспублікі Вітаўтас Ландсбергіс з гэтай нагоды адзначыў: “Гэты дзень (9-е мая – Э.С.) – штучнае вынаходніцтва Сталіна для таго, каб аддзяліць перамогу Савецкага Саюза, як вырашальную, ад перамогі дэмакратычных саюзнікаў”.
Вось так…
А ва ўкраінскім Львове 9 мая перад будынкам гарадской адміністрацыі спалілі чырвоны Сцяг Перамогі…
Як заўважыў адзін з карыстальнікаў internet – праўда, з іншай нагоды – “у народа канкрэтна знесла “дах” на падставе палітыкі”.
Quo vadis?, панове дэмакраты…
Беларусь святкавала Дзень Перамогі 9 мая. У сучасным святочным календары гэта бадай што адзіная дата, значэнне якой у нашым грамадстве не аспрэчваецца нікім. Менавіта таму на вуліцы гарадоў і вёсак, як заўсёды, выйшлі сотні тысяч людзей.
На жаль, з кожным годам свята адзначае ўсё менш ветэранаў. Толькі за мінулы год іх рады скараціліся на 6 600 чалавек. Сёння побач з намі засталося крыху больш за 35 тысяч удзельнікаў самай страшнай вайны мінулага стагоддзя. З амаль што паўтара мільёна тых, хто 70 год таму адстаяў нашу свабоду.



ТЭРАРЫЗМУ КАНЕЦ?..

Амерыканцы паквіталіся за тэрарыстычную атаку на вежы- блізняты 11 верасня 2001 года. Амаль адзінаццаць гадоў ішло паляванне на тэрарыста №1. Беспаспяховыя спробы выявіць хоць бы месцазнаходжанне Усамы Бін Ладэна міжволі пасеялі сумненні ў верагоднасць суду справядлівасці. Аднак на мінулым тыдні прэзідэнт ЗША Барак Абама ўрачыста паведаміў: галоўны тэрарыст свету знішчаны.
Па вялікаму рахунку ўсё правільна – зло павінна быць пакарана. Толькі чаму такі горкі прысмак у гэтай навіны?
Ці не таму, што падзеі разгортваліся, нібы па галівудскаму сцэнарыю і ўвогуле не пакідала ўражанне прысутнасці на прэм’еры захапляючага шоу?
Вось вышэйшы савет на чале з прэзідэнтам у рэжыме on-line выратоўвае свет…
Вось народныя гулянні на вуліцах, сувеніры і майкі з выявай нядаўняга ворага…
Свецкі банкет, на якім прысутнічаюць “вяршкі” грамадства і авацыяй вітаюць лідара нацыі… Маляўнічыя апісанні самой аперацыі…
Пытанні сталі ўзнікаць літаральна на наступны дзень. Але адказы на іх яшчэ больш усё заблыталі…
Нябожчыка паспяшаліся пахаваць у дзень забойства, фотаздымкаў ці якіх іншых доказаў знішчэння тэрарыста грамадскасці не прад’явілі…
Не так гладка, як паведамлялася напачатку, было ўсё і падчас дзеянняў спецназа. Як высвелілася, Бін Ладен супраціўлення не аказваў, жанчынамі не прыкрываўся і з “Калашнікава” не адстрэльваўся.
Больш таго, па некаторых звестках, апошнім часам увогуле ён адышоў ад спраў і сваім дзецям адпісаў не служыць джыхаду.
Канешне, гэта не робіць з лідара Аль Каіды анёла... І ўсё ж…



НЕ НАШ ДЗЕНЬ...

Што і казаць, усе мы спадзяваліся на паспяховае выступленне нашай хакейнай зборнай на чэмпіянаце свету. У месца на п’едэстале, канешне, верылі хутчэй з пачуцця нацыянальнай гордасці, аднак імёны Грабоўскага, Касціцына, Мезіна, Угарава пасялялі ў сэрцах надзею на паспяховую, прынамсі, дастойную гульню зборнай...
Зараз аматары хакея толькі цяжка ўздыхаюць. Дзякуй Богу, месца ў эліце зборная захавала, аднак літаратурных слоў для ацэнкі гульні нашых хакеістаў, як і эмоцый з гэтай нагоды, проста не засталося. Гэта было не наша свята жыцця…