Тыдзень postfactum: з нагоды і без

09:29 / 06.04.2011
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

Дзіўная вайна

Вайна ў Лівіі паступова набывае рысы не дужа займальнага тэлевізійнага шоу. Нічога падобнага мы не бачылі ні ў былой Югаславіі, ні ў Афганістане, ні ў Іраку. Вайна нібыта ідзе, бакі, якія супрацьстаяць адзін аднаму, рэгулярна заяўляюць аб чарговых перамогах, а адпаведнай тэлевізійнай карцінкі штосьці не бачна. Месца ў кадры трывала занялі маніфестанты. Адны крычаць аб вернасці лідару джамахерыі, другія з не меншым імпэтам страляюць у паветра з таго, што ёсць, і выказваюць гатоўнасць аддаць жыццё за свабоду. Праўда, выконваць абяцанае не спяшаюцца. Наперад ідуць толькі пад акампанемент авіацыі заходняй кааліцыі, а ледзь толькі неба пусцее, гэтак жа хутка, нібы з работы, вяртаюцца дадому на вячэру і адпачынак. Дзіўная вайна, інакш і не скажаш.



Цана легкадумства

А вось у Афганістане сапраўды адбылася крывавая драма. Ашалелы натоўп напаў на місію ААН у горадзе Мазары-Шарыф. Загінула 8 супрацоўнікаў місіі. 12 атрымалі раненні.
2 красавіка нападзенню падверглася місія ААН у Кандагары. І зноў не абышлося без ахвяр.
Насіллю не можа быць апраўдання. Здзіўляе, аднак, што ў агульным і справядлівым асуджэнні таго, што здарылася ў Афганістане, не пачулася нават нясмелага голасу ў асуджэнне тых, хто сваімі дзеяннямі абразіў мільёны людзей і, па сутнасці, справакаваў насілле.
Амерыканскі пратэстанцкі пастар Уэйн Сапп у прысутнасці другога пастара Тэры Джонса – таго самага, які яшчэ ў мінулым годзе меў намер публічна спаліць Каран, але адмовіўся ад задуманага пад націскам грамадскасці, усё ж ажыццявіў акт вандалізму. А затым цынічна заявіў, што не нясе адказнасці за тое, што адбылося ў Афганістане.
Яшчэ Рэдзьярд Кіплінг заўважыў “Захад ёсць Захад, Усход ёсць Усход – і з месцаў яны не сыйдуць…” Мы вельмі розныя. Тое, што для Захаду – норма, увасабленне свабоды і дэмакратыі, для Усходу — смяротны грэх. Не разумець гэтага, не надаваць значэння – і легкадумна, і небяспечна.



Gorby

“Архітэктар” перабудовы, былы генеральны сакратар ЦК КПСС, першы і апошні прэзідэнт СССР Міхаіл Сяргеевіч Гарбачоў адсвяткаваў сваё 80-годдзе. Сённяшнія і былыя лідары на постсавецкай прасторы з гэтай нагоды адзначыліся дзяжурнымі і не дужа цёплымі віншаваннямі.
Чаго не скажаш пра палітычных дзеячаў Заходняга свету. У Лондане ў Каралеўскім Альберт- Холле наладзілі пышнае і пампезнае святкаванне юбілею Gorby. Пысутнічалі “вяршкі” грамадства. Словы ўдзячнасці выказалі галівудскія зоркі Арнольд Шварцэнегер, Міла Йовавіч, Шэран Стоўн, былы прэзідэнт Польшы Лех Валенса…
Падчас урачыстасці Гарбачова называлі чалавекам стагодзя, асобай, якая змяніла свет. Яму прабачылі тое, што ў гады праўлення ставілі ў віну: замоўчванне Чарнобыля, крывавыя падзеі ў Вільнюсе і Нагорным Карабаху.
У сябе ж на радзіме Гарбачоў так і застаўся незразуметым. Многія менавіта яму прыпісваюць развал Саюза, карткі і талоны, тысячы ахвяр міжнацыянальных канфліктаў, разруху, у якой апынулася некалі вялікая краіна.
Адзінае, чаго нельга аспрэчыць, – гэта тое, што ён сапраўды змяніў свет. Да лепшага ці да горшага — у кожнага на гэты конт сваё меркаванне.



Радовішча санкцый

Амерыканскі дзярждэпартамент агучыў новае абгрунтаванне ўведзеных санкцый у адносінах да “Белнафтахіму”.
Да апошняга часу гэты крок тлумачыўся нібыта фінансавай падтрымкай канцэрнам “беларускага рэжыму”. Па ўсім відаць, дадзеныя высновы былі настолькі бязглуздымі, што спатрэбіліся новыя, больш рацыянальныя тлумачэнні. На гэты раз у віну “Белнафтахіму” пастаўлена супрацоўніцтва з Іранам. Гаворка ідзе аб сумесным беларуска-іранскім праекце распрацоўкі нафтавага радовішча Джафейр. Кошт праекта – 500 мільёнаў долараў. Аднак, згодна з амерыканскім заканадаўствам, у эканоміку Ірана можна інвеставаць не больш чым 20 мільёнаў. Вось і ўвесь “грэх”.
Падобным чынам амерыканцы змагаюцца з іранскай ядзернай праграмай. Якая, на іх думку, фінансуецца за кошт нафтавых праектаў.
Суцяшае толькі тое, што да “Белнафтахіму” дэмакратычным рэпрэсіям з боку ЗША падвергліся такія сусветныя гіганты, як Total (Францыя), Statoil (Нарвегія), ENI (Італія), Royal Dutch Shell (Нідэрланды) і INPEX (Японія).
Праўда, як патлумачыў пасол Ірана ў Беларусі, фінансаванне распрацоўкі радовішча Джафейр ажыццяўляецца выключна іранскім бокам, а Беларусь ажыццяўляе толькі тэхнічную падтрымку праекта. На яго думку, ЗША павінны папрасіць у Беларусі прабачэнне за нічым неабгрунтаваныя санкцыі.
Хутчэй снег у ліпені выпадзе…



Вікторыя Вікторыі

Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка стала пераможцай прадстаўнічага турніру ў Маямі! У фінале спаборніцтва наша Віка ў выдатным стылі перайграла сваю прынцыповую саперніцу – дарэчы, таксама з беларускімі каранямі – расіянку Марыю Шарапаву. Гэта ўжо шостая буйная перамога ў спартыўнай кар’еры Вікторыі – і, без сумненняў не апошняя!