Тыдзень postfactum: хронікі вайны і "сенсацый"

08:49 / 13.04.2011
8146
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

Вогненны Усход

Пакуль на зямлі “бадаюцца” прыхільнікі і праціўнікі Кадафі, з неба за ўсім, што адбываецца на лівійскай зямлі, пазіраюць “вышэйшыя” сілы – авіяцыя НАТА. Час ад часу б’юць нават па сваіх. Гэта значыць – па апазіцыі. Тыя крыўдзяцца – маўляў, мы ж вас папярэджвалі, што паедзем па гэтай дарозе! “Натаўцы” няўцямна паціскаюць плячыма: хто вас разбярэ — усе на адзін твар. Праўда, прабачэння просяць.
Выдаткі вайны, дзе, як і ў лесе, трэскі ляцяць у розныя бакі…
І ўсё ж дзіўна неяк атрымліваецца. Як можна заклікаць да акупацыі сваёй радзімы, супрацоўнічаць з акупантамі – і пры тым прэтэндаваць на прыстойнасць і справядлівасць?! Дзякуй Богу, што 60 гадоў таму здраднікі былі здраднікамі, а не змагарамі з рэжымам.
Плошча Тахрыр у егіпецкай сталіцы зноў у цэнтры ўвагі сусветных інфармацыйных агенцтваў.
Адносны спакой у Егіпце, як і прагназавалася, скончыўся вельмі хутка. Пятнічнае выступленне апазіцыі, якая цяпер патрабуе звяржэння часовай улады, што была ўсталявана пасля выгнання Хосні Мубарака, было жорстка разагнана нацыянальнымі ўзброенымі сіламі, вернымі вышэйшаму ваеннаму савету – вярхоўнаму органу ўлады ў краіне.
Нагадаем, што падчас мінулага процістаяння апазіцыі і ўлады арміі ўдалося захаваць нейтралітэт і тым самым заваяваць сімпатыі ўдзельнікаў маніфестацый. Пасля апошніх падзей мірнаму суіснаванню арміі і апазіцыі, па ўсім відаць, прыйшоў канец.
Разгараецца сацыяльны пажар у Сірыі і Йемене. У выніку сутыкненняў на мінулым тыдні пацярпелі сотні людзей. Ёсць ахвяры.
Тым часам на мяжы сацыяльнай катастрофы апынуўся італьянскі востраў Лампедуза ў Міжземным моры — бліжэйшы ад “вогненнага ўсходу” фарпост Заходняй Еўропы. За кароткі час насельніцтва вострава павялічылася ледзь не ў тры разы за кошт бежанцаў з Паўночнай Афрыкі. Урад Берлусконі захоўваў талерантнасць і суперажыванне да мігрантаў нядоўга. На мінулым тыдні італьянскі прэм’ер заявіў, што ўсе нелегалы будуць дэпартаваны на радзіму.
Еўропа пачынае збіраць плады сваёй неабдуманай палітыкі на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы.
Пабачым, наколькі паспяховай будзе спроба запіхнуць назад у бутэльку так неабачліва выпушчанага з яе джына…



А суддзі хто?

Падобна на тое, што Захад вырашыў абвінаваць Беларусь у здзяйсненні ўсіх мажлівых і немажлівых грахоў: пастаўка ўзбраення ў Кот-д’Івуар, “фінансаванне” Ірана, абмежаваны ваенны кантынгент ў Лівіі…
А ў апублікаваным 8 красавіка штогадовым дакладзе дзярждэпартаменту ЗША аб стане правоў чалавека ў розных краінах свету ў раздзеле, прысвечаным Беларусі, даслоўна гаворыцца наступнае: “Урад Беларусі па-ранейшаму перашкаджае альбо не дазваляе дзейнічайць рэлігійным групам, якія не адносяцца да Беларускай праваслаўнай царквы. Праяўлялася дыскрымінацыя ў адносінах асоб з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, цыган, этнічных і сексуальных меншасцяў, асоб з ВІЧ/СНІД і тых, хто імкнуўся карыстацца беларускай мовай”.
Каменціраваць гэта бязглуздае трызненне няма ніякага жадання. Адно незразумела: хто ж “зліў” заакеанскім дабрадзеям такую “каштоўную” інфармацыю? Самі б яны да гэтага не “датумкалі”.
Слаба суцяшае толькі тое, што кампанію Беларусі сярод еўрапейскіх краін, дзе становішча з правамі чалавека “найбольш складанае”, склалі Расія і Украіна. У адносінах да апошняй было адзначана, што пагаршэнне сітуацыі стала назірацца з 2010 года. Інакш кажучы, пасля выбрання прэзідэнтам краіны чалавека, які не прытрымліваецца безумоўнай палітычнай арыентацыі выключна на Захад.
Затое ні слова ў дакладзе аб прыбалтыйскіх краінах з іх вечнай праблемай рускамоўнага насельніцтва; Францыі, якая мінулым летам адзначылася дэпартацыяй цыган; і саміх ЗША са сваім сумнавядомым лагерам Гуантанама, у якім без суда ўтрымліваюцца тысячы людзей.
Увогуле ў спісе выключна тыя краіны, якія яшчэ не трапілі пад татальны кантроль ЗША.



Даеш сенсацыю!

Хочацца добрых навін. А імі сродкі масавай інфармацыі апошнім часам нас не песцяць. “Нябожчык” на вокладцы, прадказанні хуткага апакаліпсісу трывала занялі першыя месцы ў рэйтынгу папулярнасці. Мы ж паслухмяна глытаем усё, што нам падсунуць.
Адзін з загалоўкаў мінулага тыдня: “Авария на АЭС «Онагава»: началась радиоактивная утечка”.
З улікам апошніх падзей у Японіі загаловак, што і казаць, зусім не суцяшальны. Чытаю далей: “В результате нового землетрясения на АЭС «Онагава», расположенной в префектуре Мияги, произошла небольшая утечка радиоактивной воды из бассейнов для хранения стержней отработавшего ядерного топлива на первом и втором реакторах. За пределы бассейна для охлаждения топливных стержней в здании второго реактора вылилось 3,8 литра радиоактивной воды”.
Калі перакласці ўсё гэта на зразумелую мову — з пасудзіны на падлогу выплюхнулася паўвядра вады. Ваду сабралі і ўтылізавалі. Уся аварыя. Затое якая падача матэрыялу!

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений